Воін, настаўнік, грамадзянін

- 16:50Людзі адукацыі, Рознае

У 2014 годзе Міхаілу Фёдаравічу Раманоўскаму споўнілася б 90 гадоў. Прайшоўшы праз полымя і дым вайны, ён потым самааддана працаваў, аддаў усе сілы выхаванню падрастаючага пакалення.

Нарадзіўся Міхаіл Раманоўскі ў вёсцы Пагост былога Тураўскага раёна былой Палескай вобласці (сёння Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці). Ён рос у вялікай сялянскай сям’і. У яго бацькоў — Фёдара Рыгоравіча і Марты Лаўрэнцьеўны — было шасцёра дзяцей: ён, малодшы брат Іван і чатыры сястры. Старэйшыя дапамагалі бацьку і маці па гаспадарцы, працавалі разам з імі ў полі, займаліся нарыхтоўкай сена. Тым не менш дзяцінства, як і юнацтва, было галодным і цяжкім. Бацькі давалі жыццёвыя ўрокі цярплівасці і вялікай працавітасці. І дзеці, беручы прыклад з бацькоў, не толькі добра працавалі, але і старанна вучыліся. У 1941 годзе Міша паспяхова скончыў 9 клас Азяранскай сярэдняй школы.
Мірны шлях Міхаіла перарваўся нечакана: пачалася вайна. Сорак першы… Дзень 22 жніўня 1941 года стаў чорным днём для сялян і іх вёскі Пагост. Спачатку фашысты адкрылі агонь з бранякатараў, якія з’явіліся на Прыпяці. Потым падпалілі вёску з усіх бакоў і пачалі бязлітасна забіваць усіх, хто трапляўся на шляху, — жанчын, дзяцей, старых. У іх ліку была і маці Міхаіла, Марта Лаўрэнцьеўна. Яна выбегла з клункам з ежай для дзяцей з хаты, якая гарэла, і адразу ж трапіла пад агонь карнікаў. Тых, хто не паспеў схавацца, зганялі да будынка дзіцячых ясляў і расстрэльвалі. Забітых сцягнулі ў яслі, абклалі саломай і падпалілі.
Вёска згарэла амаль уся, уцалелі толькі адзіночныя гаспадарчыя пабудовы ды некалькі хат на ўскраіне. Міхаіл з братам і сёстрамі выратаваліся ад непазбежнай смерці, бо паспелі дабегчы да летняй пашы за вёскай і схавацца ў нізіне.
Вярнуліся на пажарышча. Жах, боль і гнеў, імкненне помсціць нелюдзям перапаўнялі сэрца Міхаіла. На плечы 17- гадовага юнака лёг клопат пра блізкіх. Перш за ўсё трэба было дзесьці знайсці прытулак. Разам з сёстрамі Надзяй і Соняй і з дапамогай суседзяў, якія спачувалі сіроцкай сям’і, пабудавалі зямлянку, у якой пасяліліся ў кастрычніку. У іх, як і ў іншых жыхароў вёскі, якія выратаваліся, пачаўся новы перыяд існавання, а дакладней, выжывання. Дзеці-рабацягі, абдзеленыя радасцямі паўнацэннага дзяцінства. Перажыўшы вайну, яны назаўсёды засталіся падранкамі. У свой час Святлана Алексіевіч напісала: “У вайны не жаночае аблічча”. Гэта так. Толькі думаецца, што ў вайны ўвогуле няма аблічча.
Міша шукаў спосаб, як адпомсціць фашыстам, якія прынеслі гора, слёзы, няшчасце. У гэтым пошуку яму дапамог палітрук Васіль Іванавіч Прасолаў, які апынуўся ў Пагосце.

Уканцы 1942 года 18-гадовы Міхаіл з групай аднавяскоўцаў пайшоў у партызанскі атрад. З 1943 года змагаўся ў Лельчыцкім, потым — у асобным Тураўскім атрадзе “За Радзіму”, камандзірам якога быў ужо згаданы В.І.Прасолаў, камісарам — пагасчанін П.І.Тарасюк. Пералічваць баявыя дзеянні партызан можна доўга. Аб гэтым шмат напісана і расказана. У гады вайны яны знішчылі нямала фашыстаў, паліцаяў, прыкладалі максімум намаганняў для абароны мясцовага насельніцтва, якое дапамагала партызанам чым магло. Як узгадваў Міхаіл Фёдаравіч, самым цяжкім было чаканне бою, голад і мароз. Не хапала адзення, харчавання, зброі і боепрыпасаў. Баявы вопыт народныя мсціўцы набывалі цаной цяжкіх страт. Да таго ж трэба было клапаціцца пра малалетняга брата Ваню, які знаходзіўся ў зоне дзеяння атрада “За Радзіму”.
У захаваных дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь радавы Міхаіл Раманоўскі з партызанскага атрада “За Радзіму” характарызуецца камандзірамі як шчыры і старанны таварыш, смелы, ініцыятыўны і кемлівы партызан, верны прысязе:
“Я клянуся, што ніколі не выдам свайго атрада, сваіх камандзіраў, камісараў і таварышаў-партызан, заўсёды буду берагчы партызанскую тайну, калі гэта нават будзе каштаваць мне жыцця. Я буду да канца жыцця верны сваёй Радзіме. Калі я парушу гэтую свяшчэнную партызанскую прысягу, то няхай мяне спасцігне суровая партызанская кара”.
1-га студзеня 1944 года атрад “За Радзіму” ў складзе 194-х партызан аб’яднаўся з часцямі Чырвонай Арміі, якая наступала. Спачатку Міхаіла накіравалі ў вучэбны батальён, пасля чаго ён змагаўся ў войсках 3-га Украінскага фронту. Удзельнічаў у бязлітасных баях за Будапешт, за горад Капашвара. Аб тым, як змагаўся, сведчаць яго баявыя ўзнагароды: ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль “За адвагу”, медаль “За ўзяцце Будапешта”, медаль Жукава і іншыя. 9 мая сустрэў у Югаславіі. Да сакавіка 1947 года служыў у складзе Паўднёвай групы савецкіх войскаў у Румыніі радавым 78-га гвардзейскага механізаванага палка.

Пасля дэмабілізацыі ў галаве ўжо дарослага чалавека, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваеннага ліхалецця, былі думкі: як жыць далей, дзе вучыцца і, галоўнае, кім стаць у жыцці? Міхаіл потым узгадваў, што доўгіх ваганняў у выбары прафесіі, якой потым прысвяціў сваё жыццё, у яго не было. Вырашыў стаць настаўнікам: на кароткім жыццёвым шляху юнака гэта былі самыя паважаныя людзі.
Міхаілу прыйшлося экстэрнам зда ць экзамены за 10 клас. Працаваў піянерважатым, а пасля заканчэння Мазырскага настаўніцкага інстытута — настаўнікам, з 1954 года — дырэктарам сярэдняй школы ў Тураве. Адначасова працягваў навучанне на завочным аддзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. У 1958 годзе з сям’ёй пераехаў у Столінскі раён Брэсцкай вобласці, быў дырэктарам Рубельскай сярэдняй школы. З 1961 года — дырэктарам столінскай сярэдняй школы № 1 (цяпер гімназія). Нялёгкімі былі дырэктарскія гады. Можна без перабольшання сцвярджаць, што гэта была падзвіжніцкая, самаадданая дзейнасць, накіраваная на дасягненне пастаўленых мэт.
Хутка не толькі ў горадзе, але і ў раёне за школай замацавалася назва “Новая школа”. Яна захоўвалася і пасля таго, як у Століне былі пабудаваны яшчэ дзве сярэднія школы — № 2 і № 3. Школа была “новай” у сапраўдным наватарскім сэнсе гэтага слова. І заслуга ў гэтым у першую чаргу дырэктара.
Міхаіл Фёдаравіч галоўную ўвагу ўдзяляў фарміраванню добра арганізаванага, згуртаванага калектыву аднадумцаў, разумных, таленавітых людзей, здольных не толькі даваць веды, але і пакінуць у душы кожнага з вучняў “пачуццё роднага дома”. У размовах з калегамі, на нарадах, семінарах нязменна падкрэсліваў, як важна, акрамя сур’ёзных і глыбокіх ведаў, атрымаць яшчэ ўрокі павагі, дабра і высакароднасці, каб, выходзячы ў вялікае жыццё, школьнікі мелі маральны багаж, імкненне быць асобай.
Асаблівую ўвагу мудры кіраўнік удзяляў маладым настаўнікам, падбадзёрваў іх, даваў карысныя метадычныя парады, зараджаў іх творчай энергіяй — словам, як сёння кажуць, ствараў пазітыў. Пры гэтым на ўласным прыкладзе выкладання гісторыі і грамадазнаўства паказваў, як трэба праводзіць урок, вылучаць ключавыя ідэі тэмы і раскрываць іх. Ён не павучаў, а проста вёў за сабой у глыбіні гістарычных падзей, у свет думак і захапленняў. Ён далікатна, настойліва, метадычна ствараў вобраз настаўніка-выхавальніка. Гаварыў, што настаўнік — гэта не толькі той спецыяліст, які трансліруе веды, гэта высокая місія стварэння асобы. І невыпадкова, што ў 2006 годзе педагогамі школы працавалі 15 выпускнікоў М.Ф.Раманоўскага.

Партрэт Міхаіла Фёдаравіча як чалавека і кіраўніка быў бы няпоўным, калі не расказаць пра яго грамадскую работу, якой ён аддаваў шмат прафесійных ведаў, часу і энергіі. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Столінскага гарадскога і раённага саветаў дэпутатаў, на працягу многіх гадоў быў старшынёй гарадскога Савета ветэранаў вайны. У часы дэфіцыту клапаціўся, каб ветэраны маглі набыць неабходныя прадукты, хадайнічаў аб аказанні дапамогі тым, хто меў патрэбу ў лячэнні. Як успамінаюць калегі і выпускнікі школы, асабліва абураўся, не знаходзіў сабе месца, калі бачыў на рынку спекулянтаў, якія нахабна, цынічна гандлявалі баявымі ўзнагародамі тых, хто заслужыў іх на крывавых дарогах вайны. У размовах са школьнікамі падкрэсліваў: любы чалавек павінен дакладна ўсведамляць, што ёсць рэчы, якія рабіць нельга. Ніколі, ні пры якіх умовах.
Энтузіяст ваенна-патрыятычнага выхавання М.Ф.Раманоўскі клапаціўся аб тым, каб школьнікі станавіліся годнымі памяці загінуўшых у барацьбе з ворагам. Гэтаму спрыялі традыцыйныя сустрэчы з ветэранамі вайны, факельныя шэсці ў памяць ахвяр фашызму, ваенна-спартыўныя гульні сярод старшакласнікаў, паходы па месцах баявой славы і г.д. Надоўга запомнілася гараджанам і вучням урачыстая сустрэча з воінамі-вызваліцелямі Століна, якія прыехалі з розных куткоў краіны. Падчас сустрэчы Міхаіл Фёдаравіч пазнаў аднапалчаніна Пятра Іванавіча Крэмнева, які жыве ў Нара-Фамінску Маскоўскай вобласці. Яны плячо ў плячо змагаліся за вызваленне Будапешта. Уся школа ведала, што ў гады вайны дырэктар прыйшоў у партызанскі атрад, калі яму не было і васямнаццаці. Аднак ён не падкрэсліваў гэта. “Усё было ў меру, — успамінае выпускнік школы, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар М.І.Кулак. — Міхаіл Фёдаравіч лічыў, што лепшыя чалавечыя якасці патрэбна праяўляць тут і зараз. Я думаю, што многія сотні яго вучняў менавіта за такія ўрокі яму ўдзячны і памятаюць яго як настаўніка”.
Захаваліся дзясяткі ганаровых грамат ад розных арганізацый і ўстаноў, у якіх адзначаюцца заслугі Міхаіла Фёдаравіча Раманоўскага ў навучанні і выхаванні школьнікаў, у тым ліку Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР. Дасягаць добрых вынікаў у рабоце, пераадольваць цяжкасці на жыццёвым шляху яму нязменна дапамагала жонка — надзейны сябар і дарадца Людміла Іванаўна, выкладчыца рускай мовы і літаратуры.
Зямны шлях Міхаіла Фёдаравіча скончыўся 23 верасня 2006 года. Але працягваецца справа, якой ён самаахвярна служыў, жыве светлая памяць аб воіне і настаўніку. Ён з намі. Сваімі справамі. Усёй сваёй неспакойнай, адкрытай людзям душой.

 

Іван РАМАНОЎСКІ,
прафесар БДУ.