Воіны святла

- 14:24Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Якое шчасце, што яны яшчэ жывуць побач з намі. Светлыя, смелыя, дужыя духам воіны, якія ў смяротнай вайне са злом вярнулі свету мір і скрадзеныя мары.
Сёння іх вялікія сэрцы ўпрыгожваюць баявыя ордэны і медалі, і за кожнай узнагародай — бой, боль, страты… Толькі яны ведаюць, наколькі высокай была цана Перамогі, і ўсе пасляваенныя гады ім давялося жыць з памяццю пра таварышаў, якія загінулі на палях бітваў. А таму іх радасць ад Вялікай Перамогі назаўсёды адценена сумам.
Воіны не любяць высокіх слоў пра патрыятызм. Аднак менавіта любоў да Радзімы, да свайго дому і сваёй сям’і дапамагла ім выжыць у той вайне і перамагчы. Здаецца, яны і дагэтуль аберагаюць нас, бо пакуль мы іх чуем, не дапусцім вайны. І нам яшчэ многаму трэба ў іх навучыцца.

У свае амаль 90 гадоў Рыгор Васільевіч Прышчэпны жыве даволі актыўным жыццём. Ён дагэтуль загадвае лабараторыямі на кафедры вышэйшай матэматыкі БДУІР, узначальвае Савет ветэранаў універсітэта і ў гэтыя перадсвяточныя дні часта сустракаецца са студэнцкай моладдзю.
У Рыгора Васільевіча шмат пытаюцца пра вайну. І ён расказвае: пра цяжкія баі і страты — з самотай у вачах, пра перамогі — з натхненнем. Тое, што для нас — гісторыя, для яго — значны адрэзак жыцця. Ён пайшоў на вайну ў 1943-м 17-гадовым падлеткам, а вярнуўся ў 1945-м дарослым мужчынам.
Нарадзіўся Рыгор Васільевіч Прышчэпны 2 лютага 1926 года ў гарадку Залатаноша Чаркаскай вобласці Украіны. Пайшоў у школу ў цяжкім 1932 годзе, калі ва Украіне быў галадамор, і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны паспеў скончыць толькі 8 класаў. У 1943 годзе запісаўся дабравольцам і трапіў у снайперскую роту запаснога палка. Пасля адпаведнай падрыхтоўкі быў накіраваны на фронт, дзе ішла аперацыя па вызваленні Беларусі “Баграціён”.
“Памятаю, з якой радасцю сустракалі нас беларусы, якія стаміліся ад трохгадовай акупацыі, — расказвае Рыгор Васільевіч. — Мы бачылі спаленыя хаты, шыбеніцы, і гэта выклікала нянавісць да нямецка-фашысцкіх захопнікаў, надавала сілы ісці далей”.
Рыгор Прышчэпны служыў у разведцы знакамітай 120-й гвардзейскай Рагачоўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава дывізіі, якая ўдзельнічала ў Сталінградскай і Курскай бітвах, прайшла з баямі Беларусь. “Нездарма гаворыцца: там, дзе гвардыя наступае, вораг не ўстаіць; там, дзе гвардыя абараняецца, вораг не пройдзе, — кажа Рыгор Васільевіч. — Клятва, якую прымалі гвардзейцы, свята выконвалася пры правядзенні любой аперацыі”.
Калі ваенныя дзеянні перанесліся на тэрыторыю ворага, даводзілася праяўляць вялікую асцярожнасць. На кожным кроку байцоў падсцерагалі не толькі варожыя салдаты, але і па-варожаму настроенае насельніцтва. Даводзілася сутыкацца і з уласаўцамі.
“Баі былі настолькі жорсткімі, што нават не хочацца пра гэта ўзгадваць. Часам здавалася, што не адужаем, але змагаліся і рухаліся далей”, — гаворыць Рыгор Прышчэпны.
Ён успамінае баі за вызваленне чыгуначнай і аўтамагістралі Эльбен — Кёнігсберг, самога Кёнігсберга, Грунау і многіх іншых гарадоў і стратэгічна важных аб’ектаў. І, як быццам гэта было зусім нядаўна, расказвае пра наступленне на Берлін.
“Падчас наступальнай аперацыі была прыменена навінка: магутныя пражэктары, якія выхоплівалі ў небе нямецкія самалёты і дазвалялі нашым сістэмам супрацьпаветранай абароны біць дакладна ў цэль, — успамінае Рыгор Васільевіч. — Потым была артылерыйская падрыхтоўка, падключылася наша штурмавая авіяцыя — і мы пайшлі ў наступленне. Абарона Берліна была вельмі моцнай, але савецкіх салдат было ўжо не спыніць. І хутка над спаленым рэйхстагам узвіўся сцяг Перамогі”.
Рыгор Васільевіч расказвае, што 7 мая 1945 года выдаўся вельмі цёплы сонечны дзень і прыйшло радаснае паведамленне: для 120-й гвардзейскай дывізіі вайна скончылася. Гэта было шчасце!
“У кожнага савецкага салдата і афіцэра на вайне была пляшка са спіртам, — гаворыць Рыгор Васільевіч. — Ён выдаваўся, каб байцы маглі зняць стрэс, крыху расслабіцца ў складанай сітуацыі. Але я за ўсю вайну ніколі не прыкладаўся да сваёй пляшкі. Курыў (нам, разведчыкам, штодня выдавалі па пачку папярос “Казбек”), але ніколі не піў. І вось 7 мая 1945 года я ўпершыню дастаў сваю пляшку, адкруціў вечка і выпіў з сябрамі за перамогу. Так і заснуў у нейкім кветніку — п’яны і шчаслівы”.
Дарэчы, гэта быў адзіны раз у жыцці Рыгора Васільевіча, калі ён так напіўся. Ён і дагэтуль памятае той выпадак. Але пагадзіцеся, якая значная была нагода!
Пасля вайны Рыгор Васільевіч паехаў у адпачынак на Радзіму. Яго бацька загінуў пры вызваленні Днепрапятроўска ў 1944 годзе. Маці шмат працавала, каб пракарміць двух малодшых дзяцей. “Маё сэрца сціскалася ад болю, гледзячы на тое, як ім цяжка, — успамінае Рыгор Прышчэпны, — і я вырашыў зрабіць усё, каб ім дапамагчы”.
Ён вярнуўся ў сваю вайсковую часць, якая размясцілася на ўскрайку Мінска ва Уруччы, і пайшоў у гарнізонную вячэрнюю школу. Пасля заканчэння дзесяцігодкі паехаў паступаць у ваенную акадэмію.
“Я добра здаў уступныя выпрабаванні і ўжо марыў пра вучобу, але трэба было прайсці субяседаванне, — расказвае Рыгор Васільевіч. — І вось падышоў да мяне генерал-лейтэнант і гаворыць: “Таварыш Прышчэпны, вы паспяхова справіліся з усімі заданнямі, але пастарайцеся зразумець тых салдат, якія паступаюць разам з вамі. У акадэмію прымаюць толькі да 31 года, і сярод паступаючых вельмі шмат тых, каму ўжо 30. Вы — малады, зможаце паступіць налета, а для іх гэта апошні шанс. Пастарайцеся прыняць правільнае рашэнне!”
Так Рыгор Васільевіч вярнуўся ў Мінск і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Першыя тры курсы, пакуль не з’явіўся дазвол на вучобу афіцэраў у грамадзянскіх ВНУ ў завочнай форме, вучыўся падпольна. Падчас адпачынку здаваў і зімовую, і летнюю сесіі. Пасля ўніверсітэта працягваў несці вайсковую службу, аддаўшы ёй у агульнай колькасці 32 гады жыцця. А ў 1975 годзе прыйшоў на кафедру вышэйшай матэматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі (тады — МРТІ). І сёлета будзе ўжо 40 гадоў, як ён працуе ў БДУІР.
Увесь час Рыгор Васільевіч Прышчэпны клапаціўся пра сваю сям’ю ва Украіне. Дапамог маці выгадаваць і паставіць на ногі малодшых брата з сястрой. Ён і дагэтуль штогод ездзіць у Залатаношу, каб пабачыць сваіх родных і пабываць на магіле маці. Ужо 15 гадоў Рыгор Васільевіч клапоціцца і пра сваю хворую жонку, узяўшы на сябе ўсе справы па доме.
Беларусь, якую Рыгор Прышчэпны ратаваў ад фашыстаў і якой аддаў большую частку пасляваеннага жыцця, ён лічыць сваёй другой Радзімай і любіць яе бязмежна.
Рыгор Васільевіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны, медалямі “За Перамогу над Германіяй”, “За ўзяцце Берліна”, “За ўзяцце Кёнігсберга”
і іншымі Дзень Перамогі для яго — самае святое, самае добрае з усіх свят на Зямлі. “Я ўспамінаю тых, хто быў са мной побач у дні вайны і застаўся на палях бітваў, — гаворыць ён. — Гэта былі слаўныя маладыя хлопцы, якія хацелі жыць, любіць, працаваць, але так і не дажылі да Перамогі”.
Сустракаючыся са студэнтамі, Рыгор Васільевіч заўсёды кажа ім, што трэба берагчы сваё здароўе і жыццё — для сябе, для сваёй сям’і, для сваёй Радзімы. Нагадвае, што ў кожнага чалавека ёсць дзве мамы. Першая — тая, што дала жыццё, выпесціла і выпусціла ў свет. А другая — Радзіма, якую трэба абараняць.
“Важна памятаць пра гэта, інакш можна ўсё страціць, — гаворыць Рыгор Васільевіч. — Раней дзяўчаты адчувалі гэта, і, калі малады чалавек ухіляўся ад свайго абавязку абараняць Радзіму, яны разумелі: гэта не той мужчына, які можа прыгарнуць і абараніць ад зла. Выбіралі смелых і дужых, адданых дому, сям’і і Радзіме. Так павінна быць і зараз”.
Зрэшты, Рыгор Васільевіч перакананы, што і сённяшнія маладыя людзі ў пераважнай большасці адказныя і надзейныя. “Ведаеце, я пайшоў бы з імі ў разведку, бо веру ў іх адданасць і рашучасць абараняць Радзіму”, — заявіў былы разведчык Рыгор Прышчэпны.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.