Вольга БАЙПРАЎ: “Стараюся паказаць студэнтам іх патэнцыял”

Наша сённяшняя суразмоўца — дацэнт кафедры абароны інфармацыі факультэта інфакамунікацый і па сумяшчальніцтве старшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчай лабараторыі “Матэрыялы і элементы электроннай і звышправадніковай тэхнікі” БДУІР кандыдат тэхнічных навук Вольга БАЙПРАЎ.

Яе прафесійныя інтарэсы: інфармацыйная бяспека, кіраванне інтэлектуальнай уласнасцю, распрацоўка радыёпаглынальных матэрыялаў, нанатэхналогіі. Тэматыка навуковых даследаванняў звязана з распрацоўкай электрамагнітных экранаў для абароны інфармацыі.

Гутарым з Вольгай Уладзіміраўнай пра ўніверсітэцкую навуку, пра радасці і складанасці выкладчыцкай работы, пра грамадскую актыўнасць і тое, як самаарганізавацца і знайсці час на ўсе справы.

— Вольга Уладзіміраўна, вы дыпламаваны інжынер па тэлекамунікацыях. Прафесія, скажам так, не надта папулярная сярод жанчын. Што паўплывала на прафесійны выбар?

— Рашэнне саспела даволі рана, у 7 класе, і прычына зразумелая: у галіне сувязі працавалі мае бацькі. Старэйшы брат на той момант вучыўся ў каледжы сувязі. Мне хацелася ўнесці ўклад у справу фарміравання сямейнай дынастыі, і я зрабіла выбар на карысць факультэта тэлекамунікацый БДУІР (цяпер факультэт інфакамунікацый). У той год, калі паступала, адбываўся другі набор абітурыентаў на спецыяльнасць “Абарона інфармацыі ў тэлекамунікацыях”, і я вырашыла, што менавіта на гэтай спецыяльнасці будзе цікава вучыцца.

— Здорава, калі прафесійны выбар робіцца так рана. Усе намаганні скіраваны ў бок будучай спецыяльнасці…

— Насамрэч разглядала і іншыя варыянты. У 8 класе я паступіла ў фізіка-матэматычны клас, і там у нас былі вельмі прафесійныя настаўнікі, якія выкладалі свае прадметы на найвышэйшым узроўні. Так, матэматыку ў нас вяла сапраўдны майстар сваёй справы Валянціна Андрэеўна Корнева. У кантэксце свайго прадмета яна вучыла нас думаць: сесці, паразважаць, спакойна распісаць і прааналізаваць пачатковыя ўмовы, магчыма, зайсці з іншага боку, каб зрабіць лагічныя высновы. Дарэчы, гэта вельмі важная рыса для вялікай колькасці спецыялістаў, якія прапускаюць праз сябе вялікі паток інфармацыі. І сёння яна вельмі дапамагае мне ў навуцы. Валянціна Андрэеўна бачыла ўва мне здольнасці да выкладання матэматыкі і раіла паступаць у педагагічны ўніверсітэт. Яна падкрэслівала, што настаўнік у школе і ўніверсітэцкі выкладчык — гэта дзве розныя прафесіі.

Настаўнік рускай мовы і літаратуры Любоў Мікалаеўна Булыгіна таксама вучыла нас думаць і разважаць, заўсёды была гатова выслухаць і прыняць меркаванне кожнага вучня. Яе ўрокі былі настолькі цікавымі, што ў нейкі момант мне нават захацелася звязаць лёс з журналістыкай. Спыніла тое, што на той час я ўжо даўно атаясамлівала сябе з тэхнічнай сферай і сфарміравалася зона камфорту ў дачыненні да вывучэння менавіта дакладных дысцыплін.

Сёння я з удзячнасцю ўспамінаю сваю сярэднюю школу № 196 Мінска, дзе нас вучылі не толькі прадметным ведам, але і чалавечнасці. Наш класны кіраўнік настаўнік фізікі і таксама майстар сваёй справы Алена Васільеўна Гутнік часта падкрэслівала, што ўсе цягнуцца да добрых людзей, і старалася, каб мы выраслі менавіта такімі — не проста паспяховымі, а яшчэ і добрымі. Заўсёды памятаю пра гэта. Таксама з вялікай цеплынёй успамінаю Зою Георгіеўну Шыбко, якая была дырэктарам 196-й школы ў той час, калі я там вучылася.

— Раскажыце пра свой шлях у навуку.

— На 3 курсе пачала вывучаць, па якіх напрамках працуе выпускаючая кафедра абароны інфармацыі. У выніку апынулася ў навукова-даследчай лабараторыі “Матэрыялы і элементы электроннай і звышправадніковай тэхнікі”. Навуковым кіраўніком гэтай лабараторыі тады быў загадчык згаданай кафедры Леанід Міхайлавіч Лынькоў. Ён акрэсліў кола задач, якія вырашаюцца ў яго падраздзяленні, і некаторыя з гэтых задач даручылі мне. Па выніках работы ў лабараторыі я зрабіла дыпломны праект. Потым зразумела, што ёсць яшчэ чаму павучыцца, і пайшла ў магістратуру, а пазней — у аспірантуру.

Даследаванні, якія пачала на 3 курсе і вяла на працягу шэрага гадоў, ляглі ў аснову кандыдацкай дысертацыі (абаранілася ў 2017 годзе). Маім навуковым кіраўніком быў цяперашні загадчык кафедры абароны інфармацыі Цімафей Валянцінавіч Барбоцька.

Трэба адзначыць, што ў нашым універсітэце вельмі шмат цікавых выкладчыкаў, вучоных, якія ствараюць новыя веды і ўмеюць прыцягваць у навуку іншых людзей. Асабіста для мяне Л.М.Лынькоў і Ц.В.Барбоцька — прыклад таго, як сумленна падыходзіць да справы і працаваць на вынік. Шчасце, калі ў пачатку сваёй дзейнасці малады даследчык сустракае добрых навуковых кіраўнікоў.

— Тэматыка вашай дысертацыі і цяперашнія даследаванні звязаны з распрацоўкай электрамагнітных экранаў. Для якіх практычных мэт яны прызначаны?

— Прапаноўваецца рашэнне для выкарыстання ў розных галінах. Па-першае, для абароны арганізма чалавека ад уздзеяння электрамагнітнага выпраменьвання. Па-другое, для абароны розных устройстваў (вядома, што пры наяўнасці электрамагнітных перашкод яны працуюць ненадзейна). Па-трэцяе, для абароны інфармацыі ад перахопу па канале пабочнага электрамагнітнага выпраменьвання і наводак. Калі персанальны камп’ютар выконвае апрацоўку інфармацыі, выпраменьванні ад злучальных правадоў могуць быць перахоплены і адноўлены (а гэта, па сутнасці, тая інфармацыя, якую карыстальнік бачыць на маніторы). Каб прадухіліць перахоп, і ствараюцца электрамагнітныя экраны. Гэта могуц­ь быць як дадатковыя перагародкі ўнутры памяшкання, так і спецыяльныя будаўнічыя сумесі для пакрыцця сцен. Экраны істотна аслабляюць выпраменьванні ад камп’ютара, якія выходзяць вонкі. І нават калі ўдасца штосьці перахапіць, аднавіць інфармацыю на гэтай аснове будзе немагчыма.

У наш час праблема абароны інфармацыі надзвычай актуальная, і яна абвастраецца з кожным днём. Над яе вырашэннем працуюць навукоўцы ва ўсім свеце. Што да нашай лабараторыі, то за мінулыя пяць гадоў мы падалі восем заявак на атрыманне ахоўных дакументаў на новыя аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. Ужо створана тэхналогія вырабу ахоўных экранаў, зараз ідзе пошук вытворчых пляцовак для іх выпуску.

— Як хутка актуальныя даследаванні адлюстроўваюцца ў вучэбных праграмах вашых студэнтаў? Ці паспявае практыка за навукай?

— Я не разглядаю навуку і выкладчыцкую дзейнасць паасобку. Займаюся навуковымі даследаваннямі, атрымліваю актуальную інфармацыю і практычна адразу стараюся прынесці яе ў студэнцкую аўдыторыю. Лічу, што менавіта так і павінна быць арганізавана выкладанне ва ўніверсітэце. Веды сённяшняга дня абмяркоўваюцца тут і зараз.

Мае дысцыпліны звязаны з абаронай электронных прылад ад знешняга электрамагнітнага выпраменьвання, абаронай аперацыйных сістэм і праграмнага забеспячэння, абаронай аб’ектаў інфакамунікацый ад несанкцыянаванага доступу (у тым ліку ў банкаўскіх тэхналогіях). Гэта асновы інфармацыйнай бяспекі, важныя для асобных людзей, кампаній і краін.

У гэтым навучальным годзе большасць заняткаў праводжу на англійскай мове. Сёлета ў мяне вучацца студэнты з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Ірана, Лівана, Нігерыі, Конга. У кожнага свой узровень, свае традыцыі ў частцы атрымання адукацыі, але ўсе праяўляюць вялікую зацікаўленасць у асваенні згаданых дысцыплін.

— Вольга Уладзіміраўна, у вас ужо амаль сто навуковых публікацый, шэраг вучэбна-метадычных дапаможнікаў і манаграфій. Значны плён для даследчыцы ва ўзросце крыху за 30!.. 

— Усё гэта — неад’емная частка выкладчыцкай і навуковай дзейнасці. Навука — справа сумесная, яна не павінна рабіцца “ў стол”. Атрымаўшы пэўныя вынікі, важна іх абнародаваць, каб іншыя даследчыкі ў гэтай галіне маглі выкарыстаць твае напрацоўкі для стварэння новых ведаў.

Зрэшты, публікаваць вынікі даследаванняў карысна і для самога аўтара. Такім чынам ты афармляеш для сябе зыходны пункт, ставіш пэўную мэту на будучыню. Калі на рабочым стале збіраецца шмат несістэматызаваных файлаў, у пэўны момант можна выбіцца са структуры даследаванняў. З напісаннем артыкула прыходзіць разуменне, што можна палепшыць і якія задачы дзеля гэтага трэба вырашыць.

Мне цікавая сфера, у якой я працую. Лічу, што яе можна развіваць, і ўжо думаю пра дактарантуру. Але перш чым садзіцца за доктарскую дысертацыю, трэба сфарміраваць базіс. Публікацыі — нядрэнны інструмент для стварэння інфраструктуры даследаванняў.

— Ваша настаўніца казала, што выкладчык ва ўніверсітэце і настаўнік у школе — гэта дзве розныя прафесіі. Вы заўважылі адрозненні? У чым складанасці і ў чым радасці ўніверсітэцкага выкладчыка?

— Складанасцей не так многа. Іх, напэўна, больш у галовах. Так, усе студэнты розныя, у кожнага свой характар, але калі ты ўмееш іх пачуць і наладзіць зваротную сувязь, то пачынаецца супрацоўніцтва. Ты вызначаеш пэўнае кола задач, даеш студэнтам набор інструментаў для іх вырашэння і дапамагаеш дасягнуць станоўчага выніку. Не тое што кантралюеш, хутчэй вызначаеш кантрольныя кропкі і просіш аб зваротнай сувязі.

Школа, акрамя таго што павінна даць веды і выхаванне, павінна яшчэ і навучыць дзяцей вучыцца. Вядома, там больш кантрольных кропак і больш адказнасці.

Ёсць розныя антрапалагічныя заключэнні наконт таго, у якія перыяды жыцця чалавек найбольш імкліва развіваецца. Лічыцца, што гэта ўзрост ад нараджэння да 7 гадоў. У школьны перыяд працэс развіцця замаруджваецца і становіцца больш сумным у частцы перафармаціравання асобы. Але потым, у перыяд студэнцтва, чалавек робіць яшчэ адзін рывок. Выкладчыцкая праца цікавая тым, што мы з’яўляемся сведкамі гэтага рыўка. Студэнты прыходзяць на 1 курс яшчэ дзецьмі, чакаюць, што іх будуць кантраляваць, даваць частую зваротную сувязь. На апошнім курсе яны ўжо ўмеюц­ь працаваць на агульны плён і чакаюць зваротнай сувязі не ад кожнага свайго кроку, а ад зробленага выніку. Назіраць за гэтым асобасным ростам вельмі радасна.

— Вы строгі выкладчык?

— Не, нястрогі. Я заўсёды імкнуся дапамагчы студэнту атрымаць больш высокую адзнаку. Задаю навадныя пытанні, даю час падумаць. Лічу, што ўвогуле мала студэнтаў маюць здольнасць да атрымання нізкіх адзнак. Ёсць тыя, хто па шэрагу прычын не адчувае свайго патэнцыялу. Таму стараюся лішні раз паказаць студэнтам іх магчымасці. Мне радасна бачыць, як студэнт з палёгкай выдыхае, рашыўшы складаную задачу, якая на старце здавалася яму невырашальнай.

— Вы з’яўляецеся старшынёй Савета маладых вучоных БДУІР. Грамадская работа адбірае шмат часу?

— Найперш яна пашырае кругагляд, і гэта новы жыццёвы вопыт.

Савет маладых вучоных БДУІР быў створаны ў сакавіку 2017 года. Гэта быў год навукі, што даволі сімвалічна. Асноўная мэта савета — папулярызаваць навуку сярод студэнтаў і магістрантаў універсітэта, шырока прыцягваць іх да навуковых даследаванняў. Тады ж, у 2017 годзе, мы распрацавалі палажэнне аб конкурсе “Лепшы малады вучоны БДУІР”. Цяпер праводзім гэты конкурс штогод. Акрамя грамат і па­дзяк, чэмпіёны ўніверсітэцкай навукі атрымліваюць грашовыя прэміі, што таксама матывуе да навуковай дзейнасці. Але нават калі чалавек не перамог у сёлетнім конкурсе, ён атрымаў магчымасць падсумаваць сваю дзейнасць і зразумець, як шмат яму ўдалося зрабіць за бягучы год. Гэта важна. Акрамя таго, праводзім конкурс навукова-даследчых работ школьнікаў, а таксама конкурс на лепшую магістарскую дысертацыю БДУІР.

— Вы таксама ўваходзіце ў Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі, які ўтварыўся год назад. Раскажыце пра гэты свой вопыт.

— Савет аб’яднаў прадстаўнікоў усіх універсітэтаў краіны, якія падначалены Міністэрству адукацыі. Працаваць у ім цікава і карысна, бо дзейнасць накіравана на фарміраванне прапаноў па вырашэнні актуальных задач вышэйшай школы, як у частцы адукацыі, так і ў частцы навукі. Удзельнікі савета прадстаўляюць розныя галіны ведаў, і гэта здорава. Ты бачыш іншыя ракурсы, з якіх можна паглядзець на пэўнае пытанне. Такое ўзаемадзеянне важнае для мяне як для спецыяліста, а таксама з пункта гледжання жыццёвага вопыту.

— Вы займаецеся навукай, выкладчыцкай і грамадскай дзейнасцю. Ці застаецца час для хобі і адпачынку?

— Добра працуе той, хто ўмее добра адпачыць. У мяне, напрыклад, ёсць звычка ўсю работу выконваць ва ўніверсітэце і не займацца рабочымі справамі па выхадных. Гэта дазваляе пераключыць фокус увагі, зняць замыленасць вачэй, каб у панядзелак свежым позіркам паглядзець на бягучыя задачы і сфармуляваць новыя. Пакуль у мяне атрымліваецца.

Што да хобі, то вельмі люблю падарожнічаць па Беларусі. Гэтае захапленне яшчэ больш абвастрылася, калі два гады назад на свята 8 Сакавіка мне падарылі скрэтч-карту Беларусі: на ёй трэба сціраць раёны, якія ўдалося наведаць. Глядзіш на карту і адразу бачыш, куды яшчэ трэба з’ездзіць. Дасканала прадумваю маршрут, шукаю розныя цікавосткі, стараюся адысці ад стандартных маршрутаў, якія прапаноўваюць турыстычныя агенцтвы.

У падарожжах па нашай краіне разумееш, што яна не такая ўжо і маленькая. У нас сапраўды ўнікальнае спалучэнне архітэктуры і прыроды, ёсць што паглядзець. А яшчэ вельмі цікавая нематэрыяльная спадчына, культурныя традыцыі. Едзеш у глыбінку і чуеш ужо іншыя гаворкі, назіраеш праявы асаблівай ментальнасці. Безумоўна, гэта заслугоўвае ўвагі. Заўсёды радуюся, калі здараецца ўбачыць нешта новае, пры магчымасці пагаварыць з людзьмі.

Мая скрэтч-карта сцёрта ўжо прыкладна на 40 працэнтаў. Мне падабаецца, што ў некаторых раёнах можна кружыць у радыусе 20 км і на працягу дня знаходзіць цікавыя аб’екты. Як быццам далёка і не ад’ехаў, а так шмат усяго ўбачыў! Гэта вельмі хораша і, галоўнае, камфортна, бо разумееш, што ты ў сябе дома, у Беларусі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.