Вольга Часноўская: кожны чалавек у нашай краіне можа ўнесці свой уклад у развіццё Беларусі

- 16:15Моя гражданская позиция

Актыўная грамадзянская пазіцыя — гэта не толькі права кожнага чалавека, але і абавязак, у першую чаргу перад самім сабой, сваімі роднымі і блізкімі, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар Юрацішкаўскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці Вольга Часноўская.

— Мая грамадзянская пазіцыя заключаецца ў тым, што я люблю сваю Радзіму, ганаруся сваімі землякамі, я — за мір у нашай краіне. А яшчэ я дакладна ведаю, што нельга быць абыякавым, неабходна шанаваць і берагчы тое, што ў нас ёсць. Кожны чалавек у нашай краіне можа ўнесці свой уклад у развіццё Беларусі і зрабіць яе лепшай для ўсіх. Нам трэба быць гатовымі праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю, каб наша краіна магла развівацца, квітнець. Важна разумець, што менавіта актыўная грамадзянская пазіцыя вызначае будучыню краіны. А ўдзел у такім важным мерапрыемстве, як выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дазваля­юць яшчэ раз адчуць дух адзінства беларускага грамадства.

Наша жыццё не стаіць на месцы, пастаянна мяняюцца ўмовы, у якіх мы жывём і працуем, з’яўляюцца новыя магчымасці для чалавека. Але школа, як і раней, выступае захавальніцай фундаментальных апор грамадства, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, якія адлюстроўваюць інтарэсы асобы, грамадства і дзяржавы.

У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца мэта­накіраваная палітыка ў сацыяльнай сферы, дзе вялікая ўвага ўдзяляецца падтрымцы маладых і мнагадзетных сем’яў. Сёння ў нашым пасёлку растуць як грыбы дамы для мнага­дзетных сем’яў. У нашай установе адукацыі вучацца непаўналетнія з 43 мнагадзетных сем’яў, большасць з якіх скарысталіся магчымасцю будаўніцтва жылля пры актыў­най падтрымцы дзяржавы на чале з Прэзідэнтам. Таксама пры матэрыяльнай падтрымцы абласнога бюджэту вядуцца работы па замене даху і ўцяпленні будынка нашай установы адукацыі. У школе функцыянуюць чатыры новыя прадметныя кабінеты (хіміі, біялогіі, фізікі, інфарматыкі), што служыць добрай дапамогай у арганізацыі адукацыйнага працэсу і дае магчымасць навучэнцам дасягаць высокіх вынікаў у вучобе. З году ў год ва ўстанове адукацыі ёсць 100-бальнікі па выніках цэнтралізаванага экзамену.

Перш за ўсё я і педагогі ўстановы адукацыі прывіваем дзецям пачуццё гордасці за сваю школу, пасёлак, краіну. І калі бачыш, як дружна нашы навучэнцы спяваюць Гімн Рэспублікі Беларусь, які гучыць у нас на ўрачыстых мерапрыемствах і лінейках, становіцца зразумела, што многае нам ужо ўдалося.

Што тычыцца патрыятычнага выхавання, то мы аддаём перавагу не лекцыям, якія складаюцца з агульных слоў, а наведванню вязняў канцлагераў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў Афганскай вайны, ветэранаў працы. Спачатку навучэнцы дапамагаюць ветэранам па гаспадарцы, а потым за гарбатай слухаюць іх успаміны. Падрастаючае пакаленне не забывае аддаваць даніну памяці і павагі героям Вялікай Айчыннай вайны: салдатам, партызанам, падпольшчыкам, працаўнікам тылу — усім, хто адстаяў свабоду і незалежнасць нашай краіны. Дзеці ўдзельнічаюць у мітынгах, вахтах Памяці. З пачатку 2024/2025 навучальнага года ва ўстанове адукацыі дзейнічае ваенна-пат­рыятычны клуб “Арыенцір”, створаны сумесна з супрацоўнікамі Іўеўскага РАУС.

Знамянальнай падзеяй для нашай установы адукацыі і ў цэлым Іўеўскага раёна стала прысваенне Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь 20 чэрвеня 2024 года звання “народны” школьнаму краязнаўчаму музею “Вытокі”. Экспазіцыйны патэнцыял музея дапамагае ажывіць вучэбны працэс, далучыць дзяцей да гісторыі сваёй краіны, малой радзімы, спрыяе фарміраванню даследчых і камунікатыўных кампетэнцый.

У школе праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, дзе ў працэсе падрыхтоўкі навучэнцы вучацца працаваць у камандзе. Але самае галоўнае, яны пачынаюць разумець, што, нават калі ў працы задзейнічана шмат людзей, канчатковы вынік усё роўна залежыць ад стараннасці кожнага. Асабліва гэта відаць на спартыўных спаборніцтвах. Установа адукацыі з году ў год упэўнена лідзіруе ў раёне па выніках круглагадовай спартакіяды школьнікаў. Каманды юнакоў і дзяўчат па валейболе і баскетболе займаюць прызавыя месцы на абласным узроўні. А сёлета каманда юнакоў 2008—2009 гадоў нараджэння нашага раёна заняла 1-е месца ў абласных спаборніцтвах па валейболе, 3-е месца — на рэспубліканскіх спаборніц­твах. Асноўны склад каманды — навучэнцы нашай школы. Дзякуючы спартыўным дасягненням нашых навучэнцаў, установа адукацыі атрымала сертыфікат ад Іўеўскага раённага аддзялення Гродзенскай вобласці партыі “Белая Русь” для пашыву спартыўнай формы. Я шчыра веру, што такая высокая ацэнка вынікаў нашых дзяцей з боку дзяржавы дасць штуршок у іх развіцці і прадэманструе ім, што трэба быць карыснымі грамадству з юных гадоў, і яны не стануць ігнараваць выбары ў будучыні, тлумачачы гэта тым, што “адзін голас нічога не вы­рашыць”.

Сёння школьная прастора — гэта поле для актыўнай агітацыйнай работы па прыцягненні навучэнцаў да дзейнасці дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый. Большасць дзяцей малодшага і сярэдняга звяна з’яўляюцца членамі Беларускай рэс­публіканскай піянерскай арганізацыі. Традыцыйны прыём у піянеры праходзіць ва ўрачыстай атмасферы.

Сучасная моладзь, працягваючы традыцыі бацькоў і дзядоў, будуе наш агульны дом у імя шчасця будучых пакаленняў. Знайсці сваё месца ў гэтым доме, унесці ўклад у асабістае развіццё дапамагае падлеткам грамадскае аб’яднанне “БРСМ”, якое дае магчымасць кожнаму стаць грамадзянінам, справамі і ўчынкамі прыно­сіць карысць сабе, грамадству, Радзіме.

Актыўная грамадзянская пазіцыя — гэта не толькі права кожнага чалавека, але і абавязак, у першую чаргу перад самім сабой, сваімі роднымі і блізкімі. Давайце не будзем заставацца ўбаку, не бу­дзем абыякавымі да будучыні сваёй Радзімы, а прымем самы актыўны ўдзел у выбарах! Гэта наш грамадзянскі абавязак, магчы­масць выбраць шлях далейшага развіцця краіны і паклапаціцца пра будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. Таму я цвёрда ведаю, што буду галасаваць. Я галасую за будаўніцтва моцнай і квітнеючай дзяржавы, за тое, каб усё пачатае працягвалася.

Наталля КАЛЯДЗІЧ