Вольга НЯФЁДАВА: "Мяне праславіла радыё"

Калі можна сустрэцца з артыстам, як не перад выхадам на сцэну. Сёння праект “Мая школа” завітаў у грымёрку актрысы Купалаўскага тэатра, вядомай радыёвядучай і аднаго з першых радыйных дыджэяў Вольгі Няфёдавай.

— Вольга, у адным з інтэрв’ю вы расказалі, што нарадзіліся на вакзале. Гэта сапраўды так?

— Бацькі маёй маці — бабуля з дзядулем — жылі ў Магілёве на вуліцы Першамайскай,100. Гэта недалёка ад чыгуначнага вакзала. Калі маці вучылася ў тэхналагічным інстытуце, то, як і многія студэнты, на канікулы прыязджала да бацькоў. У той дзень яна села ў цягнік на Магілёў і ў яе пачаліся схваткі, таму адразу з вакзала яе адвезлі ў раддом.

— Дзе прайшлі вашы школьныя гады?

— Я вучылася ў дзвюх школах. У 1977 годзе ў першы клас я пайшла ў школу пасёлка Ждановічы. У той час гэта было досыць далёка ад Мінска: трэці прыпынак на электрычцы (аўтобусы яшчэ не хадзілі). Вучыліся там дзеці са Ждановіч і найбліжэйшых вёсак. Але, як ні дзіўна, школа была адметная — з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы — англійскую я вывучала з першага класа.

У мяне вельмі цёплыя ўспаміны пра пачатковую школу. Настаўніца (на жаль, не памятаю яе імя) была цудоўная, і аднакласнікі таксама добрыя. Менавіта там упершыню я ўзяла ўдзел у мастацкай самадзейнасці: мы ладзілі невялікія тэатральныя пастаноўкі, ставілі казкі.

Добра запомнілася яшчэ адна гісторыя, звязаная з пачатковай школай, — яе расказалі мне мае сябры па ждановіцкай школе. Яна з’яўляецца паказчыкам таго, як нас выхоўвалі педагогі ў пачатковай школе.

Маім аднакласнікам быў Алег Стацэнка, ідэальны вучань, выдатнік, сын нашай настаўніцы. Гэта адбылося, калі я ўжо не вучылася ў Ждановічах. Алег ішоў паўз вадасховішча і ўбачыў двух хлопцаў, якія танулі. Нас выхоўвалі так, каб мы ніколі не праходзілі міма чужой бяды. І Алег кінуўся ратаваць хлопцаў, дапамог ім выбрацца з вады, але сам патануў…

Пасля майго 4 класа бацькі атрымалі квартэру ў Мінску, таму, зразумела, прыйшлося памяняць школу. Так я стала вучыцца ў сярэдняй школе № 66 у мікрараёне Зялёны луг. Школа была абсалютна звычайная. Раён быў добры — тут жыло шмат інтэлігенцыі і ваенных.

З-за таго, што нараджальнасць была ў той час высокая, нас было вельмі многа — у 5-х класах ледзь не па 40 чалавек. У класе разам са мной было шмат новенькіх. Відаць, з-за таго, што мы прыйшлі ва ўжо сфарміраваны калектыў, у Мінску ўжо не было такіх сяброў, як у Ждановічах. Але я не бедавала.

Адна з маіх бабуль была настаўніцай малодшых класаў, і дзякуючы ёй у 4 гады я ўжо чытала. Я была адзіным дзіцем у сям’і, а бацькі былі ўвесь час занятыя. І сапраўднымі сябрамі ў Мінску для мяне сталі кнігі.

— Ці падтрымлівалі потым адносіны са ждановіцкімі сябрамі?

— Для далейшага падтрымання зносін алегласць паміж Ждановічамі і Зялёным лугам аказалася вельмі вялікай — і сувязі страціліся, але я вельмі рада, што, калі пачала з’яўляцца ў радыёэфіры, да мяне прарываліся сябры дзяцінства. Я іх памятаю дзецьмі, як і яны мяне, і сёння я наўрад ці іх пазнаю.

Не так даўно ў эфіры радыё “Легенды FM” пасля размовы на нейкую тэму мая субяседніца сказала, што яна жонка майго аднакласніка, і назвала яго імя — Алег Немец. Потым пасля эфіру я паразмаўляла і з ім. Вось такія “сустрэчы” адбываюцца.

З-за таго, што ў мяне не было нікога з родных у вёсцы (ды і магілёўскія бабуля і дзядуля пераехалі ў Мінск), кожнае лета па тры змены я была ў піянерскіх летніках. Мне вельмі падабалася там, бо было весела і цікава, таму я заўсёды імкнулася туды. Вучаніцай старшых класаў, некалькі разоў я трапляла ў летнікі ў Ждановічах. І туды прыходзілі мае хлопцы-аднакласнікі на танцы ці проста так. Мы смяяліся і радаваліся, калі пазнавалі адно аднаго.

— Відаць, актрысай сябе бачылі з самага дзяцінства?

— Не. З самага маленства, колькі сябе памятаю, хацела быць урачом. Калі мне было 13 гадоў, бацькі разышліся. На 2 месяцы мяне адправілі ў санаторый у Друскінінкай, і за гэты час я моцна з’ехала ў вучобе. Калі я прыехала дадому, маці, інжынер-хімік, заломвала рукі і крычала: “Оля, як можна не любіць хімію!”, а я не магла зразумець, як яе можна любіць — мяне нібыта падмянілі.

Мне было вельмі сорамна падслухваць падказкі, і калі мяне выклікалі да дошкі, я проста казала: “Я не ведаю адказу” — для мяне так было прасцей. Гэта выво­дзіла з сябе настаўнікаў. З-за гэтага многія настаўнікі мяне неўзлюбілі.

— Ці былі настаўнікі, пра якіх вы ўспамінаеце і зараз?

— Сярод настаўнікаў былі таленавітыя людзі, аднак былі і такія, якія проста выконвалі сваю работу, не імкнучыся зацікавіць вучняў сваім прадметам. Таму хто хацеў — той вучыўся, а хто не хацеў — той проста ігнараваў усё.

З маці Валянцінай Дзмітрыеўнай.

У 7 класе рускую мову і літаратуру ў нас стала выкладаць Генрыета Сямёнаўна. Невысокая, худзенькая, з ціхім голасам, яна так вяла ўрок, што вялікі — пад 40 чалавек — клас, у якім былі і дзеці з сацыяльна нядобранадзейных сем’яў, змаўкаў. Яна гаварыла спакойна і ціха, і яе слухалі ўсе, нават адпетыя двоечнікі і хуліганы. Мы шмат чыталі па ролях. Яна ўключала ў вучэбны працэс не толькі выдатнікаў і харашыстаў, але і тых вучняў, з якімі астатнія настаўнікі не маглі справіцца. Нібыта рэжысёр, яна вызначала, хто падыходзіў на тую ці іншую ролю. Менавіта яна зарадзіла ўва мне зацікаўле­насць тэатрам. На жаль, калі мы вучыліся ў старшых класах, яна моцна захварэла, потым пайшла са школы і праз некаторы час сышла з жыцця, але паспела даведацца, што я паступіла ў тэатральны інстытут, і вельмі ганарылася гэтым.

— Як узнікла цікавасць да тэатра?

— Як я сказала, у адзін момант усе дакладныя навукі сталі для мяне нецікавымі. Маці не ведала, што рабіць (у нашай сям’і ўсе атрымалі вышэйшую адукацыю і выбіліся ў людзі), казала мне, што калі я не буду вучыцца, то пайду працаваць мулярам на будоўлю (смяецца). І Генрыета Сямёнаўна з’явілася менавіта ў той момант, калі перада мной паўстала пытанне выбару далейшага шляху. І тады я зразумела, што і ўрачом я магу быць, і педагогам, і шмат кім іншым, калі стану актрысай.

— Дык а ўрачом усё ж былі?

— Шмат разоў. І медсястрой, і ўрачамі розных спецыялізацый, і нават галоўным урачом — ва ўрачоў я нагулялася (смяецца). Калі ў маім жыцці здарыўся самы страшны перыяд — захварэла маці, я літаральна пражыла тры з паловай гады ў бальніцах, сустракаючы розных, добрых і дрэнных, урачоў. Маці ўжо чатыры гады як няма, але я пасля гэтага зразумела, што не змагла б быць урачом, таму што вельмі нераўнадушная і прымаю ўсё блізка да сэрца.

Кадр з серыяла “Сваты” (7 сезон).

— Якое са здарэнняў у школе выклікае ўсмешку?

— Я не была ціхоняй, але і завадатарам асабліва не была. У мяне не было вострай неабходнасці ў публіцы. Але не таму, што я “крутая”, а таму што мяне так вырасцілі — я заўсёды была самадастатковым чалавекам. Мне ніколі не было сумна сам-насам. У школе, канечне, магла што-небудзь прыдумаць. Адну гісторыю мае аднакласнікі, магчыма, памятаюць.

Шмат хто з настаўнікаў мяне вельмі не любіў. Чарговы раз пасля майго адмаўлення адказваць у дзённіку з’явіўся запіс: “Бацькам тэрмінова з’явіцца ў школе”. Маці чакала сустрэча з нашым класным кіраўніком — настаўніцай фізікі, але я не хацела яе засмучаць, таму вырашыла пайсці на хітрасць: апрануць мамін парык, яе адзенне, абцасы і прыйсці замест яе (у настаўніцы быў вельмі дрэнны зрок, яна насіла акуляры з таўшчэзным шклом, таму яе вочы здаваліся вельмі маленькімі). Я спадзявалася, што мяне ў іншым абліччы не пазнаюць, тым больш што ўжо тады я была вышэйшай па росце за ўсіх аднакласнікаў.

Я падбухторыла сваю сяброўку Наташу, пераапранулася ў маміну вопратку і так пайшла ў школу. Наташка стаяла на варце: раптам будзе ісці дырэктар, якая ведала маю маці і магла мяне раскусіць.

Класная выйшла, і я пачала, памяняўшы голас (гэта я ўжо тады ўмела), з ёй размаўляць. Я важна слухала і ківала галавой, і тут раптам каля нас праносіцца мая сяброўка Наташка і крычыць: “Оля! Твая мама ідзе!!!” Такога павароту падзей не чакаў ніхто. Я ўмомант саскочыла з маміных абцасаў і праз другую лесвіцу (школа была ў форме квадрата) паляцела з месца злачынства.

Аказваецца, у той дзень я, захопленая пераўвасабленнем, не схавала дзённік. А мама, прыйшоўшы раней з работы, яго ўбачыла і адправілася ў школу (ад дома да школы было 5 хвілін пешшу).

Тады я першы раз не начавала дома. Прыйшла толькі раніцай. Плакала і прасіла прабачэння. Маці, зразумела, адлупцавала мяне ручніком. На школьным сходзе, які адбыўся неўзабаве, дырэктар (якая, як мы лічылі, не любіла не толькі мяне, але і ўсіх дзяцей), сказала, што я не скончу 10 класаў. Маці потым угаварыла яе, каб мне далі магчымасць скончыць  школу. Дырэктар адпомсціла мне за гэта асаблівым чынам.

Кадр з фільма “Айчым”.

Выпускны вечар вяла я і яшчэ адзін актыўны троечнік. Маці папярэдне пыталася ў мяне, колькі ў атэстаце будзе троек. “Ну, штукі тры максімум”, — схлусіла я, бо не хацела яе засмучаць і ведала, што раніцай пасля выпускнога я палячу ў Маскву паступаць. Калі надышла чарга ўручаць атэстат мне, дырэктар дэманстратыўна разгарнула яго: “Ну вось наша Оля Няфёдава. Ну нічога, што ў яе… — дырэктар зрабіла паўзу, каб палічыць, — восем троек, яна вельмі хоча быць артысткай. Наўрад ці яна будзе артысткай. На, трымай…” Потым мяне, калі я ўжо была студэнткай тэатральнага, папрасілі выступіць на лінейцы ў школе, але я, лагічна, адмовілася.

— Паступілі вы не з першага разу. Ці не адбіў ахвоту паступаць на наступны год правал на экзаменах?

— Першы год у Маскве я не паступіла па ўласнай дурасці, нягледзячы на тое, што мяне ўсюды бралі. На другі год у Маскве я таксама правалілася, таму што чытала мінулагоднюю праграму, а мяне добра запомнілі экзаменатары. Адзін з педагогаў потым мне патлумачыў, што нельга было паказвацца з той самай праграмай, бо мне ўжо бракавала свежасці эмоцый.

З Масквы я адразу паехала ў наш тэатральна-мастацкі інстытут на адборачны тур. Прама з чамаданам, не заязджаючы дадому, каб паспець падаць дакументы (паміж паступленнямі цэлы год я працавала на Мінскім фарфоравым заводзе і вельмі не хацела зноў туды вяртацца).

Я была страшна напужаная і, каб не паўтараць памылкі, маналогі на праслухоўванні прыдумвала на хаду. Педагогі былі здзіўлены і пыталіся, каго я чытаю. Таксама выдумляла нейкія прозвішчы, і, што было дзіўна, мне верылі. Як мне здавалася, я паступіла ў тэатральны з лёгкасцю.

Сцэна са спектакля “Ноч на Каляды”. Салоха — Вольга Няфёдава, Чорт — Павел Харланчук.

У нас быў дзівосны курс і дзівосныя педагогі — галоўны рэжысёр рускага тэатра Валерый Васільевіч Маслюк, Уладзімір Іванавіч Шэлестаў і Аляксандр Леанідавіч Ткачонак. А тэхніку маўлення выкладалі Ілья Львовіч і Уладзімір Ільіч Курган.

Гэта быў спецнабор для рускага тэатра, і мы адрозніваліся ад іншых. У нас на самай справе быў самы прыгожы і самы яркі курс. Нас набралі 38 чалавек, і Маслюк папярэдзіў нас: “Калі я ўбачу вашу “столь”, то буду вас выганяць, бо калі вы будзеце, на маю думку, дрэннымі акцёрамі, то вы ў будучыні або сап’яцеся, або паспееце рэалізаваць сябе ў іншай галіне і стаць людзьмі з цікавым лёсам”. Так і атрымалася: скончылі курс 10 чалавек: 5 юнакоў і 5 дзяўчат.

З 1 курса мы пачалі ўлівацца ў тэатральную трупу, ігралі ў масоўцы. Мы пазнаёміліся з усімі акцёрамі, і яны нас вельмі добра прынялі. Калі вучыліся на 3 курсе, у рускім тэатры пачалі работу над спектаклем “Мой верны Руслан”. Ужо пачаліся рэпетыцыі з акцёрамі тэатра: акцёры ігралі людзей, а мы — сабак. Сюжэт п’есы заснаваны на тым, што адна са сталінскіх зон расфарміравана і там застаюцца толькі ахоўнікі і іх сабакі.

Гэта была б бомба, але ў гэты момант Маслюка выганяюць з тэатра. Ён сабраў нас, папрасіў прабачэння і сказаў: “Гэта не я. Мяне прызначылі галоўным рэжысёрам у Віцебск, і я еду туды. Але вы не будзеце акцёрамі рускага тэатра…” У той дзень я першы раз у жыцці напілася…

Гэта было нечаканасцю абсалютна для ўсіх. Клебановіч, Сідараў, Клімава, іншыя прадстаўнікі старэйшага пакалення на той момант не проста прынялі, а палюбілі нас і ставіліся да нас як да дзяцей. І ў адзін момант мы сталі нікім.

Калі мы заканчвалі інстытут, на дзяржаўныя экзамены, як заўсёды, прыйшлі “купцы”, сярод якіх быў Валерый Мікалаевіч Раеўскі, які паклікаў мяне і Андрэя Градабоева ў Купалаўскі тэатр. Заўважу, што беларускай мове мы не ўдзялялі вялікай увагі, бо рыхтаваліся менавіта ў рускі тэатр і ў гэтым не было асаблівай неабходнасці. Нешта вучылі, але ў вельмі нязначным аб’ёме. І, па вялікім рахунку, я не ведала беларускай мовы, калі прыйшла ў Купалаўскі тэатр.

Што да адносін з аднакурснікамі, то магу сказаць, што мы вельмі пасябравалі, і нават зараз, праз шмат гадоў, знаходзячыся далёка адно ад аднаго, падтрымліваем сувязі. І я ведаю, што за маімі плячамі ёсць аднакурснікі.

— Калі б вы не паступілі ў тэатральны…

— … Я б усё роўна паступіла. Я бачыла людзей, якія паступалі і на пяты раз. Шмат хто з выдатных актрыс паступаў не з першага разу, і я ўпэўнена, што, калі б не паступіла ў той год, спрабавала б і спрабавала б яшчэ.

— Памятаю, як з-за асаблівага тэмбру голасу ў эфіры радыё “Бі-Эй” вы пастаянна “адбіваліся”, што вы не хлопчык, а дзяўчынка. Як у вашым жыцці ўзнікла радыё?

— Калі я прыйшла ў тэатр, у мяне было шмат работы, але заўсёды ва ўсіх была падпрацоўка. Мяне паклікалі на “Бі-Эй”, дзе я агучвала некалькі рэкламных ролікаў. Праз некаторы час я паехала ў Маскву ўладкоўваць сваё асабістае жыццё, узяўшы акадэмічны адпачынак у тэатры. Магла застацца ў Маскве (сябры раілі “паказацца” ў маскоўскія тэатры), але пасля галоўных роляў у Мінску ісці ў трэці склад масоўкі я палічыла нелагічным: я не з вёскі прыехала, каб ісці па трупах.

Маючы вопыт агучвання рэкламы на радыё, я разаслала рэзюмэ на ўсе радыёстанцыі Масквы. У 1997 годзе мяне запрасіла радыё “Станцыя 106,8” рабіць рэкламу. “Станцыя 106,8” была сэрцам наркакультуры і тэхнамузыкі. Калі я гэта ўсё ўбачыла, была ў шоку, бо я катэгарычна супраць такога. І вось, калі кіраўніцтва канала звольніла чарговых прадзюсараў, мне сказалі: “Будзеш прадзюсарам!”, і я навучылася рабіць рэкламныя ролікі і стала генеральным пра­дзюсарам гэтай радыёстанцыі. Але часта думала: вось калі б Купалаўскі перанесці ў Маскву, я была б самым шчаслівым чалавекам.…

Я вярнулася ў Мінск якраз падчас дэфолту восенню 1998 года. У Маскве я атрымлівала даволі добрыя грошы, але ведала, што гэтая работа часовая — не маё гэта. Тут, у тэатры, заробак быў каля 40 долараў. І гэта пасля 2000 маскоўскай зарплаты… І тады я ўспомніла, што агучвала ролікі на “Бі-Эй”, маю рэкамендацыйныя лісты пра тое, што зробленая мной рэклама займала нейкія месцы на конкурсах. І я пайшла да Шарашэўскага, які памятаў мяне, і зусім нечакана атрымала прапанову паспрабаваць сябе ў якасці дыджэя. “Я не магу быць дыджэем, я не музыкант”, — адказала я (як і для многіх лю­дзей таго часу, дыджэй для мяне быў той чалавек, які круціць вінілавыя пласцінкі). Але мне растлумачылі, што на радыё так называюць чалавека, які вядзе эфір. Я вырашыла паспрабаваць і затрымалася.

Мы былі другой плеядай дыджэяў: я, Дзіма Шунін, Юрый Цароў (больш вядомы як Клаус Мюлер), Сяргей Кузін… Нас любілі, бо мы самі ставілі музыку — у нас не было плэй-лістоў, як зараз. Кожны ведаў, што ў мяне ў эфіры, напрыклад, будуць балады пра каханне, а ў Шуніна будзе валіць “метал”. Мы прыходзілі за некалькі гадзін да эфіру, адбіралі дыскі з музыкай, раіліся з праграмным дырэктарам.

Сапраўды, я вельмі крыў­дзілася, калі да мяне звярталіся, як да хлопца, і ў эфіры прыхо­дзілася адстойваць сябе.

— Голас ішоў паперадзе вас?

— Ды і зараз таксама. Нават сёння ў супермаркеце мяне можа ніхто не пазнаць, але, як толькі я адкрываю рот, людзі адразу абарочваюцца. Так што мяне праславіла радыё, а ўжо потым я вядомая як актрыса.

— Што для вас навагоднія святы?

— Пасля смерці маці — самага роднага і дарагога для мяне чалавека, усе святы неяк знівеліраваліся. І гэта нягледзячы на тое, што мы часта сварыліся і мірыліся, пры гэтым застаючыся вельмі блізкімі лю­дзьмі. Пакуль яна хварэла, ува мне прайшла сапраўдная пераацэнка каштоўнасцей. Пасля яе смерці на працягу года мяне “выцягвала” толькі работа. Мне прыйшлося нанова вучыцца хадзіць, бо з-за нерваў і нагрузак былі праблемы з пазваночнікам.

Калі раней Новы год быў часам работы на карпаратывах, то зараз гэта проста пачатак чарговага каляндарнага года. Самыя галоўныя для мяне святы — гэта дзень нараджэння і Дзень Перамогі. Нашай сям’і пашанцавала: усе ваявалі, але ўсе вярнуліся з фронту, і ніхто не быў рэпрэсіраваны. Прадзед увогуле з 1939 года прайшоў усе войны, пачынаючы з Фінскай і заканчваючы Японскай, і ­ўдзельнічаў ва ўзяцці Берліна. У сямейным архіве нават ёсць ліст-падзяка да яго з уласнаручным подпісам Сталіна. Асэнсаванне гэтага прыйшло пасля таго, як я знялася ў адным з ваенных фільмаў. У той момант, седзячы ў сядле, я азірнулася, і за 20 метраў ад мяне была шарэнга “немцаў” з сабакамі, якія ішлі за мной і стралялі. Мяне апанаваў жах. І ў гэты момант я ўпершыню адказала сабе на пытанне, якой бы я была ў тых умовах… Я толькі тады змагла ўявіць, праз што прайшлі нашы дзяды, каб здабыць Перамогу, і як яны выстаялі.

— Якім быў Новы год у вашым дзяцінстве?

— У дзяцінстве навагоднія святы былі амаль заўсёды аднолькава добрыя. Спачатку мы прыя­зджалі ў Магілёў, дзе збіралася ўся сям’я — і гэта было так здорава! Прыязджала наша стрыечная бабуля з Масквы. З Душанбэ прылятаў мой дзед па бацьку — Няфёдаў, які жыў там (бабуля з другім мужам вярнулася ў Беларусь). Таксама часам мы сустракаліся ў Маскве ў сваякоў на Кутузаўскім праспекце. Сабрацца разам было вялікім шчасцем. Гэта было вельмі душэўна, усе — хто ў ноты, а хто і неўпапад — спявалі песні. У мяне захаваліся аўдыязапісы гэтых святаў, зробленыя на шпулечным магнітафоне “Рамантыка”. З усіх дзяцей у сям’і (у мяне ёсць яшчэ стрыечныя брат і сястра) мяне любілі больш, бо я была шкадлівая і няўседлівая: і наганяю атрымлівала больш, і лашчылі мяне таксама больш.

Навагодніх цудаў мы не чакалі, але ведалі, што раніцай пад ёлкай нас чакаюць цукеркі і мандарыны, якія для нас, дзяцей 70-х, былі асаблівым пачастункам. А таксама якая-небудзь цікавая “эксклюзіўная” цацка ад цёткі — ці нямецкая лялька, ці набор лялечнага посуду, паглядзець на які прыходзіў ледзь не ўвесь двор. Гэта было свята з цяплом і любоўю.

— Чаго б вы пажадалі напярэдадні Новага года нашым чытачам?

— Найперш — і, відаць, гэта самае галоўнае! — быць цікавымі для сваіх вучняў, любіць свой прадмет, таму што калі ты любіш тое, што робіш, то можаш заразіць гэтым іншых. Ну і здароўя, канечне!

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Вольгі НЯФЁДАВАЙ.