Вольга Шчарбакова: Настаўнік не толькі вучыць, а найперш выхоўвае, будуе самае каштоўнае — унутраны свет асобы

- 15:12Учитель года

Старонка Вільяма Шэкспіра ў сацыяльнай сетцы, пашпарт Леанарда да Вінчы: настаўніца англійскай мовы Вольга Шчарбакова з гімназіі № 2 Пінска падзялілася з карэспандэнтам  “Настаўніцкай газеты” вопытам, як разняволіць вучняў і падштурхнуць іх да камунікацыі.

Заканчваючы ў свой час школу, Вольга Шчарбакова наўрад ці магла ўявіць, што яна стане для яе другім домам. У дзяцінстве маленькая Оля вельмі любіла ўрокі замежнай мовы, хацела ўсё ведаць і ўмець, а галоўнае — вучыць іншых, як любімы педагог Валянціна Губіна. Сваім прафесійным выбарам Вольга Фёдараўна абавязана менавіта ёй. 

Гады вучобы ў Пінскім педагагічным каледжы БрДУ імя А.С.Пушкіна і Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце праляцелі непрыметна. Да сённяшняга часу Вольга Шчарбакова памятае хваляванне на першых уроках, калі галава круцілася ад шчасця і здавалася, што ўсё па плячы, а даўняя мара нарэшце стала явай. Тым не менш пачынаць маладой настаўніцы было нялёгка. Адна справа — юнацкія летуценні, і зусім іншая — рэальнасць.

— Уяўляла дапытлівыя дзіцячыя вочы і сябе ля дошкі з указкай за цікавым аповедам пра штосьці важнае і захапляльнае, — гаворыць Вольга Фёдараўна. — Але хутка пераканалася, што за ўсёй гэтай рамантычнай карцінай — штодзённая карпатлівая праца. Зразумела: каб стаць сапраўдным настаўнікам, нельга палохацца першых цяжкасцей, а трэба настойліва, цярп­ліва і мэтанакіравана набірацца вопыту і сіл.

Ішоў час. За 20 гадоў у педа­гогіцы ўсе страхі канчаткова развеяліся, а думкі набылі ўпарадкаванасць. Вольга Шчарбакова не памылілася з прафесійнай сцяжынай, якая стала для яе шчаслівым лёсам.  

— Атрымліваю неверагодную асалоду ад любімай справы, зараджаюся падтрымкай сваіх выхаванцаў, дзялюся з імі ўласнымі эмоцыямі і перажываннямі, бачу, як вучні мяняюцца з году ў год і мяняюць мяне, становяцца мамамі і татамі, прыводзяць у гімназію ўжо сваіх дзяцей, — заўважае Вольга Фёдараўна. — Прыемна, калі цябе называюць класнай мамай, а былыя настаўнікі становяцца тваімі лепшымі сябрамі. У школе я сустрэла будучага мужа, сюды прывяла і сваіх дзяцей. 

У Вольгі Шчарбаковай няма адназначнага адказу на пытанне, што самае важнае ў настаўніцкай рабоце, а вось у вучобе, лічыць яна, — гэта чалавек. На гэтым грунтуецца яе педагагічнае крэда.

— Настаўнік не толькі вучыць, а найперш выхоўвае, будуе самае складанае і каштоўнае на зямлі — унутраны свет асобы. Гэта і цяжка, і вельмі цікава адначасова, — адзначае Вольга Фёдараўна.

Штодзень яна знаходзіцца ў пошуку спосабаў, як зра­біць урок жывым і эфектыўным, падштурхнуць дзяцей гаварыць па-англійску свабодна і без боязі. На дапамогу прыходзяць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, актыўныя метады навучання і асобасна арыентаваны падыход. 

— Дзеці вучаць алфавіт, затым словы, граматычныя канструкцыі і вялікую колькасць правіл, а калі надыходзіць час загаварыць, ды яшчэ без папярэдняй падрыхтоўкі, пачынаюцца праблемы. Каб вырашыць іх, даво­дзіцца выхо­дзіць за межы падручніка і разнастай­ваць заняткі дадатковымі заданнямі, якія разнявольваюць вучняў, зацікаўліваюць і падштурхоўва­юць іх да камунікацыі, — расказ­вае настаўніца.

На ўроках яна выкарыстоўвае фотаздымкі, партрэты знакамітых людзей, ілюстрацыі, вокладкі кніг, паштоўкі, білборды, лагатыпы, малюнкі і словы на прадметах адзення і абутку, урыўкі з кінафільмаў і тэлеперадач, відэакліпы, коміксы, грашовыя купюры розных краін, білеты на канцэрты, тэатральныя праграмкі, турыстычныя буклeты, манеты, значкі… Працуе з імі з дапамогай прыёму If Objects Could Talk (“Калі б прадметы ўмелі размаўляць”): прапаноўвае скласці гісторыю, якую прадмет мог бы расказаць пра сябе і свайго гаспадара, і ставіць пытанні праблемнага характару, якія актывізуюць вучэбна-пазнавальную дзей­насць. Дзеці дзеляцца меркаваннямі наконт таго, як прадмет трапіў да гаспадара, чаму чалавек захоўвае яго, як выкарыстоўвае…

— Даю ўстаноўку на выкарыстанне пэўных лексічных структур, — працягвае педагог. — Праслухаўшы ўсе варыянты, расказ­ваю, як было на самай справе, чаму прадмет мне дарагі, а вучні даведваюцца, наколькі яны наблізіліся да ісціны. Гэты прыём выдатна падыходзіць пры вывучэнні тэм, звязаных з жыццёвым вопытам дзяцей. Але ў яго ёсць недахоп: школьнікі з нізкай матывацыяй не заўсёды ўдзельнічаюць у абмеркаванні, пасіўна ўспрымаючы пачутае і ўбачанае. У такім выпадку вырашыць праблему дапамагае работа ў парах ці малых групах.

А вось працаваць у сацыяльных сетках падабаецца амаль усім дзецям. Напрыклад, яны атрымліваюць заданне стварыць старонку Вільяма Шэкспіра ў адной з іх. Дзеці разважаюць, які статус мог бы выбраць драматург, хто мог бы стаць яго сябрам, якую інфармацыю можна было б убачыць на яго старонцы.

У сваёй рабоце педагог актыўна звяртаецца да відэа- і аўдыяматэрыя­лаў, а найбольш эфектыўнымі практыкаваннямі лічыць драматызацыю і агучванне відэаролікаў. Гэта прадугледжвае непадрыхтаваную камунікацыю, арганізаваную ў індывідуальным, парным і групавым рэжымах.

Працуючы з некалькімі крыніцамі інфармацыі адначасова, вучні параўноўваюць тэкст і відэа, анатацыі да фільма і кнігі, артыкул з падручніка і Вікіпедыі, рэкламу аднаго і таго ж прадукту ў розных краінах.

Па словах педагога, уласны творчы прадукт актывізуе дзяцей, развівае іх ініцыя­тыўнасць і крэатыўнасць, вучыць адстойваць свой пункт гледжання, слухаць адно аднаго. Сярод цікавых работ — відэаролік “Мая гімназія”, рэкламная кінаафіша The Avatar, спіс інтэрнэт-сайтаў, прысвечаных творчасці гурта The Beatles, буксэлфі My favourite book, сцэнарый нямога фільма Belarusian wedding, электронны ліст-знаёмства Virtual friendship, плэйкаст My school year, пашпарт Леанарда да Вінчы, кулінарная кніга. Выкананыя заданні аналізуюцца, абмяркоўваюцца, параўноўваюцца і ацэньваюцца самімі вучнямі.

Настаўніца практыкуе і крэатыўнае пісьмо, але далёка не ўсе дзеці ў захапленні ад яго. У такім выпадку Вольга Фёдараўна прыводзіць  прыклады галоўных уменняў сучаснага паспяховага чалавека, сярод якіх ёсць і крэатыўнасць, а ў рамках тэмы “Турызм” адзінаццацікласнікі спрабуюць напісаць апавяданне, казку ці сцэнарый да фільма “Падарожжа на Месяц”.

— Мае выхаванцы розныя, але такія цікавыя і сучасныя… І я павінна не адставаць ад іх! Выхоўваю дзяцей, а яны матывуюць мяне да ўдзелу ў міжнародных і інавацыйных праектах і семінарах, падахвочваюць няспынна развівацца і ўдасканальвацца праз самаадукацыю, курсы, трэнінгі, конкурсы, — прызнаецца Вольга Шчарбакова.

У яе рабоце былі і поспехі, і няўдачы. Настаўніца лічыць іх неад’емнай часткай настаўніцкай працы, якая натхняе, скіроўвае і стымулюе творчую думку.

— Кожная справа ў жыцці пачынаецца з мары, — разважае Вольга Фёдараўна. — На шляху да яе чалавеку патрэбны вопытны настаўнік, які ўжо хадзіў па гэтай дарозе і ведае, як абысці небяспечныя месцы, дзе зрэзаць, а дзе лепш сцішыць хаду і рухацца няспешна. Калісьці я вырашыла стаць педагогам дзякуючы школьным настаўнікам і хачу быць такім жа прыкладам для сваіх вучняў. Мяняюцца пакаленні, погляды людзей, дзеці становяцца дарослымі… А настаўнік застаецца. Ён па-за часам. Бо будучыня маёй краіны знаходзіцца ў маім класе ўжо сёння!

Гэтым прынцыпам кіруецца ў жыцці і рабоце пераможца абласнога этапу сёлетняга рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” Вольга Шчарбакова.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА