Вопыт беларускіх дзяцей на міжнародным узроўні

15 мая на базе сярэдняй школы № 10 Слоніма адбылася Міжнародная навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя “Праблемы фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці навучэнцаў ва ўмовах сеткавых зносін”, прысвечаная Году малой радзімы.

На пленарным пасяджэнні ў рэжыме скайп-зносін заслуханы даклады Альгімантаса Баранаўскаса, дырэктара Бяздонскай “Саўлецекё” базавай школы (Літва) і С.У.Лукшэнэ, дырэктара Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання аб асаблівасцях арганізацыі ініцыятыў моладзі ў падтрымку вывучэння і захавання прыроднай і культурнай спадчыны сваёй малой радзімы.

Навучэнцы сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска Соф’я Борыс і Настасся Мазец прадставілі свой вопыт у рабоце секцыі “Фарміраванне грамадзянскай ідэнтычнасці падлеткаў у сістэме міжсеткавага ўзаемадзеяння”. Соф’я расказала пра дзейнасць цімураўскага руху, актыўнай удзельніцай якога з’яўляецца сама. Настасся падзялілася вопытам рэалізацыі экалагічнага праекта “Захаваем планету разам” праз стварэнне блога, дала адказы на пытанні “Як сабраць каманду аднадумцаў для стварэння і вядзення блога?”, “Як падштурхнуць да пошуку матэрыялу?”, “Як фарміраваць грамадзянскасць падлеткаў?”.

Незабыўным відовішчам стала прадстаўленне-рэканструкцыя “Вызваленню Слоніма прысвячаецца”. Падчас майстар-класа “Калейдаскоп беларускіх народных промыслаў” удзельнікі маладзёжнага форуму змаглі ўпэўніцца ў бязмежным таленце нашага народа. На пасяджэнні маладзёжнага парламента “Маладзёжныя грамадскія аб’яднанні як прыклад актывізацыі стваральнай, грамадзянскай актыўнасці моладзі” навучэнцы з розных школ змаглі выказаць свае прапановы для развіцця, умацавання і росквіту роднай Беларусі.

Таццяна НОВІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Ваўкавыска.