Вопыт для пераймання

Сацыяльная адказнасць бізнесу, вопыт, варты для пераймання, сталі прадметам інтарэсу членаў пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Менавіта на названай тэматыцы была засяроджана ўвага парламентарыяў на чарговым выязным пасяджэнні пярвічкі, прысвечаным Тыдню маці.

…Тут, у маляўнічым кутку Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, размяшчаецца сялянска-фермерская гаспадарка Green Ranch, якая, сумесна з мясцовым Цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, праводзіць рэабілітацыю дзяцей-інвалідаў. У гаспадарцы, якую ўзначальвае Мікалай Васільевіч Сінкавец, ёсць коні, частку з якіх СФГ выкарыстоўвае для іпатэрапіі — верхавой язды для дзяцей-інвалідаў. Для бацькоў маленькіх пацыентаў лячэнне практычна бясплатнае (яны аплачваюць толькі работу рэабілітолага), гаспадарка бясплатна прадастаўляе коней, амуніцыю і інфраструктуру, заахвочвае да супрацоўніцтва валанцёраў, запрасіла для заняткаў з дзецьмі прафесіянальных спецыялістаў. ЦКРНіР арганізаваў падвоз дзяцей і іх суправаджэнне, праводзіць неабходную работу з бацькамі. Між іншым, цэнтр у студзені бягучага года прызнаны пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшы Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”.

— Асноўная наша мэта пры будаўніцтве стайні была не атрыманне прыбытку, а менавіта сацыяльная работа, — расказаў гасцям М.В.Сінкавец. —Яе, як і іншую інфраструктуру, мы выкарыстоўваем яшчэ і для сумеснай работы з упраўленнем адукацыі, спорту і турызму Смалявіцкага райвыканкама, у нас дзейнічае конна-спартыўная школа, СФГ бясплатна прадастаўляе ўсё неабходнае для заняткаў.

У сваю чаргу, як далей даведаліся госці, мясцовы Цэнтр фізічнай культуры, спорту і турызму забяспечвае неабходны штат супрацоўнікаў. Секцыя існуе ўжо тры гады, у ёй займаюцца 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку дзеці з прыёмных сем’яў і сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Падтрымка маці, дзяцей, ветэранаў, інвалідаў — пастаянны клопат Беларускага саюза жанчын, — расказала старшыня пярвічнай арганізацыі БСЖ Палаты прадстаўнікоў Вольга Уладзіміраўна Петрашова. — Што тычыцца інвалідаў, то сёння на заканадаўчым узроўні ў нас шмат праектаў, якія падтрымліваюць і інвалідаў, і іх сем’і, і тых, хто даглядае інвалідаў. Кіраўнік дзяржавы звяртае асаблівую ўвагу на падтрымку праектаў, якія дапамагаюць інвалідам, пажылым людзям. А тут мы бачым праект, які аб’ядноўвае прыватную і дзяржаўную ініцыятыву, на вельмі высокім узроўні ажыццяўляецца рэабілітацыя дзяцей-інвалідаў. Такі вопыт, канечне, неабходна папулярызаваць, што мы і імкнёмся зрабіць, хочам распаўсюдзіць яго. Упэўнена, што прадпрымальнікі падтрымаюць такую добрую справу.

Падчас візіту ў Green Ranch дэпутаты пазнаёміліся яшчэ з адным сацыяльна значным праектам гаспадаркі (а ў сацыяльнай рабоце задзейнічана ўся сям’я Сінкавец) — будаўніцтвам на тэрыторыі Смалявіччыны дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Гатовы ўжо тры з іх, плануецца і далейшае будаўніцтва. Дзеля рэалізацыі гэтага праекта СФГ нават стварыла свой дабрачынны фонд і перспектывы для яго дзейнасці адкрываюцца вялікія, асабліва, калі прыватную ініцыятыву падтрымаюць беларускія парламентарыі ў плане, магчыма, стварэння Рэспубліканскага цэнтра — дзіцячай вёскі.

Жанчын-дэпутатаў сацыяльная работа ў гаспадарцы вельмі зацікавіла. Так, па іх ініцыятыве была праведзена акцыя “Свет бязмежных магчымасцей” для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, з удзелам пярвічкі ажыццяўляецца праект “Тэрыторыя людзей” — у верасні 2018 года ў Магілёўскай вобласці адкрыўся магазін, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі прадаюць свае вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, маюць магчымасць сустракацца, абменьвацца вопытам, праводзіць майстар-класы. Існуе нямала іншых ініцыятыў, якія ажыццяўляюцца з удзелам парламентарыяў, у тым ліку членаў Беларускага саюза жанчын, у цэнтры ўвагі якіх — рэалізацыя дзяржаўнай сямейнай палітыкі.

Марына ХІДДЖАЗ.