Вопыт для развіцця

- 11:17Вышэйшая школа

Вопыт работы навукова-тэхналагічнага парка, які створаны ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, прадставілі ўвазе дэлегацыі з Кубы.

Тэхнапарк наведалі прадстаўнікі Міністэрства навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Куба, а таксама трох універсітэтаў. Як адзначыла генеральны дырэктар юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Кубы Юрайке Сеаоне, у краіне плануецца стварыць пяць тэхнапаркаў. Адкрыццё першага з іх, які будзе звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі, запланавана на сту­дзень будучага года.

Летам 2019 года паміж Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Куба быў падпісаны мемарандум, які прадугледжвае абмен інфармацыяй і тэхнічныя кансультацыі па пытаннях стварэння і развіцця навукова-тэхналагічных паркаў. Работа Гродзенскага тэхнапарка ўяўляе цікавасць для кубінскіх спецыялістаў у тым ліку таму, што гэта не так даўно створаная структура, вопыт якой будзе павучальны для гасцей. Таксама іх цікавіла тэхналогія прыцягнення рэзідэнтаў, складанне бізнес-планаў, работа са студэнцкімі стартапамі.

Прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі расказаў пра напрамкі дзейнасці навукова-тэхналагічнага парка, яго рэзідэнтаў, перспектывы развіцця.

— Важна, што рэзідэнты “нараджаюцца” і ўнутры ўніверсітэта, — сказаў Юрый Яцэнтавіч. — З сямі рэзідэнтаў тры — гэта кампаніі, створаныя студэнтамі, выкладчыкамі і супрацоўнікамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Нядаўна ва ўніверсітэце пачала дзейнічаць студыя праектаў і стартапаў, дзе цяпер падтрымліваецца 29 праектаў. Спадзяёмся, што ў хуткім часе некаторыя з іх стануць рэзідэнтамі тэхнапарка.

Азнаёмілі гасцей і з інфраструктурай тэхнапарка, выкарыстоўваць магчымасці якой могуць не толькі студэнты і выкладчыкі, але і прадпрымальнікі.

На сустрэчы ад беларускага боку прысутнічалі таксама намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Болтрык, дырэктар навукова-тэхналагічнага парка Аляксандр Васілевіч, начальнік цэнтра трансферу тэхналогій ГрДУ Алена Апякун, дэкан факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Аляксандр Варанцоў, дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Алег Шыраеў.

І кубінскі, і беларускі бакі падкрэслілі важнасць такіх сустрэч, у тым ліку і для наладжвання сувязей паміж вучонымі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.