Вопыт лепшых — у практыку работы ўсіх

- 14:16Планёрка ў рэгіёне

Такім прынцыпам кіруюцца педагогі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Творчых, паспяховых і адданых прафесіі майстроў у рэгіёне дастаткова. Пра многіх з іх можна даведацца, зазірнуўшы на сайт аддзела адукацыі ў рубрыку “Дошка гонару”.
Пра дасягненні сенненскіх педагогаў і іх планы на будучыню ў “Суботняй планёрцы” расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Сенненскага райвыканкама Віцебскай вобласці Людміла Пятроўна АНІСЬКОВІЧ.

— Якія падзеі мінулага навучальнага года падаюцца вам найбольш яркімі?
— Год быў насычаным. Знакавай стала творчая сустрэча педагагічнай грамадскасці з супрацоўнікамі рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” ў лютым, у якой прымалі ўдзел прадстаўнікі Верхнядзвінскага, Чашніцкага і Віцебскага раёнаў.

суботняя планерка сянноУ маі праводзіўся фестываль метадычных ідэй “Вопыт лепшых — у практыку работы”. Яго вынікі паказалі, што ва ўстановах адукацыі склаўся вопыт эфектыўнай адукацыйнай практыкі. Так, для ўдзелу ў конкурсах па 13 намінацыях было прадстаўлена 147 прыкладаў, з іх 116 (79%) адзначаны дыпломамі. Апраўдала сябе і практыка правядзення на працягу апошніх чатырох гадоў раённых конкурсаў кабінетаў. Сёлета паспяхова прайшоў конкурс кабінетаў рускай мовы і літаратуры. Ва ўсіх установах, якія прынялі ўдзел у ім, педагагічныя калектывы правялі значную работу па сучасным, эстэтычным афармленні кабінетаў, абнаўленні вучэбных стэндаў.
Свой вопыт эфектыўнай адукацыйнай практыкі педагогі раёна трансліравалі на ўзроўні рэспублікі і вобласці. Так, на базе Сенненскай школы-інтэрната прайшоў рэспубліканскі семінар з удзелам дырэктараў інтэрнатных устаноў “Апрабацыя метадычных рэкамендацый па рэалізацыі праграмы выхаваўчай работы “Грамадзянін. Працаўнік. Сем’янін” у дзіцячых інтэрнатных установах для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў”, абласны семінар метадыстаў (спецыялістаў) “Асаблівасці рэгіянальнай мадэлі метадычнай работы з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры”.
У 2014/2015 навучальным годзе прадоўжана практыка ўкаранення педагагічных ініцыятыў: праводзіцца актыўная мэтанакіраваная работа педагагічных калектываў Сенненскай школы-інтэрната (дырэктар Л.Л.Казлоў), сенненскай сярэдняй школы № 1 (дырэктар А.І.Ладыжын), багушэўскай сярэдняй школы № 1 (дырэктар А.А.Саўчук); багушэўскай сярэдняй школы № 2 (дырэктар Л.В.Галавінская) па арганізацыі эксперыментальнай, інавацыйнай, творчай дзейнасці. Творчая дзейнасць сенненскай сярэдняй школы № 2 (дырэктар А.Н.Сукорская), Какаўчынскай (дырэктар Г.П.Сіўчык), Студзёнкаўскай (дырэктар В.А.Касьянаў), Немайтоўскай (дырэктар М.М.Рабушка), Ульяноўскай (дырэктар В.Л.Бараноўскі) школ прызнана сістэмна арганізаванай і эфектыўнай.
— Якія мерапрыемствы праводзяцца ў Год моладзі ў раёне?
— Іх вялікая колькасць, і яны самыя разнапланавыя. У раёне прайшлі турыстычны злёт навучэнцаў, злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху “Шануй законы дарог” (пераможца — Багданаўская сярэдняя школа), ваенна-спартыўная гульня “Зарніца” (пераможца — РЦДіМ), экалагічны фестываль “Моладзь за захаванне роднага краю”. Сумесна з раённым камітэтам БРСМ школьнікі раёна прынялі ўдзел у вялікай колькасці патрыятычных акцый, напрыклад, “Я — грамадзянін Беларусі”, “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны”. Таксама пры садзейнічанні БРСМ у сакавіку адбыўся раённы этап агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод пярвічных арганізацый БРСМ, па выніках якога каманда Багданаўскай школы прадставіла Сенненскі раён на рэгіянальным этапе ў Талачыне, дзе заняла 1-е месца, а на вобласці яна атрымала выніковае 4-е месца.
Год моладзі адзначаны стварэннем Маладзёжнай палаты пры Сенненскім раённым Савеце дэпутатаў, членамі якой сталі актыўныя ўдзельнікі школьных пярвічак БРСМ. Старшынёй палаты абрана навучэнка першай Сенненскай школы Яніна Шаўчэнка. Асаблівасцю работы гэтага ініцыятыўнага органа з’яўляецца ажыццяўленне сацыяльна значных праектаў рознай накіраванасці — экалагічнай, прыродаахоўнай, валанцёрскай, па прапагандзе здаровага ладу жыцця, па стварэнні ўмоў для культурна-адпачынкавай дзейнасці навучэнцаў.
У сенненскай сярэдняй школе № 1 рэалізуюцца праекты “Роўны — роўнаму”, “Спорт для ўсіх”, “Адкрытае сэрца”, якія ахопліваюць навучэнцаў школы і іх бацькоў, а таксама наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання Сенненскага ТЦСАН. Праекты Какоўчынскай, Студзёнкаўскай школ, Сенненскай школы-інтэрната накіраваны на добраўпарадкаванне прышкольных тэрыторый. Маладыя актывісты раёна высадзілі Алею Памяці і прывялі ў парадак воінскія пахаванні. Названыя мерапрыемствы з’яўляюцца прыкладам стваральнай ініцыятывы моладзі, накіраванай на добраўпарадкаванне роднага краю.
— Творчая і таленавітая моладзь жыве ў Сенненскім раёне.
— Яшчэ якая! На працягу мінулага навучальнага года нашы навучэнцы прадэманстравалі свае творчыя здольнасці ў 36 абласных конкурсах, заваяваўшы прызавыя месцы ў 21 з іх, і ў 15 рэспубліканскіх конкурсах. Высока адзначаны творчыя дасягненні вучняў Сенненшчыны ў конкурсах мастацка-эстэтычнага кірунку “Планета вачыма дзяцей”, “Люблю свой край я сінявокі, дзе шчасце меў на свет з’явіцца”, “Вянок славы”. Юныя таленты Сенненшчыны заваявалі 458 дыпломаў, з якіх 377 — раённага, 72 — абласнога, 8 — рэспубліканскага, 1 — міжнароднага ўзроўню.
Радуюць і спартыўныя дасягненні нашых навучэнцаў. На працягу некалькіх апошніх гадоў каманда раёна ўваходзіць у тройку лідараў абласной спартакіяды школьнікаў. У 2015 годзе школьнікі раёна сталі першымі ў абласных спаборніцтвах па лыжных гонках, стральбе з пнеўматычнай зброі і біятлоне “Снежны снайпер”, другімі ў летнім мнагаборстве “Абаронца Айчыны”. 11 навучэнцаў уваходзілі ў склад зборнай вобласці на спаборніцтвах рэспубліканскага ўзроўню. Таксама ў чэмпіянаце Віцебскай вобласці футбольны клуб “Будаўнік” заняў 3 месца, у Міжнародным турніры па міні-футболе, прысвечаным Дню абаронцы Айчыны, — 2 месца. У абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю масавай фізкультурна-спартыўнай работы наш раён у намінацыі “Гарады абласнога падпарадкавання і раёны ў горадзе Віцебску” заняў 1 месца, у намінацыі “Аграгарадкі і іншыя сельскія населеныя пункты” — 2 месца, у абласных спаборніцтвах па валейболе ў рамках абласной спартакіяды сярод дзяцей і падлеткаў, якія займаюцца ў групах і секцыях па месцы жыхарства, — 2 месца.
— Педагогі Сенненшчыны да пераходу на профільную адукацыю гатовы?
— Гатовы. Яшчэ ў чэрвені правялі семінар “Арганізацыя сістэмы работы настаўніка ва ўмовах пераходу на профільнае навучанне па вучэбных прадметах”, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў адукацыі і іх намеснікі. У 2015/2016 навучальным годзе з мэтай поўнага задавальнення адукацыйных запытаў для 84 высокаматываваных навучэнцаў, якія перайшлі на III ступень агульнай сярэдняй адукацыі, плануецца арганізаваць профільнае навучанне і адкрыць 26 профільных груп у шасці сярэдніх школах раёна з вывучэннем на павышаным узроўні сямі вучэбных прадметаў. Пры гэтым у кожнай сярэдняй школе раёна для тых старшакласнікаў, якія не вызначыліся з профілем, мы захавалі 10-я класы з вывучэннем усіх вучэбных прадметаў на базавым узроўні.
— Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ўжо выйшла на фінішную прамую?
— Да новага навучальнага года завяршаюцца капітальныя рамонты ў сенненскіх сярэдніх школа № 1 і № 2, Сенненскай школе-інтэрнаце, а таксама праводзіцца рэканструкцыя будынка пад базу біятлона. У рамках бягучага рамонту праведзена сур’ёзная работа па стварэнні сістэмы супрацьпажарнай бяспекі ў Беліцкай школе і Багушэўскай санаторнай школе-інтэрнаце. Абсталяваны новы кабінет фізікі ў Багушэўскай сярэдняй школе. Заменены трубы каналізацыі ў Машканскай школе.
Значны аб’ём рамонтных работ выкананы сіламі ўстаноў адукацыі за кошт пазабюджэтных сродкаў. У асноўным у школах рабіўся касметычны рамонт — афарбоўка і абклейванне памяшканняў. Дзейсную дапамогу ў правядзенні рамонтных работ, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аказалі Сеннескі раённы выканаўчы камітэт, прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Мы ім за гэта вельмі ўдзячныя, як і ўсім кіраўнікам і калектывам школ раёна. Дзеці прыйдуць 1 верасня ў чыстыя і прыгожыя класы.

Святлана КІРСАНАВА.