Вопыт, маладосць, перспектывы

- 9:30Навіны рэгіёнаў

Вынікі двух пілотных адукацыйных праектаў падведзены на Віцебшчыне

Старт конкурсам “ІДЭЯ” (Інтэлектуальны Дасведчаны Эфектыўны Я-педагог) і #Маладыя_педагогі #new_generation, арганізаваным галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама і абласным інстытутам развіцця адукацыі, быў дадзены 8 верасня. Абодва праекты рэалізаваны па ініцыятыве ВАІРА. Анлайн-рэгістрацыя да ўдзелу адбывалася да канца верасня, затым на працягу месяца канкурсанты павінны былі прадаставіць свае работы на разгляд журы.

Ёсць “ІДЭЯ”!

У конкурсе “ІДЭЯ” настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі запрасілі паспаборнічаць у намінацыях “Лепшы артыкул навукова-практычнага характару”, “Лепшы вопыт педагагічнай дзейнасці” і “Лепшая распрацоўка вучэбных заняткаў”. Праект нацэлены на павышэнне прэстыжнасці прафесіі настаўніка і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту. Задачамі конкурсу арганізатары вызначылі выяўленне творча працуючых настаўнікаў і прадастаўленне ім магчымасці рэалізаваць прафесійны і асобасны патэнцыял, трансляцыю ў інфармацыйна-адукацыйнай прасторы арыгінальных педагагічных ідэй і знаходак, інавацыйных распрацовак, стымуляванне дзейнасці педагогаў, накіраванай на стварэнне і выкарыстанне сучасных педагагічных тэхналогій.

Прапанаваная тэматыка артыкулаў у першай конкурснай намінацыі ўключала ўкараненне кампетэнтнаснага падыходу і рэалізацыю аўтарскіх ідэй у навучанні, распрацоўку класічных і нестандартных урокаў, пазакласных мерапрыемстваў (урок), падрыхтоўку навучэнцаў да цэнтралiзаванага тэсцiравання, работу з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі. Да абодвух конкурсаў дапускаліся работы, якія адпавядаюць патрабаванням вучэбных праграм па вучэбных прадметах для ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь і раней не публікаваліся ў спецыялізаваных навуковых выданнях, навукова- і вучэбна-метадычных часопісах, зборніках, а таксама не прымалі ўдзелу ў іншых конкурсах. У конкурсе “ІДЭЯ” а­дзін педагог меў права ўдзельнічаць у некалькіх намінацыях, але не больш як з адной работай у кожнай.

— Мы ўпершыню правялі прафесійны конкурс для педагогаў вобласці праз паказ таго, наколькі яны ўмеюць распрацоўваць і прапаноўвац­ь свае ідэі ў фармаце публікацый, — расказала начальнік цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі і аналізу яе якасці ВАІРА настаўнік кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Валянціна Пікулік.— Калі зацвярджалі палажэнне аб конкурсе, нават не чакалі такой вялікай колькасці жадаючых паўдзельнічаць, у тым ліку з іншых рэгіёнаў. Парадавала шырокая геаграфія ўдзельнікаў: сярод 496 канкурсантаў — прадстаўнікі ўстаноў адукацыі як нашых буйных гарадоў, так і райцэнтраў, невялікіх населеных пунктаў. Прыемна здзівіла і тое, што актыўна адгукнуліся на конкурс педагогі практычна ўсіх вучэбных прадметаў і галін, уключаючы спецыяльную і дадатковую адукацыю. Забягаючы наперад, хачу дадаць: гэта поўнасцю характарызуе і сітуацыю з конкурсам #Маладыя_педагогі #new_generation. Таму пачыналі праекты як абласныя, а цяпер вырашылі працягнуць іх як адкрытыя, каб разам з педагогамі Віцебшчыны далучыцца да конкурсаў маглі і іх калегі з усёй краіны і, у перспектыве, замежжа. Акрамя таго, па выніках першых конкурсаў вырашылі ўвесці новыя намінацыі.

Першыя сярод роўных

Пры вызначэнні пераможцаў або­двух конкурсаў журы кіравалася такімі крытэрыямі ацэнкі, як цэласнасць, актуальнасць, дакладнасць у фармуляванні мэт і задач, змесце і выкладанні матэрыялу, стылістычная мэтазгоднасц­ь, практычнае выкарыстанне ў адукацыйным працэсе. Улічваліся арыгінальнасць, навізна педагагічнай ідэі, прадстаўленне розных форм работы (індывідуальнай, парнай, групавой, калектыўнай), скіраванасць на развіццё ў навучэнцаў ключавых кампетэнцый. Перавага аддавалася работам, напісаным на недастаткова распрацаваную метадычную тэму або тэму, што выклікае ў навучэнцаў найбольшую складанасць у працэсе вывучэння предмета.

— Мы пабачылі многа сапраўды цікавых работ, крэатыўных ідэй, — адзначыла Валянціна Пікулік. — Так, Алена Аўсянік выдатна прэзентавала свае падыходы адносна сучасных адукацыйных тэхналогій у экалагічнай адукацыі — бздакорнае майстэрства! Нельга не згадаць работу Аляксандра Гарнага — жывы наглядны ўзор, як эфектыўна выкарыстоўваць багатыя магчымасці сучаснага настаўніка: інфармацыйна-камунікацыйныя, сучасныя педагагічныя тэхналогіі, пэўныя прадметныя фішкі настаўніка геаграфіі і біялогіі, настаўніка, які працуе ў агра­класах — а­ўтар усё гэта аб’яднаў, і атрымалася каласальна цікавае з пунк­ту гледжання надпрадметнага вопыту спалучэнне. Хаця калегі склалі яму дастойную канкурэнцыю, тут не магу не назваць работу Алены Вайцяхоўскай — яшчэ адно яркае адкрыццё. Надзвычай высокай была канкурэнцыя і ў намінацыі “Лепшая распрацоўка вучэбных заняткаў”. Адпаведна былі праведзены два этапы адбору: спачатку вызначаліся тройкі лепшых работ па пэўных групах вучэбных прадметаў, а затым сярод іх надпрадметнае журы вылучала пераможцаў. У лідары пасля экспертнай ацэнкі выйшлі распрацоўкі Валянціны Белай і Галіны Гляк. За трэцяе месца амаль на роўных канкурыравалі працоўнае навучанне, пачатковая школа, гісторыя, геаграфія — у выніку перамагла работа Марыі Асоўскай, якая набрала пераважную колькасц­ь балаў. Усе ўрокі фіналістаў не проста ўяўляюц­ь цікавасць, але і маюц­ь практычнае значэнне, іх (або іх асобныя элементы) можна з поспехам выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе. Безумоўна, падобныя конкурсы — гэта і вучоба для нас як метадыстаў, бо яны задаюць арыенціры, якім напрамкам і дзе неабходна ўдзяліць больш увагі, каб удасканальваць якасць работы нашых настаўнікаў.

Пераможцы конкурсу “ІДЭЯ” для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай вобласці: у намінацыі “Лепшы артыкул навукова-практычнага характару” — Алена Валер’еўна Аўсянік, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 2 Полацка; у намінацыі “Лепшы вопыт педагагічнай дзейнасці” — Аляксандр Анатоль­евіч Гарны, настаўнік геаграфіі і біялогіі Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна і Алена Уладзіміраўна Вайцяховіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны; у намінацыі “Лепшая распрацоўка вучэбных заняткаў” — Валянціна Сямёнаўна Белая, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 4 Чашнікаў (1-е месца), Галіна Васільеўна Гляк, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 17 Оршы (2-е месца), і Марыя Іосіфаўна Асоўская, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №1 Лепеля (3-е месца).

Маладое пакаленне: новыя погляды і падыходы

У конкурсе #Маладыя_педагогі #new_generation прымалі ўдзел педагогі ўстаноў адукацыі вобласці са стажам да трох гадоў. Арганізатары зрабілі выразны акцэнт на выкарыстанні мультымедыйных тэхналогій у сучасным адукацыйным працэсе і прапанавалі тры намінацыі: “Выкарыстанне элементаў медыянавучання на занятках у дашкольных установах адукацыі”, “Лепшы сцэнарый медыяўрока ў пачатковай школе” і “Лепшы сцэнарый медыяўрока ў сярэдняй школе”. Задачамі конкурсу з’яўляюцца актывізацыя творчага і прафесійнага патэнцыялу маладых педагогаў, выяўленне таленавітых настаўнікаў і садзейнічанне распаўсюджванню іх вопыту работы, дэманстрацыя прафесійных дасягненняў, фарміраванне пазітыўнага сацыяльнага і прафесійнага іміджу педагога. Да ўдзелу прымаліся работы (па адной ад канкурсанта) у выглядзе сцэнарыя (або фрагментаў сцэнарыя) медыяўрока (заняткаў).

— Мы далі магчымасць паказаць сябе новаму пакаленню педагогаў з іх новым бачаннем сучаснага адукацыйнага працэсу, не абмяжоўваючы ўдзельнікаў класічнай дыдактыкай, — пракаменціравала Валянціна Пікулік. — Найперш хочацца спыніцца на работах педагогаў дашкольных устаноў — дарэчы, у гэтай намінацыі была найбольшая колькасць канкурсантаў, амаль 60 чалавек. Сярод іх не толькі выхавальнікі, але і музычныя кіраўнікі, педагогі, якія займаюцца арганізацыяй фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці ў сваіх установах. У ліку самых яркіх аўтарскіх работ — віртуальная экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы (фактычнае пагружэнне ў дапоўненую рэальнасць з эфектам прысутнасці) і музычнае падарожжа з выкарыстаннем QR-кодаў “Пасылка з Кітая”, “Чысціня — гэта прыгожа” (да таго ж яшчэ займальна і карысна), заняткі па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў “Шчанюковы патруль спяшаецца на дапамогу”. Наш конкурс прыкметна зацікавіў педагогаў спецыяльнай, дадатковай адукацыі — як я вышэй гаварыла, наспела відавочная неабходнасць уводзіць новыя намінацыі. Арыгінальныя і змястоўныя работы прапанавалі прадстаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі: тут і “Парады па здаровым харчаванні” для пяцікласнікаў з удалым выкарыстаннем сучасных лічбавых тэхналогій LearningApps, Kahoot!, Mentimeter, Wordwall (урок па развіцці гаварэння на замежнай мове), і захапляльнае падарожжа разам з віртуальнымі героямі па гарадах, дзе жывуць галосныя, зычныя гукі і літары, і ўрок для чацвёртакласнікаў “Змена імёнаў прыметнікаў па родах” з электроннымі інтэрактыўнымі заданнямі (LearningApps, QR-коды) і наведваннем “Фабрыкі крыжаванак”… Іншымі словамі, наша моладзь змагла вельмі ўпэўнена і прафесійна заявіць пра сябе, што не можа не радаваць. На жаль, эпідэмічная сітуацыя не дазволіла паказаць аўтарам свае лепшыя напрацоўкі ўжывую падчас традыцыйнага абласнога фестывалю маладых спецыялістаў “Перспектыва”, як планавалася першапачаткова. Але такая магчымасць абавязкова бу­дзе, хутчэй за ўсё, на абласным форуме, які плануецца правесці бліжэй да канца навучальнага года.

Пераможцы конкурсу #Маладыя_педагогі #new_generation: у намінацыі “Выкарыстанне элементаў медыя­навучання на занятках у дашкольных установах адукацыі” — Вольга Сяргееўна Дайлідзёнак, выхавальніца ясляў-сада № 15 Полацка (1-е месца), Наталля Міхайлаўна Віцюк, выхавальніца ясляў-сада № 8 Полацка, Вераніка Аляксандраўна Матэленак, выхавальніца Мёрскага ясляў-сада № 1 і Яна Станіславаўна Астроўская, музычны кіраўнік ясляў-сада № 86 Віцебска (2-е месца), Вераніка Аляксандраўна Брыкман, выхавальніца Обальскага ясляў-сада Шумілінскага раёна, Карына Віктараўна Папакуль, кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 35 Віцебска і Вольга Пятроўна Прысь, выхавальніца ясляў-сада № 1 Полацка (3-е месца); у намінацыі “Лепшы сцэнарый медыя­ўрока ў пачатковай школе” — Вераніка Уладзіміраўна Сырамалот, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 31 Віцебска імя В.З.Харужай, і Валерыя Вадзімаўна Гурская, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 14 Віцебска; у намінацыі “Лепшы сцэнарый медыяўрока ў сярэдняй школе” — Юлія Уладзіміраўна Гардзецкая, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 3 Оршы (1-е месца), Дар’я Юр’еўна Шышко, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 45 Віцебска імя В.Ф.Маргелава (2-е месца), і Надзея Віктараўна Кузняцова, настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 16 Полацка (3-е месца).

Пераможцы конкурсаў узнагаро­джаны дыпломамі; усе ўдзельнікі атрымалі электронныя сертыфікаты. Лепшыя работы будуць уключаны ў навукова-метадычнае выданне ВАІРА і надрукаваны ў “Настаўніцкай газеце”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.