Вопыт, напрацаваны за 80 гадоў

Кавалі і мадэльеры, хлебапёкі і чыгуначнікі, будаўнікі і хімікі… 37 устаноў прафтэхадукацыі Гомельшчыны разгарнулі на галоўнай плошчы горада над Сожам выставу-кірмаш “Моладзь у прафесіі”.

Выстава прысвечана 80-годдзю сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Дарэчы, сёлета на Гомельшчыне рыхтуюць рабочых па 106 прафесіях прафесійна-тэхнічнай і 56 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Упершыню ў Гомельскім прафесійным шматпрофільным ліцэі ў гэтым годзе праведзены набор на спецыяльнасць “Тэрмаапрацоўшчык швейных вырабаў”, у Мазырскім палітэхнічным каледжы — па спецыяльнасці “Мантаж і эксплуатацыя электраабсталявання” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-электрык”.

У сучасных эканамічных умовах цвёрдую канкурэнтную барацьбу вытрымліваюць толькі тыя арганізацыі, у якіх кваліфікаваныя рабочыя валодаюць ведамі пра самыя новыя тэхналогіі і ўмеюць якасна эксплуатаваць сучасную тэхніку і абсталяванне. Менавіта таму ў вобласці створаны сучасныя рэсурсныя цэнтры, дзе навучаюць эфектыўна за кошт выкарыстання сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання і вопытных педагогаў-практыкаў.

Штогод установы прафесійнай адукацыі праводзяць работу па заключэнні дамоў з прадпрыемствамі-заказчыкамі кадраў вобласці і рэспублікі аб арганізацыі вытворчага навучання і праходжанні вытворчай практыкі. Асаблівая ўвага сёлета ўдзелена інавацыйным кірункам развіцця эканомікі, супрацоўніцтву з арганізацыямі прыватнай формы ўласнасці.

Для прыцягнення моладзі ў вытворчы сектар эканомікі і папулярызацыі рабочых прафесій установы прафадукацыі прымаюць удзел у конкурсе WorldSkillsBelarus, які зараз праходзіць у Мінску. На чацвёрты чэмпіянат адправілася каманда Гомельскай вобласці ў складзе

4­0  удзельнікаў па 31 кампетэнцыі. Удзел у спаборніцтвах такога ўзроўню — выдатны шанс для навучэнцаў і маладых рабочых прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства і запатрабаванасць прафесіі. А для педагагічных работнікаў гэта добрая школа, дзе яны могуць прааналізаваць, якія патрабаванні існуюць у свеце да падрыхтоўкі рабочых, і ўнесці карэктывы ў падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых кадраў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Яўгена РУМЯНЦАВА.