Вопыт школьных музеяў Веткаўшчыны

Школьны музей — база для фарміравання грамадзянска-­патрыятычных якасцей асобы. У гэтым упэўнены настаўнікі Веткаўшчыны. У райцэнтры Ветка, які знаходзіцца зусім побач з Гомелем, дзейнічае вядомы на ўсю краіну музей стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава. З яго мясцовыя педагогі і бяруць прыклад: у розных установах адукацыі Веткаўскага раёна ёсць свае адметныя музеі, якія заслугоўваюць асобнай увагі.

Як расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама Таццяна Помазава, формы школьнай музейнай дзейнасці ў раёне самыя разнастайныя.

— Гэта можа быць пошукавая і даследчая работа, правядзенне экскурсій для навучэнцаў і гасцей, дапамога і клопат пра ветэранаў вайны і педагагічнай працы, удзел у мерапрыемствах па ўвекавечанні памяці герояў і ахвяр вайны, мастацкая творчасць… Сабраныя ў школьных музеях матэрыялы і рэчы садзейні­чаюць пашырэнню кругагляду і развіццю пазнавальнай цікавасці, авалоданню практычнымі навыкамі пошукавай і даследчай дзейнасці, спрыяюць самаразвіццю і выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму, — адзначыла Таццяна Помазава.

Дзікі і зубры ў Стаўбуне

Экалагічны музей сярэдняй школы ў аграгарадку Стаўбун з’яўляецца яе гордасцю. Як расказаў дырэктар установы Леанід Грышачкін, музей быў створаны пад кіраўніцтвам заслужанай настаўніцы Рэспублікі Беларусь Ганны Іванаўны Ермуковай у 1989 годзе.

— Па крупінках сабраны матэрыял, укладзеныя ў гэтую работу веды і душа далі свой вынік. Наш музей — сапраўдная жамчужына, незаменны памочнік у вучэбна­выхаваўчым працэсе. Юныя экскурсаводы з энтузіязмам і захапленнем знаёмяць наведвальнікаў з экспанатамі. А паглядзець у нас ёсць на што. Тут ёсць чучалы звяроў беларускіх лясоў: велічнага зубра, грацыёзных ласёў і казуль, пранырлівых дзікоў і асцярожнай, хітрай лісіцы, іншых жывёл. У нас сабраны цікавыя і рэдкія кнігі пра прыроду. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь прыходзіць на дапамогу падчас правядзення экалагічных свят. Дзеці слухаюць ажыўшыя галасы дрэў і звяроў, калі праходзяць заняткі факультатыву “Экалагічнае краязнаўства”, — расказаў дырэктар школы.

Дарэчы, у гэтым музеі праходзяць урокі біялогіі і геаграфіі падчас вывучэння адпаведных тэм. Вельмі багаты матэрыял дае магчымасць зразумець прыроду, па-­новаму зазірнуць у яе таямніцы, адзначыць, як шмат залежыць ад чалавека, каб зберагчы зямлю для нашчадкаў, каб дапамагчы братам нашым меншым.

У памяць аб вялікім дыпламаце

— Грамадзянска-­патрыятычнае выхаванне — адзін з актуальных кірункаў пад­рыхтоўкі падрастаючага пакалення да будучага жыцця ў грамадстве, — падкрэс­ліла Вольга Гаспадура, намеснік дырэктара сярэдняй школы № 1 Веткі. Яна ўпэўнена, што ад ступені ўсведамлення ўсімі грама­дзянамі патрыятычнай ідэі залежыць сацыяль­ны мір, згуртаванасць грамадства і стабільнасць дзяржавы.

— Пры арганізацыі выхаваўчай работы ў сярэдняй школе № 1 Веткі імя А.А.Грамыкі асаблівая ўвага ўдзяляецца розным аспектам грамадзянска-­патрыятычнага выхавання праз інфармацыйна-­асветніцкую, калектыўную­-творчую і сацыяльна карысную дзейнасць. Патрыятызм фарміруецца падчас работы з гістарычнымі матэрыя­ламі, якія раскрываюць традыцыі народа, гераічную барацьбу, подзвігі і талент лепшых яго сыноў. Важнае месца тут займае і работа школьнага музея. Гэта не толькі музейныя экспазіцыі і выставы, але і многія формы дзейнасці школьнікаў, — расказала Вольга Гаспадура. — У сярэдняй школе № 1 музей баявой і працоўнай славы быў адкрыты ў верасні 1973 года — у дзень, калі адзначалася 30­годдзе вызвалення Веткі ад нямецка­-фашысцкіх захопнікаў. Тады сімвалічную стужку пераразаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, веткаўчанін і ўдзельнік баёў за вызваленне роднага горада ў верасні 1943 года Дзмітрый Пятровіч Удовін. 15 ліпеня 2019 года музею быў прысвоены статус “народны”. Тут сабраны багаты матэрыял па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Веткаўскага раёна. Вялікая работа вядзеца па ўвекавечанні імён ахвяр і ўдзельнікаў вайны. Дарэчы, не так даўно з экспазіцыяй музея азнаёміўся міністр адукацыі краіны Ігар Карпенка і зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей.

Непаўторныя ручнікі Неглюбкі

Больш як 30 гадоў дзейнічае краязнаўчы куток у Неглюбскай сярэдняй школе. Яго матэрыялы актыўна выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе і пазакласнай рабоце. Дырэктар Неглюбскай сярэдняй школы Сяргей Герасіменка адзначыў:

— Прымяненне краязнаўчага матэрыя­лу магчыма як на ўроках гісторыі Бе­ларусі, так і на ўроках сусветнай гісторыі ў кан­тэксце такіх тэм, як Вялікая Айчынная вайна, вайна ў Афганістане, культура, побыт і рэлігія насельніцтва БССР у першай палове XX стагоддзя, а таксама на ўроках па тэме “Наш край”. Для таго каб уцяг­нуць вучняў у работу па прадмеце, неабходна дасканала прадумаць метады і прыёмы падачы краязнаўчага матэрыялу на розных этапах урока і падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. На мой погляд, найбольш эфектыўнымі прыёмамі на ўроках гісторыі з’яўляецца ўключэнне ў тлумачэнне новага матэрыялу звестак краязнаўчага характару, выкарыстанне іх у якасці апера­джальных заданняў для вучняў, арганізацыя самастойнай работы для падрыхтоўкі паведамленняў і дакладаў, правядзенне ў музеі экскурсій па тэме ўрока.

У Неглюбскай школе распрацавана шэсць тэм экскурсій. Гэта аглядная экскурсія, “Летапіс роднай школы”, “Векапомныя дні 1941—1945”, “Родны край”, “Неглюбскія ўзоры”, “Час выбраў нас”.

— Экскурсіі дапамагаюць пазнаёміцца з гісторыяй нашай вёскі, роднай школы, даведацца пра ўдзел землякоў у Вялікай Айчыннай і афганскай войнах, убачыць прадметы сялянскага побыту і адзення, — расказаў Сяргей Пятровіч. — Для якаснага выкарыстання матэрыялаў і экспанатаў на ўроках гісторыі вызначаем іх сувязь з агульна-гістарычным працэсам, іх значэнне для гісторыі краіны…

Спадчына аб’ядноўвае

У Неглюбскай школе больш за 30 гадоў працуе аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”. Адзін з яго прынцыпаў — знаёмства з гісторыяй праз мясцовы матэрыял, які знаходзіцца ў школьным краязнаўчым кутку. Для вучняў, як падкрэсліваюць настаўнікі, вельмі важна патрымаць у руках музейныя рэчы, якія даюць магчымасць адчуць сувязь часоў і пакаленняў. Юныя краязнаўцы займаюцца стварэннем радавога дрэва, шукаюць сямейныя рэліквіі і паданні, ствараюць часовыя музейныя экспазіцыі. Яны збіраюць матэрыялы па гісторыі школы, малюнкі, фотаздымкі, прадметы школьнага жыцця, знаёмяцца з мясцовым перыядычным друкам, сустракаюцца са знакамітымі людзьмі роднага краю: неглюбскімі ткачыхамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, знакамітымі людзьмі роднай вёскі… Школьнікі папаўняюць свае веды па гісторыі роднай вёскі, тапаніміцы, вывучаюць архітэктурныя помнікі, віды мясцовых рамёстваў, у тым ліку ткацтва. Дырэктар школы гаворыць, што вучні звяртаюць увагу і на асаблівасці мясцовай гаворкі, абрады і традыцыі жыхароў вёскі Неглюбка, іх стравы, прылады працы.

— Нашы юныя краязнаўцы скла­даюць планы інтэрв’ю, разгадваюць крыжаванкі, удзельнічаюць у конкурсах і пошукавых экспедыцыях, праводзяць віктарыны і тэматычныя сустрэчы, пішуць сачыненні на адну з прапанаваных тэм: “Тут мае карані”, “Хто я?”, “Нам засталася спадчына”, працуюць з літаратурай і дакументамі, з экспанатамі музейнага кутка, — расказаў Сяргей Пятровіч. — Члены аб’яднання па інтарэсах удзельнічаюць у краязнаўчых алімпіядах, выставах і даследчых праектах, прымаюць уд зел у народных абрадах і святах “Ваджэнне стралы”, Калядкі, Купалле, Масленіца. Юныя краязнаўцы былі ўдзельнікамі рэспуб­ліканскіх конкурсаў “Наш край”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Лепшы турыстычны паход”, “Летапіс маёй сям’і” і інш.

Неглюбскія краязнаўцы вядуць збор прадметаў мясцовай матэрыяльнай культуры: прылад працы, прадметаў дэкаратыўна­прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту. Здабытыя матэрыялы выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы дакладаў і паведамленняў на ўроках, падчас тэматычных класных гадзін, канферэнцый, пры выпуску краязнаўчых газет, стварэнні прэзентацый пра родны край і яго жыхароў, папаўненні экспазіцый краязнаўчага кутка.

Розныя традыцыі Веткаўшчыны

Падчас правядзення міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” у Ветцы дзённая яе частка прайшла на Чырвонай плошчы горада, дзе сабрала экспазіцыі школьных музеяў з усяго раёна. На адкрытай пляцоўцы Старасельская і Прыснянская школы дэманстравалі прадметы народнага побыту, характэрныя для іх мясцовасці, а навучэнцы Яноўскай базавай школы правялі майстар­клас па вязанні дыванкоў.

З Неглюбкі была прывезена калекцыя традыцыйнага ткацтва. Сярод узораў тэкстыльнай спадчыны — ручнікі, абрусы, сурвэткі і пакрывала. Госці ўбачылі частку экспазіцыі музея Стаўбунскага школьнага лясніцтва — чучалаў дзікіх жывёл, якія насяляюць навакольныя лясы. Школьнікі з Радугі расказалі пра гісторыю сям’і Героя Савецкага Саюза М.Р.Батракова, чыё імя з гонарам носіць іх установа адукацыі. Сярэдняя школа № 1 Веткі імя А.А.Грамыкі прадставіла частку экспазіцыі свайго музея баявой і працоўнай славы. У Хальчанскай школе музея пакуль няма, але дзеці, натхнёныя гісторыяй роду Халецкіх і балямі, якія некалі праходзілі на высокім беразе Сожа, закружылі гасцей у вальсе. Дырэктар Веткаўскай гімназіі Сяргей Любімаў запрасіў на аўтарскую выставу веткаўскіх пейзажаў.

Віртуальны тур па адселеных вёсках

Падчас круглага стала з удзелам супрацоўнікаў Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава і педагогаў раёна настаўніца беларускай мовы і літаратуры Хальчанскай базавай школы Алена Мігаль выступіла з прэзентацыяй віртуальнага туру. Разам з калегай, настаўніцай гісторыі Аленай Літвінавай, яна распрацавала экскурсію па месцах вайсковых пахаванняў на тэрыторыі Веткаўшчыны.

— Мы распрацавалі экскурсію ў дадатку izi.travel. Дадатак ўсталёўваецца на тэлефон, выбіраецца тур і пры набліжэнні да аб’екта аўтаматычна ўключаецца экскурсія. Ёсць магчымасць праслухаць галасавыя запісы і прагледзець фатаграфіі. Асаблівасць туру ў тым, што значная частка раёна сёння забруджана радыяцыяй, многія вёскі адселены і няма доступу да помнікаў, якія знаходзяцца ў той зоне. Але падчас падарожжа побач, нават за 20 кіламетраў, можна прачытаць звесткі пра гэтыя помнікі. Гэта зроблена для таго, каб захаваць памяць. На сёння ў туры 42 аб’екты, ёсць магчымасць пашырыць віртуальную экскурсію, — расказалі пра сваю распрацоўку настаўніцы.

Педагогі абмеркавалі з навуковымі супрацоўнікамі, захавальнікамі фондаў, спецыялістамі аддзела рэстаўрацыі веткаўскага музея вопыт стымулявання вучняў, педагогаў, бацькоў у стварэнні і развіцці школьных музеяў, а таксама праблемныя пытанні, з якімі даводзіцца сутыкацца.

— Дзейнасць музейных пакояў і школьных музеяў, а таксама вопыт навукова­-даследчай і культурна-­адукацыйнай работы ва ўстановах адукацыі неабходна паказваць і папулярызаваць, — лічыць дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава Пётр Цалка. — Кансалідацыя музейнай грамадскасці школьных музеяў і нашага музея станоўча адаб’ецца на павышэнні прафесійнага майстэрства вучняў і педагогаў, якія займаюцца арганізацыяй музейных пакояў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.