Вопытам выкарыстання на ўроках эксперыментаў-лайфхакаў з інтэрнэту падзялілася настаўніца фізікі Эла Якубоўская

- 13:22Школьный физмат

Як сфарміраваць прыродазнаўчанавуковую адукаванасць у вучняў праз выкарыстанне на ўроках эксперыментаў-­лайфхакаў, узятых з інтэрнэту? Вопытам падзялілася настаўніца фізікі настаўнік­-метадыст з гімназіі № 1 Жодзіна Эла Якубоўская.

Педагог працуе ў класах, якія ўдзельнічаюць у эксперыментальным праекце па апрабацыі дапрофільнай падрыхтоўкі ў рамках бесперапыннай інжынернай адукацыі.

— Мае вучні цікавяцца фізікай і сумежнымі з ёй навукамі, і не дзіўна, што задаюць мне нечаканыя пытанні, — адзначае Эла Мікалаеўна. — Напрыклад, пра тое, ці праўдзівыя эксперыменты, так званыя лайфхакі, якія ў вялікай колькасці можна ўбачыць у інтэрнэце: тыпу 10 парад рыбаку, турысту, садоўніку, аўтааматару. Просяць растлумачыць і нават выканаць на ўроках. Чаму б не? Для мяне гэта магчымасць павысіць матывацыю дзяцей да вывучэння фізікі, навучыць іх арыентавацца ў медыяпрасторы. Лайфхак можна выкарыстоўваць і як ключавое пытанне ўрока, і для стварэння праблемнай сітуацыі.

Лайфхак (ад слоў life і hack) даслоўна перакладаецца як “узлом жыцця”. Гэта набор прыёмаў, трукаў і парад, створаных для таго, каб спрасціць розныя сферы нашага жыцця, каб меншымі намаганнямі мы дасягнулі лепшага выніку. Лайфхакі — гэта не стварэнне новага, а арыгінальнае выкарыстанне таго, што ёсць. Напрыклад, як адкрыць шчыльна закручаны слоік з дапамогай скотча. Лайфхакі адрозніваюцца ад практыка-арыентаваных задач, якія не лама­юць звыклыя стэрэатыпы, і не заўсёды маюць простае, мэтазгоднае і непрацаёмкае рашэнне.

Эла Мікалаеўна расказала пра адзін з лайфхакаў — як хутка астудзіць гарачы чай, які ўбачыла па тэлебачанні, і праверыла з васьмікласнікамі пры вывучэнні тэмы “Цеплавыя з’явы”. Варыянт развесці халоднай вадой не разглядаўся. Прапаноўваліся наступныя спосабы: пакласці лёд, пераліваць з кубка ў кубак, пакласці некалькі лыжак, паставіць у сасуд з халоднай вадой, замарозіць кубак, дзьмуць і перамешваць. Было вырашана праверыць усе спосабы. Самым лепшым аказалася апусціць у кубак замарожаны лёд (лепш замарожаны чай), на другім месцы па эфектыўнасці быў замарожаны кубак.

— Натуральна, калі я буду абмяркоўваць з дзецьмі толькі забаўныя рэчы, то мы не паспеем прайсці з імі праграмны матэрыял. З эксперыментамі-лайфхакамі варта правільна працаваць з метадычнага пункту гледжання, — адзначае настаўніца.

Прапануецца наступная паслядоўнасць дзеянняў. Спачатку дзецям даецца заданне знайсці лайфхакі па пэўнай тэме. Далей правяраецца даклад­насць рэсурсу, з якога была ўзята інфармацыя: на якім сайце апуб­лікавана інфармацыя, што можна сказаць пра яго, ці ўказана крыніца інфармацыі, хто яе аўтар, якая мэта паведамлення. Гэта ўжо пытанні медыяадукаванасці.

Вучню варта пракансультавацца з настаўнікам або бацькамі аб небяспецы правядзення эксперымента.

— Калі пры вывучэнні свежасці яек па законе Архімеда (свежыя тонуць, а старыя ўсплываюць) ніякай шкоды, акрамя разбітага яйка, быць не можа, то выкарыстанне розных сумесей хімікатаў можа прывесці да сумных наступстваў, — гаворыць Эла Якубоўская. — Затым дома або ў школе трэба праверыць лайфхакі на праўдзівасць, падрыхтаваць і правесці эксперымент, зняць відэа ці зрабіць фатаграфіі.

У працэсе праверкі лайфхакаў дзеці могуць зацікавіцца праблемай і працягнуць вывучаць яе ў рамках вучэбнага даследавання або распраца­ваць праект інжынернай накіраванасці: стварыць свае канструкцыі і мадэлі, праверыць іх працаздольнасць, прааналізаваць прымяненне на практыцы і даць ацэнку эканамічнай мэтазгоднасці.

— Аднойчы вучні вырашылі зрабіць тэрмас сваімі рукамі. Апісалі яго ўстройства (матэрыялы, канструкцыю), тыпы цеплаізаляцыі, правялі эксперымент па хуткасці астывання (або награвання), пабудавалі графік залежнасці тэмпературы ад часу і зрабілі выснову аб яго выкарыстанні, — расказвае настаўніца. — Здаецца, навошта рабіць тэрмас ці нейкі іншы прыбор, які можна купіць у магазіне. Калі дзеці і іх бацькі будуць ве­даць, як працуюць пэўныя прыстасаванні, то не павядуцца на шматлікую рэкламу розных, як правіла, непатрэбных цуда-сродкаў тыпу азанатараў, апаратаў для карэкцыі зроку, квантавай або крыятэрапіі і г.д.

Па падказках з інтэрнэту вучні Элы Якубоўскай зрабілі віншавальную паштоўку з электрасхемай для сваіх мам на 8 Сакавіка. Паштоўка свяцілася святлодыёднымі агеньчыкамі і была музычнай.

Вывучэнне якіх тэм па фізіцы можна сумясціць з эксперыментамі-лайфхакамі? Так, лайфхакі з мабільным тэлефонам або акумулятарам можна даследаваць па тэме “Электрычныя з’явы”. Праверыць існуючыя ў інтэрнэце або прапанаваць свае. Напрыклад, знайсці выйсце, калі зарад на тэлефоне скончыўся, а трэба тэрмінова патэлефанаваць, або спосаб зрабіць лямпу на прыродзе, аўтаномную бата­рэю і фальгаваны абагравальнік. У кірунку малекулярнай фізікі можна распрацаваць аўтаномны паліў хатніх раслін, вырашыць праблему з запаценнем акуляраў, знайсці спосаб хутка астудзіць вадкасць, згатаваць бульбу і г.д. Вывучаючы механіку, можна пара­зважаць пра тое, як зрабіць узмацняльнік гуку для тэлефона, разрэзаць вяроўку без нажніц, выкруціць зламаны вінт або адкрыць шчыльна закрыты слоік. Па тэме “Оптыка” можна даследаваць наступныя лайфхакі: як вызначыць увагнутасці на аўтамабілі, адлегласць да прадмета з дапамогай вялікага пальца, зрабіць сонечную лямпу з бутэлькі і г.д.

— Калі праходзім оптыку, вучням падабаецца пераўвасабляцца ў лаўцоў сонца, запаўняць памяшканне сонечнымі зайчыкамі, — адзначае Эла Мікалаеўна. — Пры гэтым мы паўтараем законы адлюстравання, праламлення, тлумачым, як зрабіць так, каб як мага больш святла ад крыніцы трапіла на сцены, столь і г.д.

Вучню важна абмерка­ваць сваю работу з настаўнікам і аднакласнікамі, выступіць у класе ці на школьнай канферэнцыі, зрабіць презентацыю, артыкул для школьнай газеты, дзе патлумачыць, на падставе якіх фізічных (хімічных, біялагічных і г.д.) з’яў, законаў працуе пэўны лайфхак, і зрабіць выснову аб яго мэта­згоднасці. І ў выніку атры­маць адзнаку. Якія ж крытэрыі правільна зробленага даследавання? Правядзенне эксперымента павінна быць апісана, трэба зняць паказанні прыбораў, даныя запісаць або занесці ў табліцу, правесці разлік велічыні, якую шукаюць, пабудаваць графік, праве­рыць заканамернасць, сфармуля­ваць выснову.

У працэсе праверкі лайфхакаў дзеці могуць зацікавіцца праблемай і працягнуць вывучаць яе ў рамках вучэбнага даследавання або распрацаваць праект інжынернай накіраванасці.

Бразільскі механік Альфрэда Мозер у 2002 годзе прыдумаў простую канструкцыю светлавога калодзежа з пластыкавай бутэлькі з вадой. Такія самаробныя свяцільні цяпер выкарыстоўваюцца ў сотнях тысяч дамоў у Танзаніі, Бангладэш, Фіджы, Аргенціне, Індыі і бедных краінах свету, дзе людзі жывуць у каморках без вокнаў і электрычнасці. Ідэя выключна простая. У даху прасвідроўваюць адтуліну, куды герметычна ўстаўляецца 2-літровая пластыкавая бутэлька, напоўненая вадой. Дзякуючы праламленню прамянёў у вадзе, бутэлька эфектыўна рассейвае святло ўнутры памяшкання. Адна двухлітровая бутэлька дае светлавы струмень, аналагічны 40—60-ватнай лямпе напальвання. Калі запоўніць стык з дахам застылым сіліконавым герметыкам, то нават падчас моцнага дажджу не працякае ні кроплі.

Давярай, але правярай

Лайфхак — гэта выдатнае поле дзейнасці для настаўнікаў розных прадметаў.

На ўроках хіміі можна абмеркаваць парады аб тым, як і што пачысціць падручнымі сродкамі: кетчупам, кока-колай, зубной пастай, соллю, лімонам, содай. На думку аўтараў многіх відэаролікаў, гэтыя сродкі робяць цуды з бруднымі ракавінамі, плітамі, чайнікамі і іншай бытавой тэхнікай. Ці так гэта на самай справе? Якія хімічныя рэакцыі адбываюцца ў гэтых выпадках?

На ўроках біялогіі карысна разгледзець мэтазгоднасць лайфхакаў аб касметычных сродках, створаных у дамашніх умовах. Напрыклад: ускочыў прышч — памаж яго зубной пастай! Можна з пункту гледжання навуковых ведаў прааналізаваць лайфхакі пра сродкі, якія выкарыстоўваюцца пры ўкусах насякомых. Цікавая ідэя для аматараў хатніх раслін — стварэнне ўгнаенняў для кветак з харчовых адходаў.

— Не ўсёй інфармацыі з інтэрнэту варта давяраць. Прыклад з фізікі: “Пастаўце ўчарашнюю піцу ў мікрахвалёўку разам са шклянкай вады — утворыцца апетытная хрумсткая скарыначка”. На самай справе мікрахвалевыя печы награваюць ежу з нізкім утрыманнем вільгаці электрамагнітным выпраменьваннем знутры. Для стварэння хрумсткай скарыначкі патрэбна канвекцыя, або знешні паток гарачага паветра. Шклянка вады не дапаможа, — адзначае Эла Мікалаеўна. — Некаторыя рэкамендацыі проста не працуюць, а іншыя могуць быць небяспечнымі, як, напрыклад, парада выкарыстоўваць празрысты лак для пазногцяў ад герпесу, што толькі пагоршыць запаленчы працэс, і з’явіцца сур’ёзнае раздражненне.

Як адрозніць шкодныя лайфхакі ад карысных? Лайфхак не павінен прымушаць вас узаемадзейнічаць з уласным целам, напрыклад, класці ў яго іншыя прадметы, утыкаць іголкі ў пальцы або прымаць нешта ўнутр. Парада не павінна прадугледжваць узаемадзеянне з рознымі незразумелымі хімічнымі элементамі, быць абсурднай або гучаць дзіўна, напрыклад, як зрабіць вясёлкавы нож на газавай гарэлцы (калі вы выканаеце дзеянні, апісаныя ў гэтым так званым лайфхаку, лязо нажа проста лопне — і можна вельмі моцна параніцца). Не выкарыстоўвайце рэкамендацыі з ненадзейных рэсурсаў, асабліва калі на іх няма водгукаў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены ўстановай школы