Вось табе мая рука…

Далучэнне школьнікаў да ўдзелу ў рабоце валанцёрскіх атрадаў — цудоўны спосаб фарміравання ў моладзі такіх якасцей, як дабрыня і міласэрнасць. Дзейнасць валанцёраў нашай школы — не эпізадычныя мерапрыемствы, а цэласная, спланаваная сістэма дзейнасці.

Пытання “Што рабіць?” не ўзнікае. Невялікі пасёлак, дзе ўсе і кожны на вачах, быццам сам падкідвае адрасы тых, каму патрэбна дапамога. Так і вызначаюцца галоўныя кірункі: добраўпарадкаванне абеліскаў і помнікаў, шэфства над ветэранамі і адзінокімі людзьмі правядзенне дабрачынных канцэртаў у бальніцы сястрынскага догляду. Прычым з кожным годам кола дзейнасці атрада пашыраецца, а да валанцёрскай дзейнасці далучаецца ўсё больш вучняў.

“Дапамагаць не словам, а справай” — такі асноўны прынцып дзейнасці валанцёрскага атрада. На гэты раз вучні пабывалі ў прытулку для бяздомных жывёл, што знаходзіцца ў вёсцы Ладзенікі Навагрудскага раёна. Прытулак дапамагае пацярпелым бяздомным жывёлам, старым сабакам і катам, жывёлам-інвалідам і існуе на добраахвотныя ахвяраванні і ўласныя сродкі.

Напярэдадні Сусветнага дня абароны жывёл валанцёрскі атрад правёў акцыю “Вось табе мая рука…”, мэтай якой быў збор корму для жыхароў прытулку. З заклікам не заставацца абыякавымі да праблемы ўтрымання пацярпелых і бяздомных жывёл актывісты атрада прайшлі па ўсіх класах — і іх пачулі! Вучні школы сумесна з бацькамі прыносілі крупы, кансервы і сухі корм для сабак і катоў. Да акцыі далучыліся педагогі, тэхработнікі школы.

Дабрачынны збор праходзіў на працягу двух тыдняў. Жадаючых паехаць на хутар было шмат, а пашанцавала самым актыўным. 14 вучняў рознага ўзросту (5—11 класы) адправіліся ў дарогу. Тое, што ўбачылі там дзеці, нікога не пакінула раўнадушным. У прытулку знаходзіцца каля 100 жывёл. У кожнага ёсць імя, і кожны мае сваю непрыдуманую сумную гісторыю. На жаль, колькасць такіх гісторый не памяншаецца…

А каб змяніць сітуацыю, трэба не так і многа. Толькі захацець і дапамагчы ад зін раз бяздомнаму шчаняці ці кацяняці! Бо свет складаецца з такіх, як мы. Нельга вырата-ваць увесь свет, але памяняць жыццё да лепшага АДНАМУ кату ці АДНАМУ сабаку ў нашых сілах. Дзесяць чалавек дапамогуць дзесяці жывёлам, трыццаць — трыццаці. А 100 чалавек ужо амаль зменяць свет. Свет безабаронных, але такіх верных сэрцаў!

Рабіце дабро і памятайце, што яно вяртаецца. Вяртаецца ў выглядзе любові, шчасця і ўдачы.

Валянціна ВЕЕЎНІК,
класны кіраўнік 11 класа Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *