У фінале III фестывалю-конкурсу інклюзіўнай творчасці “Пад крыламі Арыёна” Гомельскую вобласць годна прадставілі пераможцы рэспубліканскага адборачнага тура выхаванцы ўзорнага ансамбля танца “Мілавіца” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна. Дуэт Вадзіма Крокава і Дар’і Валюжэнец, якія займаюцца пад кіраўніцтвам Людмілы Кабаевай, вярнуўся з конкурсу з высокай узнагародай.
Вадзім і Дар’я радавалі гледачоў гала-канцэрта беларускімі народнымі танцамі. Іх уменне і талент дапаўнялі яркія касцюмы, якія, дарэчы, рыхтаваліся непасрэдна да гэтага конкурсу мясцовай умеліцай Ларысай Якіменка. Па словах відавочцаў, выступленне дуэта прайшло так палымяна, што ў зале доўга не змаўкалі апладысменты. Высокае майстэрства ўваравіцкіх падлеткаў пацвердзіла і журы: па выніках дуэт узорнага ансамбля танца “Мілавіца” атрымаў дыплом лаўрэата I ступені і стаў уладальнікам гран-пры фестывалю-конкурсу. Як расказала педагог-арганізатар Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Святлана Бялова, уд зел дзяцей у міжнародным конкурсе стаў магчымым дзякуючы падтрымцы Буда-Кашалёўскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Старшыні гэтых арганізацый Святлана Серафімовіч і Ніна Ананіч з гатоўнасцю падтрымалі ідэю ўдзелу выхаванцаў цэнтра ў такім конкурсе.
— Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці ўжо неаднойчы даказваў, што і ў глыбінцы можна добра працаваць і дасягаць поспехаў, — каменціруе дырэктар Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Якіменка. — З упэўненасцю магу сказаць, што некаторым больш буйным цэнтрам вобласці ёсць чаму павучыцца ў сваіх уваравіцкіх калег.
Наталля ЛУТЧАНКА.