Вось якое наша лета

- 17:29Нам пішуць

Вельмі любяць дзеці аздараўленчы лагер у вёсцы Пацавічы Мастоўскага раёна. На другую змену сюды былі запрошаны вучні з гімназіі № 1 г. Масты і Дубненскай сярэдняй школы. Трыццаць адзін вучань змог весела і з карысцю правесці частку лета.

Для штодзённага адпачынку дзяцей тут створаны ўсе ўмовы: утульныя пакоі, спартыўная пляцоўка на вуліцы, спартыўныя і трэнажорныя залы, сталовая, бібліятэка.

Мерапрыемствы, што праходзілі ў пачатку лагернай змены, былі накіраваны на з’яднанне дзіцячага калектыву, на фарміраванне ўмення жыць і адпачываць у камандзе. Стварэнне атрадаў праходзіла ў добразычлівай і сяброўскай атмасферы: большасць дзяцей былі знаёмыя адзін з адным. 15 выхаванцаў прадстаўлялі атрад “Дэльфін”, 15 — “Анёлы”.

2018-ы — Год малой радзімы. З задавальненнем дзеці ўзялі ўдзел у літаратурна-музычнай кампазіцыі “Раскажы мне аб сваёй зямлі”: пранікнёна чыталі вершы і спявалі песні аб родных прасторах. У кожным слове гучалі любоў і гонар за нашу Мастоўшчыну. Не пакінулі нікога абыякавымі і Пацавіцкая царква, што была пабудавана ў 1867 годзе ў адным з найпрыгажэйшых куткоў вёскі, і помнік загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам.

Цікавасць выклікала гульня-квэст “Фотапаляванне”. Кожнай камандзе неабходна было зрабіць некалькі здымкаў па прапанаваных тэмах за пэўны прамежак часу. Гульня развівала ўменне бачыць прыгожае ў наваколлі, творча падыходзіць да выканання заданняў, узмацніла сяброўства.

Каб кожнае дзіця змагло раскрыць свае творчыя здольнасці, разам з Пацавіцкім домам культуры была праведзена конкурсная музычная праграма “Залаты россып талентаў”. З мясцовымі жыхарамі свае нумары таленавіта прадставілі Крысціна Уласевіч, Ксенія Крамарчук, Варвара Папкова, Ганна Дзякевіч, Аляксандра Лупач, Эвеліна Лапіч, Марыя Кандратовіч.

Для ўмацавання здароўя — цэлы комплекс спартыўных мерапрыемстваў: зарадка, гульні на свежым паветры, спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе, заняткі ў трэнажорнай зале. Многа патрэбнай і карыснай інфармацыі атрымалі выхаванцы пры правядзенні хвілінак здароўя і бяспекі “Аказанне першай дапамогі пры сонечным удары”, “Вада памылак не даруе”, “Прафілактыка ўкусаў насякомых” і іншых.

Асаблівую цікавасць выклікала сустрэча з супрацоўнікамі Мастоўскага РАЧС. Была прадэманстравана тэхніка, адзенне выратавальнікаў.

Закончылася лагерная змена калектыўнай творчай справай “Развітанне з лагерам”. Нягледзячы на ўрачыстасць, не абышлося без сумнай ноты: усім было шкада развітвацца. Але хочацца верыць, што выхаванцы на ўвесь будучы навучальны год атрымалі зарад бадзёрасці і добрага настрою.

Лагер у Пацавічах будзе чакаць сваіх сяброў на наступнае лета.

Выхавальнікі
аздараўленчага лагера “Пацавічы” Мастоўскага раёна.