Вось яно якое, наша лета…

- 16:37Нам пішуць

Гэтым летам Залескі яслі-сад — сярэдняя школа ўпершыню адчыніў дзверы для 30 хлопчыкаў і дзяўчынак ад 11 да 14 гадоў з усяго Смаргонскага раёна, якія адпачывалі ў дзевяцідзённым лагеры “Юнацтва” з кругласутачным знаходжаннем.

Лагер працаваў з 6 па 14 жніўня. На гэты час школа ператварылася ў маленькую краіну са сваімі клопатамі, праблемамі і радасцямі. Змена прайшла пад дэвізам “Мы гуляем і спяваем — вельмі весела жывём”. Яркія мерапрыемствы, завадныя дыскатэкі, вясёлыя спаборніцтвы, маляўнічыя святы, тэматычныя вечары — усё гэта дазволіла дзецям акунуцца ў займальны свет летняга адпачынку.

Выхаванцаў чакалі як традыцыйныя мерапрыемствы (урачыстыя лінейкі адкрыцця і закрыцця змены, спартакіяды), так і новыя формы (бітва хораў, фестываль флэш-мобаў, шоу пародый). Напрыклад, падчас шоу пародый “Адзін у адзін” выхаванцы пабывалі ў ролі эстрадных зорак, пераймаючы арыгінальны стыль артыста — ад знешнасці і манеры рухацца да тэмбру голаса. Таксама яны актыўна ўдзельнічалі ў спартыўна-забаўляльных мерапрыемствах “Спартыўнае арыентаванне”, “На сцежцы індзейцаў”, спартландыі і інш.

Яркія ўражанні засталіся пасля экскурсіі ў Цэнтр бяспекі МНС Ліды, дзе праз віртуальнае падарожжа, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі, дзеці даведаліся пра навыкі бяспечных паводзін у розных абставінах. Экскурсія па Лідскім замку дазволіла ўбачыць на свае вочы жыццё і побыт нашых далёкіх продкаў.

Нашы выхаванцы паспрабавалі сябе і ў ролі бізнесменаў, адправіўшыся ў эканамічны квест “Бізнес па-залеску”. З самай раніцы яны зараблялі мясцовую валюту — юні, — каб арганізаваць свой бізнес. Паслугі візажыста, масаж, пакой смеху, страху і многае іншае было даступна ў якасці паслуг, за наведванне якіх патрэбна было заплаціць заробленыя юні.

Кожны наступны дзень быў не падобны на папярэдні і напоўнены новымі ўражаннямі. Вышэйшай ацэнкай работы летніка сталі словы з прысвечаных яму дзіцячых твораў: “Мне хацелася б прыехаць сюды на наступны год”.

Алена ВАРАНІШЧА,
дырэктар лагера, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.