Вось яно якое наша лета

- 12:09Нам пішуць

Для бацькоў і настаўнікаў лета — адказны перыяд, калі трэба спланаваць карысны, прыемны і бяспечны адпачынак для дзяцей. Вось ужо сямнаццаць гадоў на базе Даброўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна кожнае лета працуе аздараўленчы лагер “Ліра” з кругласутачным знаходжаннем, нязменны кіраўнік якога — Алена Пятроўна Раманава. Кожны год сюды прыязджаюць вучні з усіх школ раёна. У лагеры дзеці развіваюць і рэалізоўваюць інтэлектуальныя, спартыўныя, творчыя здольносці, атрымліваюць новыя веды, набываюць практычныя навыкі, заводзяць новых сяброў.

Сёлета працавалі дзве змены. За гэты перыяд адпачылі дзвесце вучняў нашага раёна.

Ладзіліся адмысловыя праекты “У госці да казкі”, “Ліра FEST 2018”. Па выніках работы кожнай змены вызначаўся атрад-пераможца. Таксама ўсе дзеці мелі магчымасць зарабляць ліры (грашовая адзінка лагера) у асабісты залік.

Былі арганізаваны заняткі па інтарэсах “Чароўныя фарбы”, “Сузор’е талентаў”, “Гулям у футбол”, “Зрабі сам”, “Вышыванка”, “Творчых спраў майстар”, “Рытм”. Кожны дзень — цікавыя мерапрыемствы: “Дзень талентаў”, “Фестываль моды”, “Купалінка”, “Міс і містар лагера”, “Дзень жартаў”, “Фестываль здароўя”, “Старая казка на новы лад”, “Фестываль танцаў”, “Знайдзі скарб” і іншыя. Таксама на працягу змены вялася Кніга рэкордаў лагера, дзе знайшлі сваё месца імёны дзяцей у розных намінацыях і катэгорыях. Традыцыйна кожная змена лагера заканчвалася святочным кірмашом.

Да Года малой радзімы былі прымеркаваны мерапрыемствы, падчас якіх выхаванцы знаёміліся са знакамітымі землякамі, цікавымі мясцінамі Горацкага раёна. Наведвалі сталых людзей у маланаселеных вёсках Машкова, Сахараўка.

З мэтай навучання правілам бяспечных паводзін сумесна з Горацкім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях праведзены віктарыны, конкурсы, паказальныя выступленні супрацоўнікаў РАНС. А супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі арганізоўвалі для дзяцей прафілактычныя гутаркі, якія спрыялі фарміраванню асноў здаровага ладу жыцця.

Наперадзе яшчэ цэлы месяц канікул. Няхай ён будзе захапляльны і незабыўны, каб потым з бадзёрым настроем пачаць новы навучальны год.

Ларыса ГАЛАЧОВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Даброўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Горацкага раёна.