Восем дыпломаў Innopolis Open

Беларускія школьнікі заваявалі 8 дыпломаў на міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы Innopolis Open.

Дыпломамі І ступені адзначаны Станіслаў Дамасевіч з Клуба юных пажарных Мазыра (трэнер Аляксей Валянцінавіч Баруноў) і Данііл Забаўскі з Ліцэя БДУ (трэнер Анжаліка Іванаўна Лапо). Дыплома ІІ ступені ўдастоены Станіслаў Палынь, выхаванец Клуба юных пажарных Мазыра (трэнер А.В.Баруноў), дыпломаў ІІІ ступені — навучэнец гімназіі № 1 Віцебска Уладзіслаў Адаменка (трэнер Вераніка Паўлаўна Лакціна), навучэнец гімназіі № 51 Гомеля Андрэй Касцяной (трэнер Міхаіл Сямёнавіч Далінскі), навучэнцы гімназіі № 8 Віцебска Дар’я Гнядзько, Цімафей Балюконіс (трэнер В.П.Лакціна) і навучэнец Ліцэя БДУ Багдан Толсцік (трэнер А.І.Лапо).

Лепшы сярод беларусаў — Станіслаў Дамасевіч.

Алімпіяда Innopolis Open па інфарматыцы праводзілася анлайн з хостынгам у Інаполісе (Рэспубліка Татарстан, Ра­сійская Федэрацыя). Спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню арганізуюцца па 4 напрамках: інфарматыка, матэматыка, інфармацыйная бяспека, робататэхніка. Арганізатарамі адкрытай алімпіяды з’яўляюцца Універсітэт Інаполіс і Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Татарстан.

Innopolis Open уваходзіць у пералік Расійскага савета алімпіяд школьнікаў, зацверджаны Міністэрствам адукацыі і навукі: пераможцы і прызёры атрымліваюць ільготы пры паступленні ва УВА на профільныя напрамкі. Штогод у спаборніцтвах удзельнічаюць больш за 5000 школьнікаў з 7 па 11 клас з Расіі і іншых краін.

Алімпіяда праводзілася ў два этапы. Адборачны этап складаўся з двух незалежных адборачных анлайн-тураў працягласцю па 5 гадзін кожны. Кожны ўдзельнік спаборніцтваў меў магчымасць прайсці выпрабаванні абодвух тураў — у адборы на заключны этап улічваўся лепшы вынік. Па ўмовах удзелу ў алімпіядзе ў яе фінал без адбору запрашаліся пераможцы і прызёры Innopolis Open папярэдняга года. Заключны этап спаборніцтваў адбыўся 20—21 лютага.

Сёлета ў фінале алімпіяды па інфарматыцы прымалі ўдзел 397 школьнікаў 7—11 класаў з Беларусі, Бельгіі, Ганконга, Індыі, Нідэрландаў, Расіі, Ізраіля, Індыі, Сербіі, Францыі, Харватыі і інш. Беларусь на гэтых спаборніцтвах прадставілі 37 навучэнцаў з Мінскай, Гомельскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей.

Як расказаў трэнер мазырскіх школьнікаў Аляксей Баруноў, на працягу чатырох гадзін навучэнцы павінны былі распрацаваць пяць праграм і адправіць іх на праверку ў тэставую сіс­тэму алімпіяды. Удзельнікі вялі работу з выкарыстаннем анлайн-практорынгу — сістэмы відэаназірання за іх работай і экранамі камп’ютараў з боку арганізатараў. Па выніках алімпіяды пераможцамі і прызёрамі сталі 98 школьнікаў: дыпломамі I ступені ўзнагароджаны 31 чалавек, дыпломамі II ступені — 26 чалавек, дыпломамі III ступені — 41 чалавек.

Віншуем пераможцаў і іх трэнераў!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.