Восень салютавала Хоцімску

- 15:27Родная земля, Рознае

Беларуская восень 1943-га была асаблівай: маляўнічай і пераможнай. 70 гадоў назад нашы лясы, упрыгожаныя залацістымі пацеркамі бярозавага і кляновага лісця, выглядалі па-святочнаму ўрачыста. Зямля быццам спецыяльна дастала са свайго прыроднага гардэроба лепшае адзенне, каб належным чынам сустрэць вызваліцеляў. Вёска за вёскай, горад за горадам — на Беларусі паступова ўсталёўвалася мірнае жыццё. Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Крычаўскі, Добрушскі, Чэрыкаўскі раёны… У пачатку гэтага спіса была Хоцімшчына.

Урачыстае дзейства

Калі прырода сустракала чырвонаармейцаў салютам з аранжава-жоўтага лісця, то людзі дарылі кветкі і радасныя ўсмешкі. А ў Хоцімску 26 верасня гучаў яшчэ “Інтэрнацыянал” — своеасаблівы сімвал новага жыцця, новых спадзяванняў, веры ў шчаслівую будучыню, у якой не будзе месца вайне. Раздзяліць з хацімчанамі радасць вызвалення прыехала і кіраўніцтва ЦК КПБ. Падчас урачыстага мітынгу першы сакратар Панцеляймон Панамарэнка адзначыў, што ў гэты дзень увесь савецкі народ даведаўся пра вызваленне першага беларускага райцэнтра, пачалося выгнанне гітлераўцаў з нашай зямлі.
Па ўспамінах старажылаў, што былі запісаны стваральнікам гісторыка-краязнаўчага музея сярэдняй школы № 1 Хоцімска Валянцінай Іванаўнай Баўрынай і аформлены ў спецыяльныя альбомы, адразу пасля завяршэння бою хацімчане выйшлі насустрач салдатам 108-й і 110-й стралковых дывізій, што ўваходзілі ў склад 50-й арміі Бранскага фронту. Гэта быў асаблівы дзень. Сцены дамоў зрашэчаны кулямі, шыбы выбіты, на вуліцах ляжаць трупы, аднак людскі натоўп не заўважае змрочнай карціны, у пасёлку пануе толькі радасць. І гэта нядзіўна, бо смерць, выбухі снарадаў за два гады акупацыі сталі для мясцовых жыхароў звычайнай з’явай. А вось гукі “Інтэрнацыяналу”, чырвонаармейскія шынялі і “трыццацьчацвёркі” — усё як цуд. Для Хоцімска 26 верасня стаў маленькім Днём Перамогі.
Гэтая радасная карціна, апісаная цяперашнім кіраўніком музея настаўніцай гісторыі Аленай Міхайлаўнай Напрэевай, нагадала знакаміты твор Валянціна Волкава “Мінск 3 ліпеня 1944 года”. Тыя ж радасныя ўсмешкі, тыя ж кветкі на брані “трыццацьчацвёрак”, а на заднім плане руіны дамоў — напамін пра нядаўні бой. Склалася ўражанне, што мастак напярэдадні працы над карцінай, калі не сустракаўся з жыхарамі Хоцімска, то абавязкова чытаў іх успаміны. А можа, гэта проста супадзенне? Можа, такім было вызваленне кожнага беларускага райцэнтра, і гэтае дзейства паўтаралася з верасня 1943-га па ліпень 1944 года яшчэ 117 разоў?

“Калі загіну, то лічыце…”

Падрабязныя звесткі пра кожную хвіліну таго мірнага дня захоўваюцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі першай школы. Шматлікія фотаздымкі, успаміны, архіўныя дакументы, асабістыя рэчы франтавікоў і партызан прадстаўлены ў раздзеле “Вялікая Айчынная вайна”. Кожны экспанат раздзела па-свойму ўнікальны. Узяць для прыкладу вялікую флягу з нямецкай паходнай кухні, драўляную вывеску на нямецкай мове або знакамітыя франтавыя лісты-трохвугольнічкі. Акуратна, каб выпадкова не пашкодзіць каштоўны экспанат, Алена Міхайлаўна ператварае адзін з лісткоў-трохвугольнікаў у лісток-прамавугольнік і не спяшаючыся зачытвае: “Добры дзень, дарагія бацькі… Мама, не хвалюйцеся пра мяне. Калі я і загіну, то лічыце, што ваш сын загінуў за квітнеючую Радзіму. Дарагія бацькі, не крыўдуйце, калі я мала напісаў, але я не ведаю дакладна, жывыя вы ці не…”.
— А гэта папкі з успамінамі нашых ветэранаў-землякоў: Настассі Усцінаўны Сёмачкінай, Фёдара Максімавіча Каржукова, Рэма Данілавіча Падабеда і Аляксея Канстанцінавіча Маісейкіна. Асобныя файлы прысвечаны Героям Савецкага Саюза — ураджэнцам Хоцімшчыны: лётчыку Якаву Ягоравічу Сусько і сувязісту Міхаілу Карнеевічу Піліпенку. Якаў Ягоравіч нарадзіўся ў вёсцы Чарняўка і да вайны скончыў нашу школу. Пры абароне Масквы праявіў мужнасць, за што і быў удастоены высокага звання. Міхаіл Карнеевіч Піліпенка, ураджэнец вёскі Дубраўка, скончыў Бярозкаўскую сярэднюю школу. Звання Героя быў удастоены за вызваленне Кіева, — расказвае Алена Міхайлаўна.
Як адзначыла першы кіраўнік музея Валянціна Іванаўна Баўрына, у далёкім 1982 годзе ў школе першапачаткова планавалася стварыць музей Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але маладая настаўніца гісторыі, якая нядаўна скончыла ўніверсітэт і абараніла дыпломную работу па мінуўшчыне Хоцімска, хацела займацца пошукам матэрыялаў пра малую радзіму. Таму тэматыка музея была зменена. За 30 гадоў сабрана больш за 3000 экспанатаў. Акрамя тэмы Вялікай Айчыннай вайны, шматлікія фотаздымкі, копіі архіўных дакументаў расказваюць пра знакамітых землякоў-навукоўцаў, этнаграфію малой радзімы, гісторыю школы і захоўваюцца ў раздзелах “З гісторыі края”, “Устанаўленне савецкай улады”, “Аднаўленне народнай гаспадаркі”, “Знакамітыя людзі Хоцімшчыны”.
На аснове музейнага матэрыялу навучэнцы ствараюць даследчыя работы (“Удзел жыхароў Хоцімшчыны на франтах Вялікай Айчыннай вайны”, “Былі вёсачкі Вітава і Гута”, “Сувязь пакаленняў”, “З гісторыі Хоцімшчыны”, “Культавыя помнікі Хоцімшчыны”, “Вуліцы Хоцімска ХХІ стагоддзя” і інш.). Кожная работа як падарожжа ў часе, знаёмства з жыццём хацімчан у розныя гістарычныя эпохі. Самы багаты матэрыял сабраны пра знакамітых навукоўцаў (напрыклад, афтальмолага Ерафея Васільевіча Касценіча, астранома Сяргея Мікалаевіча Блажко), а таксама ветэранаў.
За шматгадовую пошукавую працу Валянціна Іванаўна была ўзнагароджана юбілейнымі медалямі з нагоды 60 і
65-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг. Да гэтага ў 2000 годзе ёй было прысвоена ганаровае званне выдатніка адукацыі, а ў 1998 годзе яна атрымала значок ЮНЕСКА за ўдзел у еўрапейскіх днях “Спадчына-98”. За стварэнне альбомаў “5-я Клятнянская партызанская брыгада”, “380-я стралковая дывізія, што вызваляла Хоцімскі раён”, “324-я стралковая дывізія, што вызваляла Хоцімскі раён” у 2006 годзе педагог адзначана Граматай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, узнагароджана таксама і знакам “За актыўны пошук” ад імя начальніка ваенна-мемарыяльнага цэнтра Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Аднак сваім галоўным дасягненнем Валянціна Іванаўна лічыць стварэнне школьнага гісторыка-краязнаўчага музея.

Хроніка вызвалення

Галоўнай прыкметай плённай дзейнасці любога школьнага музея з’яўляюцца частыя экскурсіі, а пра яго актыўную грамадскую работу, міжнароднае супрацоўніцтва сведчаць экскурсіі для замежных наведвальнікаў. Менавіта да такой катэгорыі адносіцца музей першай хоцімскай школы. Як паведаміла Алена Міхайлаўна, школа прымала гасцей з Францыі, а падчас летніх канікул настаўнікі дапамагалі магілёўскім тэлевізіёншчыкам здымаць фільм пра вызваленне Хоцімска. Напэўна, рэжысёру нават не спатрэбіўся сцэнарый, дастаткова было паслухаць захапляльную экскурсію.
Па словах настаўніцы, 23 верасня 1943 года 108-я стралковая дывізія 50-й арміі Бранскага фронту падышла з баямі да вёсак Малая i Вялікая Ліпаўка, Узлогі, Чарняўка, аднак сустрэла актыўнае супраціўленне праціўніка i была вымушана спыніць наступленне. За гэты дзень загінулі 24 байцы дывізіі і 113 былі паранены. Немцы страцілі больш як 150 салдат i афіцэраў. 26 верасня да 4 гадзін і 40 хвілін 1289-ы стралковы полк 110-й дывізіі марской пяхоты завалодаў Вялікай Ліпаўкай, а ў 5 гадзін 1287-ы полк выбіў ворага з вёскі Узлогі, пачалося наступленне на Хоцімск.
380-я арлоўская стралковая дывiзiя вызваляла вёскі Варвараўка, Чарняўка, Прудок, Бяседавічы, Баханы, Юзяфоўка, Уладзіміраўка, Клін, Благоўка. Найбольш упартае супраціўленне на гэтым участку вораг аказаў пры вызваленні вёсак Варвараўка i Чарняўка. У выніку бою за Варвараўку было знішчана два ўзводы пяхоты праціўніка, тры кулямётныя пункты, 37-міліметровая
гармата. 1264-ы полк страціў у гэтым бai 9 чалавек, 58 было паранена.
Пры ўзаемадзеянні са 186-й дывізіяй байцы 380-й дывізіі вызвалілі вёскі Благоўка, Дубраўка, Юзяфоўка. Салдаты 324-й стралковай дывізіі пасля вызвалення Гаўрылоўкі, Багданаўкі, Елаўца, Малуноўкі, Васілёўкі занялі Бруёўку. Цікавы факт: у гэтай вёсцы вызваліцеляў сустрэў з чырвоным калгасным сцягам мясцовы жыхар Агей Ягоравіч Васільчанка. У вёсцы адбыўся стыхійны мітынг, потым наступленне працягнулася.
110-я стралковая дывізія пасля баёў за Хоцімск наступала па маршруце Канава — Марцінаўка. Воіны 413-й стралковай дывізіі вызвалялі вёcкi Ціхань, Падлесная, Арлоўка, Гарадок, Буда, Таклёўка. А вось Ветка, Князёўка, Батаева, Арол, Ліпакі, Іўкіна, Яленаўка былі вызвалены часцямі 283-й i 269-й стралковых дывізій. Пасля вызвалення Хоцімшчыны райцэнтр ператварыўся ў апорны пункт. Мірнае неба над Хоцімшчынай дасталася дарагой цаной. Толькі пры вызваленні райцэнтра загінула больш за 190 воінаў. Усе яны пахаваны ў брацкай магіле непадалёк ад будынка першай школы.
За сухімі лічбамі заўсёды стаіць асабістая мужнасць салдат і камандзіраў. Ваенныя мемуары захавалі імёны такіх герояў. Сярод іх лейтэнант 108-й стралковай дывізіі Краўчанка, які камандаваў штурмавой групай. Падчас бою за Хоцімск ён адважна кінуўся да дома, у якім знаходзіўся кулямётны пункт праціўніка, і знішчыў яго ручнымі гранатамі. Пазней лейтэнант быў паранены, і групу ўзначаліў партарг роты Цхакадзэ. Вызначыўся ў баі за Хоцімск і кулямётчык Пляшкоў.
За гады вайны на франтах i ў партызанскай барацьбе загінулі больш за 4 тысячы жыхароў Хоцімшчыны, 800 сталі ахвярамі карных аперацый. Многія хацімчане за мужнасць былі ўзнагароджаны ордэнамі i медалямі, а двое ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Гэта Міхаіл Карнеевіч Піліпенка i Якаў Ягоравіч Сусько. Калі пра по-дзвіг і жыццё Якава Ягоравіча падрабязная інфармацыя захоўваецца ў сярэдняй школе № 1 Хоцімска, то пра біяграфію Міхаіла Карнеевіча раскажуць у гісторыка-краязнаўчым музеі Бярозкаўскай сярэдняй школы, якую герой скончыў у 1941 годзе.

Бярозкаўскія бярозы

Бярозкі з’яўляюцца ўнікальным населеным пунктам. Напэўна, гэта адзіная беларуская вёска, дзе ў такой вялікай колькасці растуць бярозы. Здаецца, яны тут паўсюль: дружнай сямейкай сустракаюць на ўскрайку вёскі, цягнуцца радочкамі ўздоўж вуліц. А вось каля школы чорна-белай сцяной узвышаецца сапраўдны гай. Вясной дрэвы дэманструюць настаўнікам і вучням свае завушніцы, а падчас летніх канікул вітаюць ціхім шапаценнем зялёнай лістоты, якая з надыходам кастрычніка ператвараецца ў залацістыя пацеркі. Гэтыя дрэвы мясцовыя настаўнікі і вучні паважліва называюць бярозамі Піліпенкі. Справа ў тым, што іх падчас аднаго з наведванняў роднай школы пасадзіў Міхаіл Карнеевіч.
Наогул, усё жыццё вёскі на працягу многіх стагоддзяў (афіцыйна з 1604 года) непарыўна звязана з бярозамі. Спачатку яна называлася Падбярозкі, а ў першых жыхароў было прозвішча Падбярозкіны. У віхуры часу прыстаўка пад адпала. Вяскоўцы сталі бярозкаўцамі. А яшчэ бярозы былі своеасаблівым абярэгам у гады вайны. У адрозненне ад іншых населеных пунктаў Хоцімскага раёна тут не праводзіліся карныя аперацыі, ды і баі за вызваленне Бярозак не былі жорсткімі, загінула ўсяго 6 чырвонаармейцаў. І апошнімі, хто суцяшаў хлопцаў у перадсмяротны час, былі ўсё тыя ж стройныя бярозы.
Настаўнікі і вучні ганарацца бярозамі гэтак жа, як і землякамі, і ў першую чаргу Міхаілам Карнеевічам Піліпенкам, якому, як ужо адзначалася, званне Героя Савецкага Саюза было прысуджана за вызваленне Кіева. Ён адным з першых пераправіўся на процілеглы бераг Дняпра і падчас бою аднаўляў сувязь. Гэта быў жорсткі бой, тады многія аднапалчане Міхаіла Карнеевіча атрымалі ўзнагароды, бо сам факт, што табе пашчасціла пад шчыльным агнём праціўніка пераправіцца праз шырокі Днепр, замацавацца на невялікім кавалачку зямлі і ўтрымліваць яго да высадкі асноўных сіл — ужо гераічны ўчынак.
Больш падрабязна пра той бой можна даведацца ў раздзеле “Вялікая Айчынная…” гісторыка-краязнаўчага музея Бярозкаўскай сярэдняй школы. Як паведаміў кіраўнік музея настаўнік геаграфіі Уладзімір Сяргеевіч Навуменка, многія гады мясцовыя настаўнікі і вучні з нецярпеннем чакалі прыездаў свайго знакамітага выпускніка, які пасля вайны жыў у Кіеве. Падчас сустрэч абавязкова распавядаліся яркія і кранальныя ўспаміны. Канечне, Міхаіл Карнеевіч не да канца дзяліўся з вучнямі праўдай вайны, бо не пра ўсё, што адбывалася на фронце, варта ведаць дзецям. Выступленні ветэранаў, асабліва мужчын-франтавікоў, перад вучнёўскай аўдыторыяй вельмі часта абмяжоўваюцца агульнымі фразамі. Хаця, напэўна, прычына ў іншым. Ветэраны не лічаць сябе вялікімі героямі, сапраўдныя героі для іх — гэта тыя 18 або 20-гадовыя аднапалчане, якія ляжаць у тысячах брацкіх магіл ад Масквы да Берліна. Ветэраны ўпэўнены, што смерць гэтых хлопцаў не была дарэмнай. Можа, таму франтавікі і партызаны так любяць жыццё, а іх бадзёрасці і аптымізму можна толькі па-добраму зайздросціць.
Пацвярджае гэта лёс ураджэнца Хоцімскага раёна Аляксандра Іванавіча Прохарава. У адным з баёў ён быў цяжка паранены. Яго б палічылі забітым, калі б не санітары, якія падчас абыходу месца бою пачулі, што салдат ледзь чутна ўздыхнуў. Потым быў шпіталь, ампутацыя абедзвюх рук. Вялікая прага да жыцця… Толькі гэтымі словамі можна растлумачыць далейшы лёс Аляксандра Іванавіча. Пасля вайны ён паступае ў
педагагічны інстытут, паспяхова яго заканчвае і многія гады працуе настаўнікам. Паказваючы чорна-белыя пасляваенныя фотаздымкі свайго калегі-ветэрана, Уладзімір Сяргеевіч адзначыў:
— Паглядзіце, які ў яго светлы твар, ён заўсёды ўсміхаецца. Цяжка паверыць, што ў чалавека такі складаны лёс.
Акрамя звестак пра Міхаіла Карнеевіча і Аляксандра Іванавіча, у Бярозкаўскім музеі захоўваюцца звесткі пра жыццё камандзіра партызанскага атрада “Бальшавік” Панцялея Сямёнавіча Антоненку. Дарэчы, са збору матэрыялаў пра баявы шлях гэтага атрада і пачалося ў 1981 годзе стварэнне музея. Займаўся гэтым спачатку былы дырэктар школы Аркадзь Пятровіч Лявонцьеў, потым музейную эстафету пераняў Уладзімір Сяргеевіч.
Пад кіраўніцтвам педагогаў сабрана каля 400 экспанатаў, якія захоўваюцца ў васьмі экспазіцыях: “Інтэр’ер сялянскай хаты”, “Старонкі гісторыі роднага краю”, “Вялікая Айчынная…”, “Гісторыя калгаса”, “Ніхто не забыты…”, “Нашы землякі”, “Гісторыя школы”, “Свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі “Дажынкі”. На аснове матэрыялаў экспазіцыі ўдзельнікі клуба “Карані” ствараюць даследчыя работы, абараняюць гонар школы і раёна на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Асабліва актыўна клуб працаваў над рэалізацыяй Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады. Вучні разам з настаўнікамі не толькі добраўпарадкавалі вясковыя вуліцы, але і стварылі макет традыцыйнага сялянскага двара і макет-карту роднай вёскі. Асноўны элемент карты — бярозы. А як жа без іх? Напэўна, калі б ствараўся герб вёскі, то ў цэнтры шчыта была абавязкова змешчана выява бярозавага лісця, прычым залаціста-жоўтага колеру — колеру дабрабыту і заможнасці, не толькі матэрыяльнай, але і душэўнай.

Беларуская восень 2013 года выдалася надзвычай маляўнічай. Як і ў далёкім 1943-м, прырода ўпрыгожыла бярозы і клёны залацістай лістотай, зямля быццам спецыяльна падрыхтавалася да святкавання
70-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Восень ужо салютавала ў гонар вызвалення такіх райцэнтраў, як Касцюковічы, Клімавічы, Добруш, Крычаў, Чэрыкаў, аднак першы салют з жоўта-аранжавага лісця прагучаў 26 верасня ў Хоцімску.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з інтэрнэту.