Восень у Гомелі

Вы былі ў Парыжы і не сфатаграфаваліся каля Эйфелевай вежы? Тады не гаварыце, што бачылі Парыж! Вы блукалі па рымскіх вулачках, аднак не пастаялі каля велічнага Калізея? Тады не выхваляйцеся сваімі рымскімі канікуламі! Вы наведалі Гомель у пару залатой восені, але не прагуляліся па алеях яго знакамітага парку? Тады вы не спазналі прыгажосць, адметнасць, асаблівую атмасферу горада над Сожам. Што ж, паспрабуем выправіць гэтую недарэчнасць.

Турыстычная асаблівасць

Пра тое, што Беларусь — зямля з “блакітнымі вачыма” і краіна замкаў, мы ведаем са школы. І гэты факт бясспрэчны. Аднак калі пра нашыя “блакітныя вочы” расказаць фінам, а пра замкі немцам або французам, то яны, думаю, пагардліва ўсміхнуцца, маўляў, у нас гэтага багацця… А вось на сцвярджэнне “Беларусь — краіна палацаў і паркаў” ужо не ўсміхнешся, і фіны, і немцы, і французы могуць нам па-добраму зайздросціць. Сапраўды, у якой яшчэ краіне свету такая высокая шчыльнасць размяшчэння палацава-паркавых комплексаў (або іх рэшткаў)? Правільна, толькі ў Беларусі! Толькі на нашай зямлі нават у самай маленькай вёсачцы абавязкова ўзвышаюцца прысады, па якіх любілі прагульвацца прадстаўнікі знакамітых родаў, а кожны парк нагадвае батанічны міні-сад.
Менавіта паркі і памешчыцкія сядзібы могуць стаць беларускай турыстычнай асаблівасцю, незвычайным магнітам, які б прыцягваў турыстаў. Могуць, аднак калі ўзгадваеш пра запусценне і смецце… Але гэта ўжо тэма для іншага, больш праблемнага матэрыялу. Мы ж паспрабуем проста адпачыць і прагуляцца па тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля — галоўнай жамчужыны гомельскай зямлі. Тым больш што запусценне тут не пануе, смецця няма, а надвор’е для прагулкі было ў камандзіровачны дзень проста выдатнае: цёплая залатая восень. Калі больш дакладна, то цёплая залатая гомельская восень — утульная, як прысады, пасаджаныя Іванам Фёдаравічам Паскевічам; прыгожая і мілая, як маладыя матулі і іх дзеткі — самыя частыя наведвальнікі парку.

Горад эпохі Асветніцтва

Маляўнічасць гомельскага парку, асабліва ў кастрычніку, прываблівае людзей рознага ўзросту, розных прафесій і інтарэсаў, у тым ліку даследчыкаў роднага краю. Ня-дзіўна, што цэнтральнай тэмай краязнаўчых работ гомельскіх вучняў з’яўляецца жыццёвы шлях Румянцавых і Паскевічаў, іх плённая дзейнасць на карысць развіцця Гомеля і дабрабыту гамяльчан. Як паведаміла загадчыца турыстычна-краязнаўчага аддзела Шматпрофільнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомеля Людміла Віктараўна Прыскока, актыўнае вывучэнне настаўнікамі і вучнямі палацава-паркавага ансамбля і жыцця яго былых уладальнікаў пачалося пасля таго, як у 1997 годзе выйшла ў свет кніга Валерыя Францавіча Марозава “Гомель класічны. Эпоха. Мецэнаты. Архітэктура”. Для многіх краязнаўцаў кніга стала сапраўдным адкрыццём, зыходным пунктам у вывучэнні горада, у тым ліку для калектыву Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, дзе на той час працавала Людміла Віктараўна.
Першае краязнаўчае дасягненне — распрацоўка пешаходнага турыстычнага маршруту па румянцаўскіх мясцінах горада. Сабраныя звесткі сталі асновай для напісання навучэнцамі цэнтра (калектывам Гомельскай Ірынінскай гімназіі) работы “М.П.Румянцаў — Гомелю”, якая ў 2004 годзе атрымала дыплом ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект краязнаўчага маршруту “Мой край”. Потым былі і “Кацярынінскі шлях”, і праект краязнаўчага маршруту “Наша Ірына”, у якім распавядаецца пра жыццё, асветніцкую і мецэнацкую дзейнасць нявесткі І.Ф.Паскевіча Ірыны Іванаўны (дыплом І ступені ў тым жа 2004 годзе на тым жа рэспубліканскім конкурсе), і выданне ў 2005 годзе серыі паштовак з гістарычнымі краявідамі Гомеля і апісаннем найбольш цікавых яго аб’ектаў. “М.П.Румянцаў — Гомелю” — гэта не проста фотаздымкі і апісанні цікавых аб’ектаў. На аснове работы кожны год для гомельскіх навучэнцаў праводзяцца экскурсіі. Уся інфармацыя з’яўляецца эксклюзіўнай, паколькі многія звесткі былі ўзяты не з інтэрнэту або навукова-папулярнай літаратуры, а з архіваў, музеяў.
Паралельна з пошукавай работай Людміла Віктараўна друкавалася ў рэгіянальных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях (у тым ліку і ў “Настаўніцкай газеце”). У газеце “Гомельскія ведамасці” практычна кожны нумар ішлі краязнаўчыя рубрыкі. Напрыклад, у рубрыцы “Гомель кожны дзень” змяшчалася інфармацыя пра гісторыю горада ад 1 студзеня да 31 снежня. На малодшых школьнікаў была разлічана рубрыка “Краязнаўства для маленькіх”. У рубрыцы “Гарадскі альбом” расказвалася пра асобныя куточкі, мікрараёны горада, яго прадпрыемствы.
Доўгі час вялася і рубрыка “Першы, першыя, упершыню”. Яе асаблівую папулярнасць растлумачыць вельмі проста: пагадзіцеся, кожнаму з нас прыемна ўсведамляць, што менавіта ў родным горадзе было нешта ўпершыню вынайдзена, пабудавана, створана. Напрыклад, першы на Беларусі экскурсійны параход “Мікалай” быў пабудаваны ў Гомелі. Першая на тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі ланкастэрская школа таксама была адкрыта ў Гомелі. А яшчэ ў Гомелі работнікам паравознага дэпо Фёдарам Фёдаравічам Яўстаф’евым быў вынайдзены верталёт або, як тады гаварылі, гелікаптэр. На жаль, улады скептычна паставіліся да вынаходства, і лаўры паветраплавання дасталіся братам Райт. Першая ў Беларусі санітарная станцыя таксама з’явілася ў Гомелі. З Гомелем звязана і стварэнне першага дакументальнага зборніка па гісторыі беларускіх земляў. Выдадзена праца ў 1824 годзе, яе аўтар — протаіерэй Іван Грыгаровіч, дапамогу якому ў зборы матэрыялу аказаў Мікалай Пятровіч Румянцаў.
Дарэчы, у мінулым навучальным годзе ў Гомелі шырока адзначалася 260-годдзе з дня нараджэння вядомага мецэната, грамадскага і палітычнага дзеяча. З гэтай нагоды Гомельскім гарадскім цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Людмілы Віктараўны Прыскока была арганізавана экскурсія па румянцаўскіх мясцінах Санкт-Пецярбурга, а таксама да ўкраінскіх маёнткаў графа ў Качанаўку і Вішанькі Чарнігаўскай вобласці. Па самім Гомелі было праведзена 125 экскурсій для больш чым 2 тысяч навучэнцаў. З нагоды юбілею вядомага земляка была праведзена і румянцаўская краязнаўчая алімпіяда “На добрае асветніцтва”, у якой прынялі ўдзел 58 устаноў адукацыі горада. Сярод іх найбольш актыўная краязнаўчая работа праводзіцца ў сярэдніх школах №№ 1, 7, 27, 28, 34, 41, 42, 48, 49, 67, гімназіях №№ 36, 46, 56, Ірынінскай гімназіі, ліцэі № 1. Акрамя ўручэння дыпломаў і грамат, існуюць і іншыя формы заахвочвання лепшых краязнаўцаў горада. Так, у 2011 годзе для актывістаў школьных музеяў было ўпершыню праведзена мерапрыемства “Захавальнік памяці”, па выніках якога лепшыя экскурсаводы былі ўзнагароджаны асаблівым нагрудным значком. Урачыстая цырымонія абавязкова праходзіць у дзяржаўных музеях сістэмы культуры, з якімі ўстановы адукацыі цесна супрацоўнічаюць. І першай пляцоўкай сталі музейныя залы Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Кранаць экспанаты дазваляецца!

Сёлета адзін з вядучых музеяў краіны адзначае 95-годдзе. З гэтай нагоды яго супрацоўнікамі падрыхтаваны шэраг мерапрыемстваў, многія з якіх разлічаны і на самых частых наведвальнікаў — навучэнцаў. Па словах загадчыцы аддзела навукова-асветніцкай работы і па сувязях з грамадскасцю Вікторыі Мікалаеўны Заяц, супрацоўніцтва (лепш сказаць, сяброўства) з установамі агульнай сярэдняй адукацыі вядзецца на аснове праграмы “Музей — школе”. Для навучэнцаў рознага ўзросту праводзяцца адметныя лекцыі, мерапрыемствы. Так, сярод малодшых школьнікаў карыстаецца папулярнасцю ўрачыстае пасвячэнне ў юныя гамяльчане. На вучняў сярэдняга звяна разлічаны культурна-адукацыйны праект “Вялікі музей для цікаўных сяброў”, які дазваляе адысці ад манатонных экскурсій і ў арыгінальнай форме, з дапамогай інтэрактыву і фантазіі экскурсаводаў, далучыць навучэнцаў да дзівоснага свету музейных скарбаў. Больш падрабязна пра гэты арыгінальны музейны праект ужо гаварылася на старонках нашага выдання.
Па словах загадчыцы аддзела па зборы музейных матэрыялаў і экспазіцыйнай дзейнасці Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Ганны Васільеўны Кузьміч, на школьнікаў разлічваюцца і выставы, якія распавядаюць пра гісторыю горада. Прычым арганізоўваюцца яны такім чынам, каб юныя наведвальнікі змаглі адчуць атмасферу эпохі.
— Многія праекты, якія рэалізуюцца сумесна з установамі адукацыі, прымеркаваны да пэўных выстаў. Не проста экскурсія, а заняткі, віктарыны, пераапрананні, тэатралізацыя. Мы імкнёмся, каб сам навучэнец удзельнічаў у працэсе экскурсіі, бо сучасных школьнікаў ужо не зацікавіш звычайным аповедам. Усё цікавае яны могуць прачытаць у інтэрнэце, а многія музеі, як вядома, ствараюць і 3D-экспазіцыі. Таму важна далучыць дзяцей да дзейства, каб кранаць экспанаты рукамі дазвалялася, каб падчас экскурсіі вучні нешта ляпілі, малявалі, разгадвалі, вышуквалі. Тады яны актывізуюцца і з задавальненнем да нас прыходзяць. Толькі за гэты год музей ужо наведала больш за 82 тысячы навучэнцаў. Застаюцца, канечне, і стандартныя, класічныя экскурсіі, якія таксама запатрабаваны, — дзеліцца Ганна Васільеўна.

Кастрычніцкае захапленне

Як вядома, можна бясконца глядзець на тое, як цячэ вада і як гарыць вогнішча. А яшчэ можна падоўгу назіраць за няспешным жыццём гомельскага парку. Вавёркі і галубы, якія ў пошуку смачнага пачастунку скачуць па зямлі і дрэвах; дзеці, якія захоплена частуюць арэхамі і хлебам братоў нашых меншых; матулі, якія ў захапленні глядзяць на гульню сваіх дзяцей; пажылыя людзі, якія ўсё з тым жа захапленнем назіраюць за дзецьмі і іх бацькамі; маладыя, якія літаральна гадзіну назад узялі шлюб і праз фотасесію ў асеннім парку намагаюцца захаваць на ўсё жыццё імгненні радасці, кахання і захаплення; экскурсаводы, якія з захапленнем расказваюць пра багатую гісторыю парку, і экскурсанты, якія з не меншым захапленнем слухаюць пра жыццё Румянцавых і Паскевічаў… Гавораць, у чалавека восенню пачынаецца псіхалагічнае абвастрэнне. Ды не, гэта не абвастрэнне, гэта захапленне, захапленне восеньскай прыгажосцю, залатым убраннем дрэў і паркаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.