Восеньскі кірмаш у дзіцячым садку

- 11:03Нам пішуць

Адным прыгожым восеньскім днём дзверы ясляў-сада № 10 Смаргоні гасцінна расчыніліся для ўсіх ахвотных. Выхаванцы старшай групы запрасілі сваіх родных на “Восеньскі кірмаш”. Уваход у залу можна было знайсці па апетытных хатніх пахах. Народу назбіралася багата: маці і таты, бабулі, брацікі і сястрычкі прыйшлі падтрымаць маленькіх артыстаў.

Фота да матэрыялу: Восеньскі кірмаш у дзіцячым садку.У сваёй установе шмат увагі мы надаём азнаямленню выхаванцаў з традыцыямі беларускага народа. У былыя часы паездка на кірмаш мела для нашых продкаў не толькі практычнае, але і забаўляльнае значэнне. Шырокі і багаты гандаль разгортваўся на плошчах, суправаджаўся вясёлымі гульнямі, выступленнямі артыстаў, тэатральнымі пастаноўкамі і, такім чынам, ператвараўся ў сапраўднае свята. Вось такое свята адбылося і ў нашай дашкольнай установе.

У зале панавала добразычлівая, цёплая атмасфера. Дзеці спявалі беларускія песні, гулялі ў вясёлыя беларускія гульні, чыталі вершы, танцавалі беларускія танцы. Не абышлося без тэатральных пастановак. Жартоўная сцэнка з Янам і Янінай выклікала ўсмешкі.

Фота да матэрыялу: Восеньскі кірмаш у дзіцячым садку.Напрыканцы ўсіх запрасілі ў гандлёвыя рады. Гандаль прысмакамі і дарамі восені ішоў бойка. Усё разышлося вельмі хутка. Найбольшым попытам карысталіся прысмакі, прыгатаваныя ўмелымі рукамі матуль і выхавальніка дашкольнай установы.

Гледзячы на шчаслівыя твары дзяцей і дарослых, якія не хавалі ўсмешку, разумееш, што свята атрымалася.
Такія мерапрыемствы развіваюць дзяцей духоўна. Хочацца быць упэўненымі, што нашы дзеці будуць помніць свой род, бо народныя традыцыі выхоўваюць любоў да гісторыі, Радзімы.

Наталля МУРАШКА,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 10 Смаргоні.