Восеньскі кірмаш

Нядаўна ўсе без выключэння прафтэхустановы Гомельшчыны сабраліся на адной з плошчаў абласнога цэнтра, каб прадэманстраваць свае дасягненні і таленты на “Вясёлым кiрмашы — 2017”.

Такі восеньскі кірмаш, арганізаваны ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і ўстановамі сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі вобласці, даўно стаў традыцыяй. Ужо шмат гадоў запар, пасля таго як завяршаецца збор ураджаю ў аграрных каледжах і ліцэях, яны адпраўляюцца на “Вясёлы кірмаш”. Да сваіх калег далучаюцца і ўсе іншыя ўстановы. У кожнай з іх, калі не вырошчваюць бульбу ці цыбулю, дык усё роўна навучэнцы разам з майстрамі вытворчага навучання нешта ствараюць, вырабляюць, а кірмаш — добрая магчымасць прадаць плады сваёй працы і атрымаць грошы. Праўда, продаж — не адзінае, з чым едуць сюды педагогі і навучэнцы. Мерапрыемства праходзіць па ўсіх законах сапраўднага кірмашу — такога, які можна бачыць у старых фільмах. Гэта значыць, на плошчы разгортваецца сапраўднае дзейства.

Кожны кірмаш не падобны на папярэдні, штогод задаецца новая тэматыка. Сёлета, напрыклад, ён будаваўся на матывах народных казак. Гэта была свайго роду рэклама, якая дапамагала прыцягнуць увагу да тавару. Тэатралізаваныя касцюміраваныя паказы, падрыхтаваныя прафтэхаўцамі, прываблівалі сваёй яскравасцю і каларытам. Вершы, байкі, вясёлыя спевы, бяспройгрышная латарэя, а таксама выставы кветак, вырабы з агародніны і садавіны, мастацкая, дэкаратыўная і тэхнічная творчасць — усё гэта выклікала зацікаўленасць у гараджан. А ўстановы адукацыі ў сваю чаргу паказалі, чым яны багатыя. Дарэчы, на прафтэхаўскі кірмаш завіталі таксама начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын і яго намеснік Жанна Ждановіч. Агляд пляцовак заняў у іх амаль дзве гадзіны і, як прызналася Жанна Анатольеўна, прынёс вялікае задавальненне.

Нумары мастацкай самадзейнасці прадставілі чатыры педагагічныя каледжы. Будучыя будаўнікі прывезлі на продаж лаўкі, табурэткі, сталы. Акрамя таго, на кірмашы яны прымалі заказы на выраб дзвярэй, аконных рам і інш. Каледжы і ліцэі лёгкай прамысловасці прадавалі пасцельную бялізну, дзіцячую вопратку, цацкі. Маленькіх гамяльчан, якія прыйшлі на свята з бацькамі, парадаваў Гомельскі аграрны ліцэй, які прывёз на кірмаш трусоў, курэй і казу. Засталіся задаволенымі і тыя, хто завітаў на кірмаш за дарамі прыроды. На гандлёвых пляцоўках устаноў сельскагаспадарчага профілю можна было знайсці не толькі бульбу, свежую капусту, цыбулю, яблыкі, але і прылады для саду і агарода. Пакупнікоў прываблівала і тое, што ў адным месцы можна было купіць адразу ўсё і пры гэтым высокай якасці.

Вынік кірмашу парадаваў: 41 установа сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі зарабіла больш як 22 тысячы рублёў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *