“Вучань ніколі не пераўзыдзе настаўніка, калі бачыць у ім прыклад, а не саперніка”

- 11:39Адукацыйная прастора

Людміла Разанцава ўжо амаль 20 гадоў працуе настаўніцай матэматыкі. Акрамя таго, яна выкладае інфарматыку. Людміла Іванаўна заўсёды імкнецца быць сучаснай і цікавай для сваіх вучняў. Невыпадкова для пацвярджэння вышэйшай катэгорыі яна абагульніла вопыт “Інтэрактыўнае супрацоўніцтва “настаўнік — вучань” як сродак павышэння вучэбна-пазнавальных кампетэнцый вучняў у дапрофільных класах”. Л.І.Разанцава — мабільная настаўніца, якая хутка адгукаецца на запыты сучасных вучняў. Нездарма ўжо другі год запар яна здае цэнтралізаванае тэсціраванне па матэматыцы і атрымлівае 100 балаў, што вельмі матывуе вучняў сярэдняй школы № 27 Бабруйска, дзе працуе Людміла Іванаўна: калі не атрымаць стабальны вынік, то хаця б наблізіцца да ўзроўню сваёй настаўніцы. Дарэчы, яна таксама не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Па яе словах, будзе ўдзельнічаць у ЦТ, пакуль яе вучні не пачнуць атрымліваць стабальныя сертыфікаты. Педагагічная філасофія маёй сённяшняй суразмоўніцы — трымаць руку на пульсе жыцця. У сувязі з гэтым наша гутарка з Людмілай Іванаўнай выйшла за межы абмеркавання падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання.

— Людміла Іванаўна, пачнём усё ж з цэнтралізаванага тэсціравання. Многія лічаць, што настаўнік не павінен рыхтаваць сваіх вучняў да яго.

— На гэты конт сапраўды вядзецца шмат дыскусій. Я скажу так: настаўнік вучыць матэматыцы, тлумачыць яе ідэі і метады, вучыць рашаць задачы незалежна ад формы іх прадстаўлення. Гэтага цалкам дастаткова. А што да выканання заданняў у тэставай форме, то для гэтага існуюць факультатыў і іншыя дадатковыя заняткі. Таксама я рэкамендавала б вучням больш увагі ўдзяляць самападрыхтоўцы да ЦТ, навык самаадукацыі спатрэбіцца ім і ва ўніверсітэтах.

Адразу ж хачу выказаць падзяку аўтарам І.Г.Арэф’евай (серыя “Паўтараем матэматыку”), А.І.Федарака (“Тэсты для падрыхтоўкі да ЦТ”), А.І.Азараву (“100 балаў поспеху”), А.М.Ларчанка (“Матэматыка. ЦТ: тэорыя, прыклады, тэсты”). Гэтыя выданні вельмі дапамагаюць маім вучням.

— Але ж вы адважыліся пайсці на ЦТ. Гэта быў выклік сабе ці пасыл для вучняў?

— Як некалі сказаў В.Бялінскі, “вучань ніколі не пераўзыдзе настаўніка, калі бачыць у ім прыклад, а не саперніка”. Часта вучні скардзяцца, што настаўнікі далёкія ад іх праблем, не разумеюць, як цяжка ім адначасова рыхтавацца да школьных іспытаў і цэнтралізаванага тэсціравання. Каб падтрымаць сваіх вучняў, я вырашыла не абмяжоўвацца словамі, а асабіста паўдзельнічаць у ЦТ. Гэта быў выклік не толькі дзецям, але і самой сабе. Жартам сказала: “Буду пісаць ЦТ да таго часу, пакуль хто-небудзь з вас не набярэ 100 балаў”. Найвышэйшы бал атрымала двойчы — у 2017 і 2018 годзе. Лічу, што такі падыход мацней матывуе вучняў на добры вынік.

Адразу ж хачу адзначыць, што мы з калегамі не ставім мэту набраць высокія балы на ЦТ — мы прытрымліваемся дэвізу “Матэматыка — гэта мастацтва. Мастацтва думаць” і імкнёмся навучыць вучыцца. Так склалася, што ў нашай школе шмат гадоў выпускнікі профільных класаў паказваюць высокія вынікі па матэматыцы і паступаюць у вядучыя УВА на IT-спецыяльнасці. Напрыклад, у мінулым годзе вучні маёй калегі Н.У.Сіманенка “сабралі ўраджай” у дыяпазоне 62—97 балаў. У бягучым годзе іншая мая калега — В.У.Таранава — падзялілася такімі вынікамі: сярэдні бал яе вучняў — 75, у паловы навучэнцаў — 80+, пяцёра з іх атрымалі 90+. Прычым, як адзначаюць калегі, найлепшыя вынікі адзначаюцца ў вучняў, якія не займаюцца з рэпетытарамі, а наведваюць факультатывы і стымулюючыя заняткі (ад 2 да 4 гадзін у тыдзень) і шмат працуюць самастойна.

На мой погляд, сістэма правядзення цэнтралізаванага тэсціравання самая аб’ектыўная. Гэта адзін з лепшых інструментаў кантролю ведаў, у чым, несумненна, заслуга ўсяго калектыву Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Тэст па матэматыцы ўзору 2018 года лічу блізкім да ідэалу.

— Ці звяртаеце ўвагу сваіх вучняў на інтэрнэт-рэсурсы пры падрыхтоўцы да ЦТ па матэматыцы?

— У гэтым годзе споўнілася 5 гадоў з моманту стварэння супольнасці “ЦТ па матэматыцы” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Стваральнік групы Аляксей Лізунок і яе рэдактар Уладзімір Лазоўскі змаглі распрацаваць папулярны электронны рэсурс, прысвечаны рашэнню задач па матэматыцы і падрыхтоўцы абітурыентаў да ЦТ. Супольнасць аб’яднала выкладчыкаў і вучняў, а таксама людзей, якія любяць матэматыку. Мэта групы — паказаць, што матэматыка — гэта проста і што, каб зда ць ЦТ па гэтым прадмеце на 100 балаў, дастаткова школьных ведаў.

Што можна знайсці на старонках групы “ЦТ па матэматыцы”? Самая папулярная тэма для абмеркаванняў (амаль 4000 запісаў) — “Рашэнне вашых задач”. У ёй любы абітурыент ці настаўнік можа атрымаць аператыўную дапамогу ў рашэнні цікавай для яго задачы, прычым дапамагаюць не толькі педагогі, але і вучні. Ёсць тэмы, прысвечаныя метадычным матэрыялам для падрыхтоўкі да ЦТ, арганізацыйным пытанням, а таксама тэстам апошніх 3 гадоў. На старонках групы можна знайсці падрабязны разбор заданняў РТ і ЦТ мінулых гадоў, а таксама аўтарскія задачы. Разбору заданняў папярэднічае актыўная фаза абмеркавання. Для гэтага ствараюцца апытанні, статыстыка якіх дапамагае настаўнікам бачыць слабыя месцы вучняў, карэкціраваць навучанне і падрыхтоўку абітурыентаў да ЦТ. Група спрыяе абмену вопытам паміж педагогамі, а таксама развіццю ў школьнікаў цікавасці да матэматыкі.

— Людміла Іванаўна, якія метадычныя прыёмы выкарыстоўваеце на ўроках?

— Шмат увагі ўдзяляю рашэнню задач на гатовых чарцяжах. Лічу, што колькасць можа перарасці ў якасць. Чаргую ўрокі геаметрыі: рашэнне задач з афармленнем і на гатовых чарцяжах з мінімумам запісаў. Тут я салідарная з В.У.Казаковым і яго серыю дапаможнікаў “Наглядная геаметрыя” лічу адной з лепшых. Урок па скорасным рашэнні задач па планіметрыі ператвараецца ў сеанс гульні, калі я стараюся падыходзіць некалькі разоў да кожнага вучня, фіксуючы не толькі правільны адказ, але і лепшыя рашэнні. У канцы ўрока — бліцагляд па ўсіх задачах.

Гэтую ідэю мы з калегамі В.У.Таранавай і Н.У.Сіманенка прымяняем і на стымулюючых занятках па падрыхтоўцы да ЦТ. Кожнае дзіця думае па-рознаму, з рознай хуткасцю рашае задачы, нават падказкі ім патрэбны розныя: у кагосьці дастаткова праверыць вылічэнні, а іншага трэба падштурхнуць да ідэі рашэння. Кожны вучань мае свой актыўны багаж ведаў. Ёсць заданні, якія ён можа рашыць сам, часам дастаткова падказаць ідэю або проста праверыць вылічэнні, а ўвагу ўсяго класа можна прыцягнуць толькі пры рашэнні задач тыпу В12, што выклікаюць цяжкасці ў большасці дзяцей.

— Якую ролю адводзіце школьнаму падручніку?

— Шмат гадоў я працавала ва ўмовах дэфіцыту падручнікаў. Адзін з фактаў — падручнік “Геаметрыя, 9 клас” У.У.Шлыкава быў выпушчаны ў 2012 годзе невялікім тыражом і больш у школы Бабруйска не пастаўляўся. Амаль ва ўсіх школах горада не больш за 25 падручнікаў на 3—5 класаў у паралелі, таму настаўнікі вымушаны шукаць рашэнне праблемы самастойна. Вельмі дапамагаюць “Наглядная геаметрыя” В.У.Казакова і “Задачы на гатовых чарцяжах” Г.І.Арэхавай. У 2017/2018 навучальным годзе з’явіліся новыя вучэбныя дапаможнікі І.Г.Арэф’евай і В.М.Пірутка, В.У.Казакова, В.Д.Герасімава. Я не эксперт, я толькі выказваю суб’ектыўнае меркаванне як практыкуючы настаўнік. Найбольш удалым з’яўляецца падручнік “Алгебра, 7”. Падручнік “Геаметрыя, 7” змяшчае недастатковую колькасць простых задач, і даводзіцца выкарыстоўваць дадаткова дапаможнік таго ж аўтара, хаця, думаю, так і было задумана.

Як любому настаўніку матэматыкі, мне заўсёды мала падручніка. Пры падрыхтоўцы да ўрока даводзіцца прапрацоўваць шмат дадатковай літаратуры, многае распрацоўваць самастойна. Усе матэрыялы я карпатліва збіраю, і перад новым навучальным годам мы з калегамі абменьваемся “чамаданамі” распрацовак. У нейкі момант нам стала цесна ў рамках адной школы (7 настаўнікаў матэматыкі). Мая калега В.У.Таранава арганізавала працу творчай лабараторыі, у якую ўвайшлі некалькі вопытных і ініцыятыўных педагогаў горада. Мэта лабараторыі — абмен вопытам і яго распаўсюджванне. На жаль, у вялікім горадзе цяжка сабраць усіх разам, таму я вырашыла выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі як найбольш даступны і аператыўны спосаб зносін з калегамі. Група “Настаўнікі матэматыкі Бабруйска” налічвае пакуль усяго 42 чалавекі. На старонках супольнасці публікуюцца аўтарскія матэрыялы да ўрокаў і факультатываў, тэксты самастойных і кантрольных работ, асвятляюцца навінкі літаратуры, праводзяцца міні-апытанні для арганізацыі зваротнай сувязі. Мы не пакідаем без увагі пытанні методыкі і псіхалогіі, самаадукацыі і атэстацыі. Можна лічыць, што гэта электронны фармат метадычнага аб’яднання актыўных настаўнікаў матэматыкі.

— Згодна з тэмай абагульненага вамі вопыту, вас цікавяць праблемы дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў. Наколькі ранняй павінна быць прафілізацыя па матэматыцы?

— Да чарговага вітка рэформы адукацыі ў 2007 годзе я назапасіла вялікі вопыт работы ў профільных класах, мною была складзена аўтарская праграма па праграмаванні і паспяхова апрабавана ў профільным класе. Пазней шмат ад чаго давялося адмовіцца, бо мы былі заціснуты ў межы тагачасных праграм. Таму з вяртаннем профільнага навучання я зноў акрыяла — з’явілася магчымасць даць высокаматываваным навучэнцам намнога больш. Вельмі важна, калі ў вучняў аднаго класа агульная цікавасць да школьнай дысцыпліны. Найбольш прыдатным часам для паглыблення ў матэматыку з’яўляюцца 7—8 класы. Многія бацькі і вучні ў пагоні за высокім балам атэстата адмаўляюцца ад профілю на карысць базавага класа. Яны спадзяюцца на больш высокі сярэдні бал атэстата і нібыта меншую нагрузку ў школе, больш лёгкі ў адрозненне ад профільнага выпускны экзамен па матэматыцы. Але чалавек, які зрабіў крок па лесвіцы ўніз, наўрад ці дагоніць таго, хто ідзе наперадзе, якія б “мыліцы” ў выглядзе рэпетытараў не прыцягваліся.

— Людміла Іванаўна, вы яшчэ і настаўнік інфарматыкі.

— За два дзесяцігоддзі працы ў школе так і не вызначылася, хто я: настаўнік матэматыкі або настаўнік інфарматыкі. Гэтыя два прадметы вельмі цесна звязаны і шмат у чым узаемадапаўняюць адзін аднаго. Мае вучні часта перамагаюць на гарадскім, абласным этапах алімпіяд па матэматыцы і інфарматыцы. Заключны этап нам пакуль не скарыўся. Але ўсё яшчэ наперадзе! За 2017/2018 навучальны год мае выхаванцы заваявалі 10 дыпломаў на II этапе і 4 дыпломы на III этапе рэспубліканскай алімпіяды. Заўважыла, што найбольш высокіх вынікаў дасягаюць тыя вучні, якія ўзмоцнена займаюцца адначасова матэматыкай і інфарматыкай. У 2012 годзе мой вучань Мікіта Кузняцоў атрымаў адразу два дыпломы II ступені на абласным этапе алімпіяды.

У нашай краіне прыярытэтным лічыцца развіццё IT-галіны, таму ў сярэдняй школе неабходны профіль па інфарматыцы. Пры паступленні ва ўніверсітэты абітурыенты здаюць ЦТ па матэматыцы і фізіцы. З 2017 года з’явілася магчымасць праходзіць чатыры ЦТ. Чаму б не дазволіць абітурыентам здаваць інфарматыку? У Расіі, напрыклад, існуе Адзіны дзяржаўны экзамен па інфарматыцы, якія неабходна здаць для паступлення на IT-спецыяльнасці.

— Але, наколькі я ведаю, вы знайшлі выхад сваім ідэям па павышэнні прэстыжу прадмета “Інфарматыка”.

— З 2011 года ў Бабруйску функцыянуе Цэнтр па рабоце з таленавітымі і адоранымі навучэнцамі, ідэйным натхняльнікам і стваральнікам якога з’яўляецца настаўнік гімназіі № 2 Бабруйска Я.М.Садоўскі. Я працую ў трэнерскім клубе пры цэнтры з 2011 года. Першапачаткова ён ствараўся для падрыхтоўкі вучняў, да прадметнай алімпіяды па інфарматыцы. Пазней яго мэта стала больш глабальнай: увесці таленавітых дзяцей у свет прафесіі праграміста.

Вучні 6—7 класаў за першы год заняткаў асвойваюць матэрыял школьнага курса праграмавання па 11 клас уключна і нават больш. Многія з іх ужо ў першы год навучання перамагаюць на алімпіядах. Другі год навучання накіраваны на знаёмства з метадамі і алгарытмамі. Трэці і наступны гады прысвячаюцца паглыбленню ведаў, вывучэнню мовы праграмавання С++, падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядах і спаборніцтвах высокага ўзроўню. Заняткі абсалютна бясплатныя, праводзяцца на пастаяннай аснове штотыдзень на працягу ўсяго года. Колькасць наведвальнікаў цэнтра на пачатак мінулага года дасягала 140 чалавек. На працягу года ў малодшай групе назіраецца заканамерны адсеў — працэнтаў 30—40. Гэта тыя, хто зразумеў, што модная сёння прафесія праграміста ім не падыходзіць. Горш было б, калі б яны гэта выявілі ўжо ва ўніверсітэце.

Галоўны прынцып — мы нікога не адлічваем, але сочым за наведвальнасцю і колькасцю рэшаных задач, вядзём своеасаблівы рэйтынг, што вельмі матывуе, дадае элемент спаборніцтваў. Трэнераў у нас 7, у іх ліку — Н.Г.Савіна (гімназія № 1), Л.У.Блінова (гімназія № 3), І.Л.Белабародава (сярэдняя школа № 1), Л.С.Содэль (сярэдняя школа № 16), С.І.Андрусенка (сярэдняя школа № 10). На ўсіх занятках выкарыстоўваюцца аўтарскія дыдактычныя матэрыялы, якія з’яўляюцца прадуктам сумеснай творчасці ўсіх трэнераў. У канікулярны час (акрамя вясновых канікул) трэнерскі клуб працуе ў рэжыме “інтэнсіў”, павялічваючы працягласць заняткаў і займаючыся кожны дзень, але трапіць на “інтэнсіў” могуць толькі лепшыя ў рэйтынгу і са згоды бацькоў.

За многія гады работы трэнерскага клуба назіраецца высокая выніковасць у алімпіядным руху. Каманда Бабруйска, у складзе якой амаль усе выхаванцы цэнтра, на III этапе атрымлівала ад 11 да 17 дыпломаў. За апошнія гады ў актыве цэнтра 5 дыпломаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. І самае галоўнае — нашы дзеці выбіраць прафесію праграміста.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.