Вучаць і выхоўваюць для ўстойлівага развіцця

- 19:46Навіны рэгіёнаў

У сучасных рэаліях засваенне навучэнцам пэўнага набору ведаў — ужо не першачарговая задача ўстаноў адукацыі. Значна важнейшае развіццё асобы вучня. Выхаванне моладзі з незалежным мысленнем, уласным светапоглядам, моладзі, якая дэманструе высокую культуру і адказнасць. Такога меркавання прытрымліваецца педагагічны калектыў Касцюковіцкай раённай гімназіі і рэалізуе яго на практыцы.

Музычна-танцавальныя перапынкі “Дзесяць мінут без гаджэтаў”.

— Сёння стала ўжо неабходнасцю вучыць і выхоўваць маладое пакаленне такім чынам, каб дзеці мелі магчымасць набыць веды, уменні і каштоўнасці, якія дазволяць ім прымаць індывідуальныя і калектыўныя рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне свайго жыцця. Навучэнцаў трэба рыхтаваць да вырашэння сацыяльных, эканамічных, экалагічных і іншых праблем як на мясцовым, так і на нацыянальным, і на глабальным узроў­нях. Дасягнуць гэтых мэт дапамагае рэалізацыя практык адукацыі для ўстойлівага развіцця, — паведаміла дырэктар гімназіі А.І.Максімава.

Рэалізоўваць канцэпцыю адукацыі для ўстойлівага развіцця ў Касцюковіцкай раённай гімназіі сталі больш як дзесяць гадоў назад. За гэты час педагогі ўстановы назапасілі мноства эфектыўных напрацовак у гэтым кірунку. Сёння гімназія — рэгіянальны рэсурсны цэнтр комплекснай падтрымкі практык адукацыі ўстойлівага развіцця. Навучальная ўстанова з’яўляецца адпаведнай рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай, членам асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, а таксама актыўным партнёрам школ устойлівага развіцця па рэалізацыі праектаў у нашай краіне па лініі ЕС/ПРААН.

Упор — на развіццё асобы дзіцяці

Настаўнікі гімназіі імкнуцца выкары­стоўваць у рабоце сучасныя тэхналогіі з упорам на інавацыйныя метады навучання. У аснове адукацыйнага працэсу тут — інтэграцыя адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця. Педагогі актыўна выкарыстоўваюць розныя падыходы і метады, каб зрабіць навучанне цэласным і цесна звязаным з рэальным жыццём, развіваць сістэмнае і крытычнае мысленне, камунікатыўныя і арганізацыйна-дзейнасныя здольнасці навучэнцаў.

Прыярытэтны вучэбны метад у гэтай уста­нове — метад даследавання. Настаўнікі арыентуюць сваіх вучняў грунтавацца ў вучобе на трох асноўных прынцыпах. Першы з іх — вучыцца ў дзеянні — набываць розныя ўменні падчас практычнай дзейнасці. Другі — вучыцца вучыцца — атрымліваць навыкі пошуку інфармацыі, навыкі аналізу ўласнага вопыту і выяўлення індывідуальных адукацыйных мэт, умення прымяняць іх у розных жыццёвых сітуацыях. Трэці — вучыцца ўзаемадзейнічаць — разві­ваць уяўленні пра адрозненні паміж людзьмі, уменні працаваць у групе і ў камандзе, а таксама прымаць людзей такімі, якія яны ёсць, і су­працоўнічаць з імі.

— Ідэі ўстойлівага развіцця мы ўсебакова рэалізуем праз іх інтэграцыю ва ўрочную дзейнасць. Урокі праводзяцца з укараненнем асобасна арыентаваных тэхналогій навучання. Мяняецца роля настаўніка. Шырока ў практыцы работы ў нас выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя метады навучання, якія даюць магчымасць не толькі даць веды, але і дасягнуць разумення і ўсведамлення тэмы. Нашы педагогі імкнуцца выкарыстоўваць такія падыходы да навучання, якія з’яўляюцца дзейснымі і адначасова цікавымі. Неабходны вучэбны матэрыял перадаецца спосабамі, якія аблягчаюць разуменне і запамінанне. Настаўнікі становяцца партнёрамі, праваднікамі, арганізатарамі працэсу пазнання. Педагогі не даюць гатовых спосабаў вырашэння праблемы, а ствараюць умовы для таго, каб навучэнцы выпрацавалі іх самі, самастойна, — патлумачыла Антаніна Іванаўна.

Ініцыятыўнасць таксама ў прыярытэце

Развіццё асобы кожнага вучня ў Касцюковіцкай раённай гімназіі — першаснае. Навучанне арыентавана на ўзбагачэнне асабістага вопыту навучэнцаў, усведамленне імі сябе як суб’ектаў дзейнасці па паляпшэнні ўласнай будучыні.

— Асабліва важную ролю ўсе настаўнікі адводзяць развіццю дзіцячай ініцыятыўнасці і прадпрымальнасці. Пяць гадоў у гімназіі дзейнічае Цэнтр падтрымкі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця раёна, накіраваны на актывізацыю работы па комплекснай падтрымцы любых маладзёжных пачынанняў, — расказала А.І.Максімава.

Зараз цэнтр аб’ядноўвае звыш пяці­дзесяці хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод іх не толькі гімназісты, але і навучэнцы іншых школ раёна. Наведваючы заняткі-пася­джэнні, дзеці атрымліваюць тут адукацыйную, метадычную, даследчую, доследна-эксперыментальную, арганізацыйна-масавую падтрымку сваіх ідэй.

— Галоўная мэта цэнтра — праектаванне, каардынацыя і пашырэнне сфер праяўлення дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у экалагічнай, сацыяльнай, эканамічнай сферах, грамадскім жыцці Касцюковіцкага раёна. Мы рэалізуем іх у цесным узаемадзеянні з органамі дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, грамадскімі арганізацыямі, камерцыйнымі прадпрыемствамі. Важна, што навучэнцы могуць выбраць сабе кірунак па інтарэсах і наведваць пэўны сектар або творчую групу, развіваючыся разам з камандай аднадумцаў, — адзначыла Антаніна Іванаўна.

Паводле яе слоў, навучэнцы выступа­юць з вельмі перспектыўнымі ініцыятывамі. Асабліва важна, што падлеткі не толькі генерыруюць патрэбныя ідэі, але і самастойна іх ажыццяўляюць. Маладзёжныя праекты рэалізуюцца на карысць усіх жыхароў Касцюкоўшчыны.

Ідэі — на карысць роднага краю

Значнай ініцыятывай гімназістаў стаў праект “Парк нашай мары”. Навучэнцы вырашылі акультурыць пустку недалёка ад гімназіі, ства­рыць там парк з камфортнай зонай адпачынку для дзяцей і дарослых.

— Гэтая ініцыятыва адразу знайшла водгук. Усялякую падтрымку дзецям аказвалі педагогі, бацькі, Касцюковіцкі райвыканкам і раённы аддзел па адукацыі, спорце і турызме, мясцовы лясгас і індывідуальныя прадпрымальнікі. Рэалізацыя праекта “Парк нашай мары” дазваляе падлеткам адчуць сваю значнасць, даросласць, здольнасць рабіць важныя і карысныя справы, рэальна бачыць вынікі сваёй дзейнасці, прыносіць радасць навакольным. Важна, што гэта дзеючы праект. Многія цікавыя ідэі яшчэ не ажыццявіліся, — падкрэсліла А.І.Максімава.

Не менш цікавым стаў праект “10 мінут без гаджэтаў”, які таксама знайшоў сваё прымяненне ў жыцці. Дзякуючы гэтай ініцыятыве, усе перапынкі ў гімназіі зараз музычна-танцавальныя.

— Ідэя рэалізацыі праекта “Дзесяць мінут без гаджэтаў” нарадзілася невыпадкова. Сярод навучэнцаў гімназіі расце колькасць захворванняў. З іх большасць — захворванні органаў зроку. На другім месцы — парушэнні функцый апорна-рухальнага апарату. Гэта звязана з тым, што гімназісты часта вя­дуць пасіўны лад жыцця, праводзяць вялікую колькасць часу за гаджэтамі ці камп’ютарам. Усё гэта спрыяе развіццю скаліёзу, пагаршэнню зроку. Так з’явілася задума арганізаваць рухавыя, музычна-танцавальныя перапынкі для навучэнцаў гімназіі з 1 па 11 клас. Ініцыятары праекта падабралі “запальную” музыку, прыдумалі рухі, і цяпер кожны перапынак у гімназіі праходзіць дынамічна, зараджаючы навучэнцаў пазітывам і добрым настроем, — расказала дырэктар навучальнай установы.

Патрэбнай, нават неабходнай, была і рэалізацыя праекта “Дружба моцная”. Тут неабыякавасць гімназістаў была накіравана на аднагодкаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У рамках гэтага праекта навучэнцы гімназіі штогод праводзяць дабрачынны марафон “Крок насустрач”, арганізоўваюць тэатралізаваныя паказы і збор падарункаў на святы для выхаванцаў раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

— “Дружба моцная” — гэта праект, заснаваны на партнёрскіх і сяброўскіх узаемаадносінах. Ён накіраваны на стварэнне неабходных камфортных умоў для таго, каб дзеці з абмежаванымі магчымасцямі не былі ізаляванымі ад грамадства і не адчувалі недахопу ў зносінах са сваімі аднагодкамі. А для гімназістаў гэта добрая магчымасць развіваць у сабе творчыя, арганізатарскія здольнасці, талерант­насць у адносінах да навакольных, — запэўніла А.І.Максімава.

Вялікую значнасць мае таксама праект гімназістаў па адраджэнні Свята-Узнясен­скага храма ў вёсцы Забычанне. Аўтары праекта ўпэўнены: архітэктурную і духоўную каштоўнасць Касцюкоўшчыны трэба захоўваць, таму далучалі да гэтай справы ўсіх неабыякавых. Гэта мела адпаведны эфект. Зараз старажытны храм практычна адноўлены.

Адметна, што навучэнцы гімназіі са­праўды ганарацца сваёй малой радзімай і імкнуцца да развіцця яе турыстычнага патэнцыялу. Яны распрацавалі шэраг цікавых турыстычных маршрутаў. Так, маршрут “Касцюкоўшчына літаратурная” дазваляе азнаёміцца з месцамі, звязанымі з жыццём і творчасцю вядомых беларускіх пісьменнікаў А.Куляшова, А.Пісьмянкова, І.Чыг­рынава. Прагуляўшыся па маршруце “Крыніцы Касцюкоўшчыны”, можна ўба­чыць непаўторную прыроду раёна.

Асабісты поспех кожнага вучня

За апошні час гімназісты і навучэнцы іншых агульнаадукацыйных устаноў раёна, якія наведваюць цэнтр, рэалізавалі нямала значных, карысных праектаў. У гэтым несумненная заслуга педагогаў. Адметна, што педагагічны калектыў гімназіі развівае ініцыятыўнасць і прадпрымальнасць не толькі навучэнцаў. Да дзейнасці на ка­рысць роднага краю тут далучаюць і дарослых. Для гэтага штогод праводзяць фестываль дзіцяча-дарослых ініцыятыў у інтарэсах устой­лівага развіцця “Дзейнічаем разам”. Летась удзельнікамі гэтага форуму сталі навучэнцы і педагогі, прадстаўнікі органаў улады, камерцыйных прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый з розных куткоў Магілёўшчыны.

— Фестываль дапамагае стымуля­ваць актыўнасць моладзі. Падчас такіх зносін часта ўзнікаюць новыя ініцыятывы, накіраваныя на ўстойлівае развіццё нашай малой радзімы. Але важная таксама і актыўнасць дарослых, асабліва педагогаў, таму мы актыўна дзелімся сваім вопытам з калегамі. У нас у свой час праходзіў абласны Дзень інавацый, падчас якога мы падрабязна расказалі пра эфектыўныя механізмы інтэграцыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця ў дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, — расказала Антаніна Іванаўна.

Наогул, у гімназіі даволі часта прахо­дзяць розныя мерапрыемствы, накіраваныя на прэзентацыю інавацыйнага вопыту педагогаў. У гэтай навучальнай установе сталі ўжо традыцыйнымі тыдні ўстойлівага развіцця, тэматычныя семінары, канферэнцыі, практыкумы, майстар-класы.

— Дзякуючы інтэграцыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця ў вучэбную дзейнасць, мы дасягнулі істотнага развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў. Цяпер актыўна дзелімся сваімі эфектыўнымі напрацоўкамі. Галоўнае, на што арыентуем калег, — стымуляванне ініцыятывы навучэнцаў. Бо важны момант у адукацыі для ўстойлівага развіцця — прынцып “нічога для нас без нас”. Усё мае сэнс толькі тады, калі ў вучняў ёсць цікавасць да пэўнай дзейнасці і гэтая дзейнасць прымаецца імі, яны самі яе выбіраюць і самі гатовы яе рэалізоўваць. А задача настаўніка — забяспечыць цікавасць і знайсці тыя метады, спосабы, прыёмы, якія прывядуць навучэнца да пастаўленай ім мэты, — заўважыла А.І.Максімава.

Педагагічны калектыў Касцюковіцкай раённай гімназіі перакананы: няма няздольных навучэнцаў — ёсць няправільна падабраныя метады навучання. Кожнае дзіця таленавітае ў пэўным кірунку. А адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця дазваляе выпрацаваць тыя неабходныя падыходы, якія прывядуць кожнага вучня да яго асабістага поспеху.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.