Вучаць прафесіяналы

- 14:36Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Сярэдняя школа № 3 Гродна з 1984 года носіць імя Героя Савецкага Саюза Віктара Міхайлавіча Усава, начальніка 3­-й пагранічнай заставы 86-­га Аўгустоўскага пагранічнага атрада Беларускай пагранічнай акругі. 

 

Імёны герояў-пагранічнікаў прысвоены пярвічным дзіцячым арганізацыям: піянерскай дружыне — імя В.М.Усава, БРСМ — імя А.Р.Шарыпава, палітрука заставы. На тэрыторыі школы ўстаноўлены помнік В.М.Усаву і мемарыяльная дошка А.Р.Шарыпаву. Памяць пра легендарных герояў, якія абаранялі граніцу ў першыя дні вайны, беражліва захоўваецца ў школьным мемарыяльным музеі імя В.М.Усава. Кожны школьнік ведае пра подзвіг пагранічнікаў і марыць быць падобным на герояў. 

— Мне пашчасціла быць кіраўніком выдатнай школы, дзе вучаць прафесіяналы, выхоўваюць патрыёты, працуюць аднадумцы, якія ўвасабляюць сілу, душу і адзінства калектыву, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна Ірына Коўшык. — Лічу, што педагагічны калектыў павінен быць накіраваны на стварэнне аптымальных умоў як для выяўлення і развіцця індывідуальных здольнасцей кожнага навучэнца, так і для выхавання актыўнай грамадзянскай пазіцыі, адказнасці за лёс краіны, блізкіх, свой уласны. 

Школа № 3 Гродна імя В.М.Усава асаблівая. Ёй першай у Беларусі больш за 40 гадоў назад прысвоена імя героя-пагранічніка, што і сёння ляжыць у аснове грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў і трывала звязвае школу з Гродзенскай пагранічнай групай і органамі пагранічнай службы Беларусі. За поспехі ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў школе ўручаны штандар установы адукацыі. Гэта адзіная школа ў Гродзенскай вобласці, у якой 7 творчым калектывам прысвоена званне “Узорны самадзейны калектыў”. 

— Без перабольшання скажу: школа славіцца багатымі традыцыямі ў сферы патрыятычнага выхавання, нават яе афармленне літаральна прасякнута духам патрыятызму, — падкрэсліла І.І.Коўшык. — Помнік лейтэнанту Віктару Усаву, мемарыяльная дошка Аляксандру Шарыпаву, эмбле­ма школы і летапіс гісторыі ўстановы адукацыі, мемарыяльны музей В.М.Усава і этнаграфічны музей “Скарбонка”. Проста праходзячы па паверхах нашай школы, знаёмячыся з матэрыяламі стэндаў, заходзячы ў музеі, сустракаючы навучэнцаў у ваеннай форме, можна зразумець, што грамадзянска- і героіка-патрыятычнае выхаванне з’яўляецца ў нас прыярытэтным напрамкам.

Бессмяротны подзвіг 

Кожны вучань школы, кожны педагог ведае пра подзвіг пагранічнікаў 3-й заставы 86-га Аўгустоўскага пагранічнага атрада. 

У музеі ёсць Кніга памяці, у якой сабраны ўспаміны ветэранаў вайны, праводзяцца ўрокі мужнасці, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, сустрэчы з ветэранамі. 

Віктар Усаў нарадзіўся 6 снежня 1916 года ў горадзе Нікапаль Екацярынаслаўскай губерні ў рабочай сям’і. Скончыў 7 класаў школы і школу фабрычна-заводскага вучнёўства ў Запарожжы, дзе набыў спецыяльнасць электрыка. З 1934 па 1937 год працаваў электраслесарам на заводзе ў Нікапалі. У верасні 1937 года быў прызваны ў пагранічныя войскі і накіраваны спачатку на вучобу ў школу малодшага камскладу, потым, у 1940 годзе, стаў начальнікам пагранічнай заставы.

На досвітку 22 чэрвеня 1941 года яны прынялі свой першы бой. Застава на той час налічвала па розных даных ад 30 да 36 штыкоў, 2 ручныя і 1 станковы кулямёты. У 3 гадзіны 50 мінут раніцы заставу страсянуў гучны выбух. Па камандзе байцы занялі месцы ў траншэях і падрыхтаваліся да абароны. Разбіўшы падначаленых на тры групы, камандзір заставы ўзначаліў абарону ў першай траншэі. Адбіўшы першую атаку, Віктар Усаў павёў байцоў у контратаку. Тады па заставе ўдарыла артылерыя і мінамёты. Абаронцам прыйшлося весці бой, заняўшы кругавую абарону. Агонь фашысцкіх батарэй узмацняўся, з’явіліся танкі. Сувязі з суседнімі заставамі не было.

Больш шасці гадзін пагранічнікі стрымлівалі націск батальёна праціўніка. Камандзір заставы Віктар Усаў змагаўся разам з усімі. Атрымаўшы пяць раненняў, ён не пакінуў поле бою і загінуў ад разрыву снарада. Камандаванне ўзяў на сябе палітрук Шарыпаў. Неўзабаве пасля гібелі каман­дзіра на заставу прабраўся пасыльны з загадам начальніка пагранатрада на адход. Да сваіх прабіліся 16 пагранічнікаў, астатнія загінулі ў гэтым баі смерцю храбрых. 

У чэрвені 1952 года падчас раскопак знойдзены астанкі начальніка заставы В.М.Усава са снайперскай вінтоўкай “АС-450”, якая цяпер захоўваецца ў Маскве ў музеі пагранічных войскаў. Герой-пагранічнік пахаваны ў брацкай магіле на заставе, якая носіць яго імя. Вынікі раскопак і расказы мясцовых жыхароў сведчаць аб бяспрыкладным подзвігу начальніка заставы лейтэнанта Віктара Усава, палітрука Аляксандра Шарыпава, салдат і сяржантаў.

30 мая 1958 года імя лейтэнанта Віктара Усава было прысвоена пагранічнай заставе Заходняй акругі, якую ён абараняў. 6 мая 1965 года Віктару Міхайлавічу Усаву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны ордэнам Леніна (пасмяротна). Імем героя названы школы і вуліцы ў Гродне і ўкраінскім Нікапалі. З 1958 года ў Гродне праводзіцца турнір па боксе памяці В.Усава.

Вынік пошукавай работы

Мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза В.М.Усава адкрыўся ў сярэдняй школе № 3 Гродна 28 мая 1979 года. У той дзень нарадзілася традыцыя пасвячаць лепшых навучэнцаў школы ў юныя усаўцы. Пачаткам стварэння музея можна лічыць 50—60-я гады мінулага стагоддзя, калі толькі зараджаліся першыя сувязі школы з Гро­дзенскім пагранічным атрадам. 

— Менавіта тады юных следапытаў нашай школы зацікавіў ліст з украінскага горада Нікапаль ад Матроны Ануфрыеўны Усавай, якая шукала свайго сына, лейтэнанта Віктара Усава, — расказала кіраўнік музея Ларыса Яскевіч. 

Ішлі гады, навучэнцы школы працягвалі пошук родных і блізкіх байцоў, якія абаранялі заставу. Высветлілася, дзе жывуць Вольга Салява — дачка палітрука заставы А.Р.Шарыпава, Вольга Мохава — жонка пагранічніка В.М.Юдзічава. Завязалася перапіска і з пагранічнікамі, якія засталіся ў жывых, старшыной заставы І.І.Баранавым, чырвонаармейцам В.Д.Вавілавым, кулямётчыкам М.І.Тупіцыным. З’яўляліся ўсё новыя імёны і лёсы, былі сабраны ўспаміны аб гераічных днях.

Педагогі школы і савет музея працягваюць работу па аднаўленні імён невядомых герояў. Наладжаны сувязі з Нікапальскай сярэдняй школай імя Віктара Усава, заводам, дзе ён працаваў у даваенны час. У сярэдзіне 80-х гадоў экспазіцыя была дапоўнена матэрыяламі пра пагранічныя заставы Заходняй ваеннай акругі. У 2003 годзе юныя следапыты пачалі пошукава-даследчую работу, збор матэрыялаў па тэме “Граніца”. Яны падбіраюць матэрыялы для папаўнення экспазіцыі, вывучаюць вопыт работы музея імя В.М.Усава на заставе № 1 Гродзенскай пагранічнай групы.

Савет музея прымае актыўны ўдзел у даследчай рабоце: у семінарах-практыкумах для актыву школьных музеяў, у канферэнцыях ГрДУ імя Янкі Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, у конкурсах даследчых работ, прысвечаных юбілейным датам вызвалення Беларусі і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У 2015 годзе была ўрачыста адкрыта абноўленая экспазіцыя музея, распрацаваны сайт, які ўдастоены дыплома I ступені на рэс­публіканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

Фонды музея шырока выкарыстоўваюцца ў вучэбнай і пазаўрочнай рабоце. 

Даследчыкі і экскурсаводы

Больш як дзесяць гадоў у школе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Патрыёты роднага краю”. Як расказала яго кіраўнік Юлія Са­дзюк, тут займаюцца ў асноўным навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў, якія цікавяцца гісторыяй, у прыватнасці, падзея­мі Вялікай Айчыннай вайны. Члены аб’яднання праводзяць экскурсіі ў музеі імя В.М.Усава для навучэнцаў як сваёй, так і іншых школ, гасцей установы адукацыі.

— Хочацца, каб кожны навучэнец ведаў, у гонар каго названа наша школа, ведаў пра подзвіг Віктара Усава і што ён значыць для гісторыі нашай краіны, — гаворыць навучэнка 8 класа Настасся Шайко. — Менавіта з гэтай мэтай я прыйшла ў ваенна-патрыятычны клас. Я і мае сябры з гордасцю носім званне усаўцаў і з цікавасцю расказваем наведвальнікам музея пра героя-пагранічніка. Я сама з дзяцінства мару стаць пагранічнікам і іду да здзяй­снення сваёй мары.

На базе школы на працягу пяці гадоў працуе навукова-даследчае таварыства “Эрудыт”, дзейнасць якога таксама право­дзіцца і ў музеі. Як паведаміла яго кіраўнік настаўніца гісторыі Святлана Колбік, на навукова-практычных канферэнцыях свае даследаванні ў асноўным прадстаўля­юць навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў. Адна з іх — адзінаццацікласніца Дзіяна Вайцяховіч. 

— Мае работы прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайне. Цяпер пішу пра спаленую вёску Шаулічы, з’ездзіла туды, каб адчуць атмасферу месца, дзе здарылася такая трагедыя. Рыхтуюся да паступлення ў Інстытут пагранічнай службы, — па­дзялілася дзяўчына.   

Школьныя традыцыі

Настаўніца пачатковых класаў, якая выхавала не адно пакаленне вучняў, Яніна Курстак падкрэсліла:

— Наша школа прасякнута патрыятычным духам так, што тут проста нельга не любіць музей, саму ўстанову адукацыі.

На сённяшні дзень у школе 4 перадпрофільныя і 1 профільны клас ваенна-патрыятычнай накіраванасці. У іх ёсць свае традыцыі, сярод якіх прывядзенне да прысягі, прысваенне навучэнцам званняў. Нала­джана цеснае супрацоўніцтва з воінскімі падраздзяленнямі, органамі пагранічнай службы і сілавымі структурамі.

У летні час для навучэнцаў гэтых класаў арганізаваны вучэбныя зборы, трохступеньчатая мадэль якіх апрабавана ў мінулым годзе. Навучэнцы 5—6 класаў праходзяць зборы на базе школьнага дзённага лагера, 7—8 класаў — у кругласутачным лагеры на заставе імя В.М.Усава і 9—10 класаў — на базе вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы ў Смаргонскім раёне. У бягучым годзе плануецца правесці ўрачыстую цырымонію развітання са штандарам з нагоды першага выпуску ваенна-патрыятычнага класа.

— У нашай школе накоплены багаты вопыт у рабоце па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, — сказала кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Алена Ермашкевіч. — Нароўні з іншымі напрамкамі значную ўвагу ўдзяляем фарміраванню палітычнай культуры навучэнцаў праз іх уключэнне ў такія віды дзейнасці, як маладзёжны парламент, дзіцячы і маладзёжны рух, вучнёўскае самакіраванне. Важным для выхавання ў навучэнцаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму лічым іх удзел у падзеях дзяржаўнай значнасці, патрыятычных акцыях і мерапрыемствах, што набывае асаблівы сэнс у Год гістарычнай памяці. 

Аб эфектыўнасці сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання ў школе сведчаць не толькі шматлікія дасягненні, але і выбар выпускнікамі ваенных прафесій. 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.