Вучаць уласным прыкладам

Мінулы навучальны год быў для нашай установы адукацыі вельмі насычаным і прадукцыйным. На рахунку яе калектыву — 138 дыпломаў раённага, 36 абласнога, 3 рэспубліканскага і 2 міжнароднага ўзроўню. Гэта вынік эфектыўнага ўзаемадзеяння педагогаў і вучняў. Вялікую ролю ў матывацыі дзяцей да вучэбных поспехаў адыгрывае прыклад настаўнікаў.

На працягу мінулага навучальнага года каманда педагогаў нашай школы актыўна ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах сярод работнікаў устаноў адукацыі раёна. Так, у зімовым мнагаборстве настаўніцкая каманда заняла 1-е месца. У спартакіядзе яна таксама аказалася лепшай.

Па выніках нядаўняга раённага турыстычнага злёту сярод вучняў і работнікаў устаноў адукацыі прадстаўнікі нашай школы зноў аказаліся наймацнейшымі. Юнакі і дзяўчаты ва ўпартай барацьбе абышлі 13 каманд. Не лягчэй было і камандзе педагогаў, якія на ўласным прыкладзе паказвалі выхаванцам волю да перамогі. Настаўнікі спаборнічалі ў фігурным ваджэнні веласіпеда, спартыўным арыентаванні, дартсе, тэхніцы пешаходнага турызму, шашках і творчых конкурсах. Напружаная падрыхтоўка прывяла да заканамернай перамогі.

Можна не сумнявацца, што дзякуючы згуртаванасці вучнёўскага і педагагічнага калектываў іх чакаюць новыя поспехі ў розных напрамках дзейнасці. Галоўнае — паказаць прыклад, які варты пераймання!

Наталля ЛІТВІНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *