Вучацца быць аграрыямі

На сайце Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна ёсць раздзел “Малая радзіма стала лёсам”. У ім прадстаўлены выпускнікі, якія працуюць у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве імя Героя Беларусі В.І.Крамко. Сярод іх жывёлаводы і механізатары, галоўныя спецыялісты гаспадаркі.

— Супрацоўніцтва з сельскагаспадарчым прадпрыемствам у школы даўняе і трывалае, — гаворыць дырэктар Квасоўскай школы Алег Калікставіч Хрыптовіч. — Гэта і матэ-рыяльная падтрымка, і дапамога ў арганізацыі выхаваўчай работы — на базе гаспадаркі летам арганізоўваюцца лагеры працы і адпачынку, і бацькі нашых навучэнцаў у -асноўным тут працуюць. Так што адкрыццё агракласа палічылі справай карыснай і патрэбнай.

Перадумоў адкрыцця агракласа было некалькі. У гэтай справе атрымалі падтрымку кіраўніцтва вытворчага кааператыва. Як сказаў Алег Калікставіч, старшыня праўлення гаспадаркі Сяргей Вітальевіч Крамко ў размове з ім вызначыў адну з задач дзейнасці аграрнага класа: важна, каб дзеці ўбачылі ўвесь цыкл сельскагаспадарчых работ і сельскагаспадарчай вытворчасці — ад пасеву да засекаў, каб у гаспадарку прыходзілі мясцовыя жыхары. Вызначылі куратара ад гаспадаркі — гэта старшыня прафсаюзнага камітэта Святлана Васільеўна Буш. Складзены графік наведвання вытворчых падраздзяленняў, сустрэч са спецыялістамі, правядзення практычных заняткаў.

Штогод выпускнікі школы становяцца студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Супрацоўнічаюць навучальныя ўстановы на працягу сямі гадоў, што дае магчымасць праводзіць актыўную прафарыентацыйную работу. Школьнікі па суботах могуць бываць на занятках ва ўніверсітэце.

Перад адкрыццём агракласа праводзілася работа з навучэнцамі і іх бацькамі. Гаварылі аб перспектывах, прэферэнцыях пры паступленні, аб вывучэнні на павышаным узроўні біялогіі і хіміі. Ды і тое, што гэтыя прадметы будуць выкладаць настаўнікі вышэйшай катэгорыі Марына Станіславаўна Созінава і Тэрэса Генрыхаўна Сільвановіч, было таксама плюсам. А ў тым, што працаваць сёння ў перадавой гаспадарцы — гэта добрыя ўмовы і магчымасці, бацькоў і пераконваць не трэба было — самі ўсё ведаюць.

— За адказную і новую працу бралася і з задавальненнем, і з некаторай доляй перажыванняў, — расказвае Марына Станіславаўна.

— Пасля заканчэння амаль дзвюх чвэрцяў бачу, што маім дзесяцікласнікам спасцігаць новы напрамак падабаецца, яны з задавальненнем шукаюць дадатковы матэрыял у інтэрнэце, з цікавасцю ходзяць на экскурсіі на вытворчасць. І хоць жывуць у вёсцы, многае для іх адкрываецца нанова. Яны бачаць працу аграрыяў знутры, паглыбляюцца ў яе. У гэтым узросце не ўсе дзеці дакладна ведаюць, кім хочуць стаць. Профільны клас, безумоўна, дапаможа ім у гэтым вызначыцца. Адна з маіх вучаніц пасля наведвання жывёлагадоўчай фермы зрабіла ўласнае адкрыццё: жывёлы таксама хварэюць, як і людзі. І прафесію ўрача гатова змяніць на прафесію ветэрынара.

У аграрным класе па чатыры ўрокі хіміі і біялогіі ў тыдзень, па панядзелках і аўторках — факультатыў. Ужо пяць разоў былі наведаны вытворчыя падраздзяленні кааператыва. І сама Марына Станіславаўна вучыцца разам са сваімі вучнямі: была на вучэбных семінарах, арганізаваных Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам і Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі для педагогаў, якія вядуць факультатыўны курс “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Пры правядзенні заняткаў настаўнікам вельмі дапамагае электронны вучэбна-метадычны комплекс, распрацаваны выкладчыкамі чатырох сельскагаспадарчых універсітэтаў.

Унучка заснавальніка сельскагаспадарчага кааператыва Дар’я Крамко таксама вучыцца ў аграрным класе. Адным з самых яркіх уражанняў для яе стала наведванне вялікага фруктовага саду, дзе яблыкі збіралі не ўручную, а пры дапамозе тэхнікі. У кааператыве сад займае 327 гектараў плошчы, тут вырошчваецца 40 гатункаў яблык, а яшчэ ёсць чарэшня, сліва, алыча буйнаплодная, вішня. Такую гаспадарку без механізацыі не падтрымаеш. У будучых аграрыяў была магчымасць самім паспрабаваць папрацаваць на такой тэхніцы.

Формы прафесійнай арыентацыі ў сельскіх школах могуць быць рознымі. Так, у Індурскай сярэдняй школе на працягу дваццаці гадоў не проста падтрымліваюць цікавасць вясковых дзяцей да сельскагаспадарчай тэхнікі, якую яны бачаць з дзяцінства, але і вучаць на ёй працаваць, рыхтуюць кадры для аграрнага сектара. Набыўшы прафесійную падрыхтоўку, выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі “А”. Як паведаміла дырэктар школы Валянціна Васільеўна Наседкіна, зараз на трактарыста вучацца 24 чалавекі. А каб навучанне было якасным, мясцовая гаспадарка — СВК імя Дзеньшчыкова — падарыла школе трактар МТЗ.

Гродзенскі раён — адзін з самых перадавых у краіне па выпуску сельскагаспадарчай прадукцыі, і пытанне падрыхтоўкі кадраў — вельмі важнае і актуальнае. Як паведаміла начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Кузьма, у раёне аграрныя класы адкрыты яшчэ ў Капцёўскай, Свіслацкай, Раціцкай сярэдніх школах, групы па вывучэнні факультатыўнага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” створаны ў Верцялішкаўскай сярэдняй школе і дзіцячым садзе — сярэдняй школе Луцкаўлян. Усе гэтыя навучальныя ўстановы цесна супрацоўнічаюць з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, што вельмі дапамагае ў навучанні будучых аграрыяў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.