Вучацца прафесіі, рыхтуюцца да жыцця

У гэтым навучальным годзе Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага ў рамках праграмы прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў пачаў адукацыйны працэс па працоўным навучанні. Ужо на працягу амаль пяці месяцаў навучэнцы засвойваюць асновы прафесіі памочніка выхавальніка.

Па дамоўленасці з аддзелам адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Навабеліцкага раёна абласнога цэнтра ў прафпадрыхтоўку ўключыліся 4 установы адукацыі Гомеля: сярэднія школы №№15, 73, 4, 41.

Мабыць, у кожнага чалавека майго пакалення і тых, хто старэйшы, недзе захоўваецца пасведчанне аб набыцці першай — як правіла, рабочай — прафесіі ў вучэбна-вытворчым камбінаце. Два апошнія школьныя гады мы засвойвалі тэарэтычныя і практычныя веды прадаўца, швачкі, вадзіцеля і г.д. Можна было выбраць тое, да чаго ляжала душа. Далёка не ўсе ішлі потым па гэтым шляху, але ўсе мелі нейкі гарант таго, што не застануцца ля разбітага карыта, калі не вытрымаюць іспыты ці не пройдуць па конкурсе ва ўстанову, пра якую марылі. Пасведчанне вучэбна-вытворчага камбіната аб набытай прафесіі дазваляла ўладкавацца на работу, а на наступны год можна было зноў трымаць экзаменацыйныя выпрабаванні ва ўніверсітэт ці каледж.

Каштоўнасць такой сістэмы ў тым, што старшакласнікаў вучылі не толькі пэўнай прафесіі, а ў нейкай ступені яшчэ і рыхтавалі да жыцця. На думку дырэктара Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага Мікалая Валодзіна, адукацыйны працэс па працоўным навучанні, які сёння рэалізоў­ваецца ва ўстанове, не што іншае, як добра забытае старое.

Пачаўшы прафесійную падрыхтоўку школьнікаў, адміністрацыя і педагогі перш за ўсё арыентаваліся на тое, каб навучыць дзяўчат прафесіі памочніка выхавальніка. Аднак арганізатарам гэты працэс бачыцца глыбей: навучэнцы рыхтуюць сябе да жыцця.

— Канечне, мы не адпускаем мэту скіраваць іх таксама на працяг адукацыі ў педагагічным кірунку, але разумеем, што не ўсе выберуць педагогіку сваёй прафесіяй, — дзеліцца Мікалай Мікалаевіч. — Кожны атрымае каштоўныя веды для жыцця, якія спатрэбяцца, калі яны стануць бацькамі. А значыць, два гады навучання ў любым выпадку не будуць загубленымі.

Насамрэч, колькім бацькам не хапае адпаведных ведаў у выхаванні свайго дзіцяці, колькі тых, хто, стаўшы мамай і татам, спрабуе шукаць адказы на пытанні ў спецыяльнай літаратуры! Што тычыцца ўдзельнікаў праграмы па прафесійнай падрыхтоўцы, то пасля заканчэння з імі застануцца не толькі ўспаміны і дыплом аб рабочай спецыяльнасці, які атрымаюць пасля здачы экзаменаў. З імі застануцца веды па псіхалогіі і педагогіцы, а таксама цікавыя метадычныя распрацоўкі, перададзеныя выкладчыкамі педкаледжа.

Зараз навучанне па праграме прафесійнай падрыхтоўкі па прафесіі памочніка выхавальніка праходзяць 56 вучняў 10 класаў. Яны падзелены на тры групы, для кожнай з якіх складзены і зацверджаны дырэктарам каледжа расклад заняткаў. Навучанне арганізавана ў два этапы: тэарэтычны і практычны. Так, тэарэтычныя веды па псіхалогіі і педагогіцы, метадычны вопыт школьнікі засвойваюць у сценах Гомельскага педагагічнага каледжа. Прафесійны ўзровень выкладчыкаў гэтай установы вельмі высокі, і калі, магчыма, сёння школьнікі не зусім разумеюць, як ім пашанцавала вучыцца ў гэтых педагогаў, то праз некаторы час гэтае разуменне, несумненна, прыйдзе.

Практычныя веды дзяўчаты атрымліваюць непасрэдна ва ўстановах дашкольнай адукацыі Навабеліцкага раёна Гомеля, з якімі ў каледжа заключаны дагаворы. Падчас практычных заняткаў у дзіцячых садках дзесяцікласніцы шмат часу праводзяць з дашкалятамі, лёгка ладзяць з малымі і добра спраўляюцца з абавязкамі памочніка выхавальніка.

Вопыт толькі ўкараняецца, гаварыць пра нейкія пэўныя вынікі пакуль рана. Аднак нельга не пага­дзіцца з дырэктарам педагагічнага каледжа Міка­лаем Валодзіным: атрыманыя веды ніколі не бываюць лішнімі і нясуць толькі карысць.

Наталля ЛУТЧАНКА.