Вучацца ў аўдыторыі і ў полі

- 11:18Адукацыйная прастора

Педагогі, якія выкладаюць факультатыўны курс “Увядзенне ў аграрныя прафесіі”, і метадысты вучэбна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дзейнасць класаў аграрнай накіраванасці, зноў сустрэліся ў Гродне. У абласным  інстытуце развіцця адукацыі сумесна з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам правялі V сесію адукацыйнай платформы “АграКЛАС”.

Зараз у краіне дзейнічае 400 такіх класаў, у якіх вучацца амаль 2500 школьнікаў. У 2020 годзе першыя выпускнікі аграрных класаў скончаць школу. За гэты час у настаўнікаў з’явіўся пэўны вопыт выкладання факультатыву. І калі ў першы год работы адукацыйнай платформы тэмы для абмеркавання прапанавалі навукоўцы ўніверсі­тэта і спецыялісты ГрАІРА, то на V сесіі прапановы паступілі і ад настаўнікаў. Напярэдадні супрацоўнікі інстытута правялі анкетаванне і высветлілі тэмы, якія хацелі б закрануць самі педагогі. І яшчэ некалькі адметнасцей вылучылі апошнюю платформу — нараўне з лекцыямі выкладчыкаў аграрнага ўніверсітэта адбыліся майстар-класы і адкрытыя ўрокі настаўнікаў, удзел у мерапрыемствах прынялі і навучэнцы аграрнага класа, які створаны ў сярэдняй школе № 28 Гродна. І гэта першы такі клас у абласным цэнтры.

Удзельнікаў адукацыйнага мерапрыемства віталі дырэктар вучэбна-метадычнага цэнтра Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Тамара Сень і рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. З работай аграрнага ўніверсітэта і яго развіццём як навучальнай установы 3.0 настаўнікаў і метадыстаў азнаёміў рэктар ГДАУ Вітольд Песціс.

У аграрным універсітэце адбыліся лекцыі і практычныя заняткі па тэмах механізацыі — крыніцах току, кінематычных схемах сельгасмашын, цеплавых рухавіках, устройствах перадачы электрычнай энергіі, электрапрыводах.

Былі арганізаваны майстар-класы настаўнікаў-метадыстаў Гро­дзенскай вобласці. З лайфхакамі на факультатыўных занятках “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” азнаёміла настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Дзятлава Валянціна Багдановіч, з адукацыяй ІОКЕйС — настаўнік-метадыст Ніна Корабава, візуалізацыяй у адукацыйным працэсе — настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 32 Гродна Вераніка Садомцава. Адкрытыя факультатыўныя заняткі “Паняцце дакладнага земляробства” правёў настаўнік хіміі і біялогіі Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна Леанід Шафарэвіч.

Прадставілі ўдзельнікам платформы вопыт экалагічнага вядзення сельскай гаспадаркі. Аб гэтым паведамілі кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Сядзіба Юбілейная” Яўген Дарагуш, дырэктар прадпрыемства “Экаманіторынг” Яўген Філімонаў і дацэнт кафедры экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вольга Крамлёва. Каб больш даведацца аб тым, як весці прафарыентацыйную работу, выяў­ляць схільнасці дзяцей, настаўнікі ­паўдзельнічалі ў псіхалагічнай квест-гульні “Хто Я? У пошуках свайго прызначэння”.

— Стала традыцыяй знаёміць настаўнікаў і спецыялістаў вучэбна-метадычных кабінетаў з перадавымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі Гродзенскага раёна, — гаворыць начальнік цэнтра метадычнай і інфармацыйна-аналітычнай работы ГрАІРА Павел Бычак. — Гэты раз адбылося азнаямленне з дзейнасцю адной з самых лепшых гаспадарак краіны — “Прагрэс-Верцялішкі”. Тут нам паказалі не толькі аб’екты сельскагаспадарчай вытворчасці, але і сацыяльна-бытавыя.

А для дзесяцікласнікаў 28-й гродзенскай школы паездка ў Верцялішкі стане запамінальнай і таму, што яны паспрабавалі сябе ў ролі спецыялістаў, якія вызначаюць ­якасць малака. У навукова-практычным цэнтры Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта пры малочнатаварным комплексе “Рыдзелі” практычныя заняткі правяла старшы выкладчык кафедры тэхналогіі захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны Дзіяна Лазоўская. Дзіма Астапковіч і Дар’я Сініца справіліся з заданнем і падзяліліся сваімі ўражаннямі: яны і не ўяўлялі, што малако, перш чым трапіць да спажыўца, праходзіць такую складаную праверку па многіх паказчыках.

Як паведаміла рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі С.А.Сяргейка, работа адукацыйнай платформы “АграКЛАС” будзе працягвацца, а для навучэнцаў плануюць арганізаваць алімпіяду. Ёсць планы, як і мінулым летам, арганізаваць для навучэнцаў профільных агракласаў летні лагер на базе ГрАІРА і запрасіць у яго школьнікаў не толькі з Гродзенскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў краіны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.