Вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі пры дапамозе сродкаў нагляднасці

- 15:18Портфолио

Сучаснаму грамадству патрэбны адукаваныя, духоўныя, прадпрымальныя людзі, якія могуць самастойна прымаць адказныя рашэнні ў сітуацыі выбару, прагназуючы іх магчымыя вынікі, людзі, здольныя да супрацоўніцтва, якія валодаюць мабільнасцю і развітым пачуццём адказнасці.

Зыходзячы з гэтага, галоўная задача агульнаадукацыйнай школы — сфарміраваць цэласную сістэму ўніверсальных ведаў, уменняў і навыкаў, а таксама вопыт самастойнай дзейнасці і асабістай адказнасці навучэнцаў, тыя ключавыя кампетэнцыі, якія вызначаюць сучасную якасць адукацыі. Пры фарміраванні ключавых кампетэнцый навучэнца педагогі вызначаюць яго далейшы лёс, бо менавіта школа закладвае падмурак яго будучай мабільнасці, сацыяльнай адаптаванасці і паспяховасці, тым самым выконваючы сацыяльны заказ сучаснага грамадства. Навучанне павінна мець практычную накіраванасць і фарміраваць у дзяцей самастойнасць і адказнасць за вынік сваёй дзейнасці.

У апошні час у адукацыйным працэсе істотна змянілася роля сродкаў нагляднасці: з дадатковых дыдактычных яны паступова пераўтвараюцца ў адны з асноўных. Сучасныя вучні з’яўляюцца прадстаўнікамі экраннай культуры, таму, на думку сучасных вучоных-дыдактыкаў, наглядна-вобразныя формы прадстаўлення і засваення зместу гістарычнага вучэбнага матэрыялу павінны стаць адным з вядучых кампанентаў пазнавальнай дзейнасці.   

У сваёй педагагічнай практыцы шмат гадоў я выкарыстоўваю выяўленчыя сродкі нагляднасці. Яны з’яўляюцца незаменнымі для фарміравання ў школьнікаў выразных гістарычна праўдзівых уяўленняў з мэтай развіцця іх вучэбна-пазнавальных кампетэнцый: па-першае, здабываць веды непасрэдна з рэчаіснасці, валодаць прыёмамі паводзін у нестандартных сітуацыях, эўрыстычным метадам вырашэння праблем; па-другое, усведамляць сутнасць гістарычных падзей і з’яў, запамінаць і захоўваць у памяці гістарычную інфармацыю; па-трэцяе, садзейнічаць развіццю ў вучняў назіральнасці, увагі, творчага ўяўлення і фантазіі, мыслення і маўлення, эстэтычнага густу.

Існуе шмат метадычных прыёмаў выкарыстання сродкаў нагляднасці на розных этапах урока. Улічваючы магчымасці візуалізацыі крыніц гістарычных ведаў, метадычна мэтазгодна прадстаўляць новы для вучняў матэрыял пры дапапозе алгарытму “вобраз — слова — дзеянне”. Інфармацыя вучням прадстаўляецца не проста ў выгля­дзе гатовага зрокавага вобраза, а як спосаб атрымання і абагульнення ведаў на аснове паняцця, падзеі, працэсу, з’явы, факта, заснаваны на асацыятыўным мысленні і сістэмным структураванні інфармацыі ў нагляднай форме. На мой погляд, на арганізацыйна-матывацыйным этапе ўрока прадукцыйным з’яўляецца прыём “сімвал — асацыяцыя”, які садзейнічае актуалізацыі суб’ектнага вопыту вучняў і матывуе іх на актыўную дзейнасць. Напрыклад, на ўроках па найноўшай гісторыі ў 11 класе “Злучаныя Штаты Амерыкі” і “Вялікабрытанія” вучням прапаноўваюцца выявы Белага дома, партрэт Джона Кенэдзі, рэстарана McDonald’s, айфона, памятнага знака на месцы будынкаў Сусветнага гандлёвага цэнтра ў Нью-Ёрку, манумент Вашынгтона, знак Галівуда — для ЗША; Біг-Бэна, лонданскага чырвонага двухпавярховага аўтобуса, партрэт Маргарэт Тэтчэр, каралеўскай сям’і, кніг пра Гары Потэра, шатландскага кілта, Таўэрскага моста — для Вялікабрытаніі (дадатак 1). Вучні выбіраюць ілюстрацыю, якая можа быць, на іх думку, найбольш змястоўным сімвалам краіны. Па выніках фарміруюцца мікрагрупы. Удзельнікі груп тлумачаць свой выбар пры дапамозе адказаў на наступныя пытанні: “Чаму ў вас з’явілася асацыяцыя з гэтай ілюстрацыяй?”, “Што паўплывала на ваш выбар?”, “Што вы ведаеце пра гэты сімвал?”.

Выкарыстоўваю ў сваёй практыцы таксама разнастайныя медыятэксты-паштоўкі (у нашай калекцыі іх больш
за 100), плакаты, фотаздымкі, мультыплікацыю і відэа­фрагменты (склалі сваю відэатэку). Падчас работы з такімі сродкамі медыяадукацыі абавязкова прытрымліваюся метадалагічных патрабаванняў па часе, па колькасці скарыстаных крыніц.

На працягу 10 гадоў я выкладаю факультатыўны курс “Тэорыя і практыка тэсціравання па гісторыі”. Адным з важных аспектаў паспяховай здачы ЦТ з’яўляецца даска­налае і дакладнае веданне храналогіі гістарычных падзей. Як паказвае мая педагагічная практыка, вучні добра засвойваюць гістарычныя даты, калі яны маюць дачыненне да важных, цікавых і яркіх падзей. Але змест школьнага курса гісторыі ўключае ў сябе розныя па сваёй значнасці даты, веданне якіх з’яўляецца абавязковым для вучняў, якія будуць здаваць ЦТ па гісторыі. Дзеці лягчэй засвойваюць гістарычныя даты, якія можна ўявіць праз нагляднасць і вобразнасць звязаных з імі падзей і фактаў. У сваёй практыцы шырока выкарыстоўваю і прыём складання ланцужка: вобраз (ілюстрацыя, карціна, мастацкі выраз) — падзея — дата. Так, разам з вучнямі мы склалі асацыятыўны зборнік “Гісторыя Беларусі ў вобразах і па­дзеях” (па кожным стагоддзі), які дапамагае сфарміра­ваць трывалыя храналагічныя веды з мэтай паспяховай здачы не толькі ЦТ, але і абавязковага экзамену па гісторыі Беларусі (дадатак 2).

Пры фарміраванні вучэбна-пазнавальных кампетэнцый школьнікаў праз выкарыстанне выяўленчых сродкаў нагляднасці даволі складана ўключыць у работу ўсе пачуцці вучняў, іх думкі і эмоцыі. У развіцці эмацыянальна-каштоўнаснага кампанента навучання і гістарычнай памяці мне дапамагае прыём мультысенсорнага ўспрымання карціны (дадатак 3).

Фарміруючы вучэбна-пазнавальныя кампетэнцыі школьнікаў, настаўнік павінен навучыць іх крытычна падыходзіць да характарыстыкі розных гістарычных крыніц, аргументавана выказваць свой пункт гледжання на  праблему і вызначаць альтэрнатыўныя шляхі яе вырашэння. Мы часта сутыкаемся з неабходнасцю сціслага тлумачэння вялікага аб’ёму вучэбнага матэрыялу. У сваёй рабоце я стала шырока выкарыстоўваць на ўроках гісторыі тэхналогію шматмерных дыдактычных інструментаў. Галоўную мэту прымянення дадзенай тэхналогіі ў адукацыйным працэсе метадысты бачаць у зніжэнні працаёмкасці і павышэнні эфектыўнасці дзейнасці настаўніка і вучня за кошт выкарыстання шматмерных дыдактычных інструментаў. У якасці такіх інструментаў выступаюць мадэлі ведаў, прадстаўленыя ў канцэнтрычнай форме, — логіка-сэнсавыя мадэлі.

У сваёй педагагічнай практыцы выкарыстоўваю розныя прыёмы работы з ЛСМ:

  • раблю самастойна ЛСМ і працую па ёй з вучнямі (матэрыял вывучаемай тэмы вельмі аб’ёмны);
  • запаўняю адну вось, астатнія — вучні;
  • на ўроку запаўняецца некалькі восей, а астатнія вучням неабходна зрабіць дома;
  • даю дамашняе заданне скласці ЛСМ — з мэтай праверкі засвоеных ведаў у хуткім тэмпе на наступным уроку.

Хачу адзначыць, што вучні з задавальненнем працуюць над складаннем ЛСМ. Логіка-сэнсавыя мадэлі дапамагаюць раскрыцца многім дзецям, якія не гаварылі на ўроках і мелі нізкі ці сярэдні ўзровень навучання. Пры сістэматычнай рабоце па складанні логіка-сэнсавай мадэлі навучэнцы павышаюць свой узровень да дастатковага ці высокага. Выкарыстанне ЛСМ на ўроках гісторыі дае мне шэраг пераваг: даступнасць для любога ўзроўню падрыхтоўкі вучняў, нагляднасць, кампактнасць, эканомія часу, структураванасць, задаволенасць ад сумеснай працы.

Перад намі, настаўнікамі, паўстала задача знайсці найбольш аптымальны варыянт перадачы і засваення ведаў. Выкладанне гісторыі павінна зводзіцца не да трэніроўкі памяці і завучвання як мага большай колькасці фактаў, імён, дат і падзей, а да высвятлення і асэнсавання галоўнага, канкрэтнага і неабходнага ў далейшым. Для кожнага настаўніка такая работа павінна быць не эпізадычнай, а сістэматычнай.

Галоўнымі дзеясловамі майго педагагічнага вопыту ў дачыненні да вучняў сталі: “знайдзіце”, “прааналізуйце”, “выкажыце”, “прапануйце”, “выкарыстайце”, “стварыце”, “аргументуйце” і “дакажыце”.

ДАДАТАК 1

Прыклады выкарыстання метаду асацыяцыі на ўроках па тэмах “ЗША” і “Вялікабрытанія” (Сусветная гісторыя, 11 клас)

ДАДАТАК 2

Матэрыялы для падрыхтоўкі да ЦТ па гісторыі
Беларусі (XI стагоддзе), алгарытм “вобраз — слова — дзеянне”

ДАДАТАК 3

Матэрыялы да ўрока “Антыфашысцкае супраціўленне на акупаваных тэрыторыях” (10 клас)

На этапе вывучэння новага матэрыялу вучні працуюць з рэпрадукцыямі карцін “За родную Беларусь” Уладзіміра Сухаверхава і “Віцебскія вароты” Міхаіла Савіцкага па метадзе мультысенсорнага аналізу і адказваюць на пытанні.

“За родную Беларусь” Уладзіміра Сухаверхава

  • Што я бачу на карціне?
  • Калі і дзе гэта магло адбыцца?
  • Як паказана на карціне фігура камандзіра?
  • Я спадзяюся, што…
  • Што сімвалізуе вобраз камандзіра і калона партызан, якая рухаецца за ім?
  • Я адчуваю…
  • Я чую…
  • Якія пачуцці выклікае гэтая карціна?
  • Чаму мастак так назваў карціну?

“Віцебскія вароты” Міхаіла Савіцкага

  • Што паказана на карціне?
  • Што сімвалізуе маладая жанчына ў цэнтры кампазіцыі?
  • Я адчуваю…
  • Я хвалююся, што…
  • Я адчуваю пах…
  • Дзе і калі гэта адбываецца?
  • Што мастак намаляваў на другім плане?
  • Чаму мастак выкарыстаў цёмную палітру колераў?
  • Што магло адбыцца далей?

Рыта МІШЫНА,
настаўнік-метадыст, настаўніца гісторыі
Забродскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.