Вучэбнае мастацтва

- 10:20Суразмоўца, Суразмоўца, Школьны падручнік

У новым навучальным годзе пяцікласнікі атрымалі абноўлены падручнік па мастацтве. Пра сутнасць абнаўлення і ролю педагогаў­-практыкаў у стварэнні вучэбнай літаратуры гаворым з удзельніцай аўтарскага калектыву і настаўніцай сярэдняй школы № 1 Бярозы імя В.Х.Галаўко Марынай ВОЎК.

— Марына Анатольеўна, першае пытанне для знаёмства: чаму педагогіка і мастацтва?

— Траекторыя майго прафесійнага развіцця, як і ў большасці з нас, складаецца з выпадковасцей і заканамернасцей. Права­дніком у свет прыгожага была мая мама, ­таксама настаўніца, якая рэгулярна папаўняла дамашнюю бібліятэку мастацкімі альбомамі і кнігамі пра мастакоў. Любімым маім заняткам было вывучэнне дванаццатага тома дзіцячай энцыклапедыі, прысвечанага мастацтву, а чаканай падзеяй — з’яўленне ў паштовай скрыні часопіса “Огонек” з яго каляровымі ўкладышамі.

На жаль, мастацкую адукацыю ў школьныя гады атрымаць не ўдалося, бо перамяшчаліся мы ўслед за бацькам да яго новага месца службы даволі часта. Затое такое жыццё давала магчымасць пазнаёміцца з многімі гарадамі тады яшчэ неабсяжнай краіны. Нязменнай часткай праграмы вывучэння новага горада было наведванне мастацкага музея. Любімымі прадметамі ў школе сталі гісторыя, руская літаратура, музыка і выяўленчае мастацтва. З класа сёмага мне хацелася быць мастацтвазнаўцам. Уяўляла сябе ў ролі экскурсавода, але мама, чалавек практычны, настаяла на прафесіі педагога, якую асвойвала ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна.

І вось, рыхтуючыся да здачы кваліфікацыйнага экзамену на вышэйшую катэгорыю, дзе планавала прадставіць вопыт па развіцці элементаў эмацыянальнага інтэлекту на ўроках эстэтычнага ўспрымання твораў мастацтва, была вельмі ўзрушана: выяўленчага мастацтва няма ў вучэбным плане 5 класа! Складана апісаць мой стан у той час. Здзіўленне і разгубленасць прайшлі хутка, бо з’явіўся новы прадмет “Мастацтва” (айчынная і сусветная мастацкая літаратура). Вывучыўшы рэкамендацыі, праграму, я зразумела, што гэта ўнікальны шанс не толькі працаваць далей у выбраным кірунку, але і пашырыць сферу інтарэсаў, тым больш што была прадугледжана варыятыўнасць
як у змястоўнай частцы вучэбнай праграмы, так і ў метадычным інструментарыі.

— Вы пачыналі працаваць без падручніка. Якімі былі першыя вучэбныя дапаможнікі? Што вас як настаўніка ў іх парадавала, а што засмуціла?

— Пачынаць заўсёды няпроста. Цяжкасці заключаліся нават не ў тым, што вучэбны дапаможнік з’явіўся не адразу (педагогам была аказана навукова-метадычная падтрымка), — быў кардынальна зменены падыход да выкладання мастацтва. Стрыжнем, асновай усяго з’яўляецца эмацыянальна-вобразная прырода мастацкага твора, таму гаварыць пра мастацтва трэба мовай самога мастацтва. Праблемна-тэматычны падыход у выкладанні прадмета даў магчымасць вывучаць яго ў 5 класе, але патрабаваў зусім іншай методыкі, якая ў поўнай меры была прадстаўлена ў навучальным дапаможніку для пятага класа 2016 года. Даступнасць выкладання, дыялагічнасць, насычанасць, падбор візуальных тэкстаў, удалае афармленне і сістэма разнапланавых заданняў да параграфаў выдзелілі вучэбны дапаможнік па мастацтве з агульнага рада. Адны толькі мастацкія эпіграфы да раздзелаў маглі вырашыць задачы некалькіх этапаў урока. 

— Раскажыце, калі ласка, пра свой вопыт удзелу ў доследнай праверцы. Што прапанавалі, а што ўлічылі?

— Як толькі прадмет з’явіўся ў вучэбным плане, для падтрымкі педагогаў сталі праводзіцца метадычныя семінары на розных узроўнях. Я старалася наведваць іх, слу­хаць, вучыцца ў калег і дзяліцца ўласнымі напрацоўкамі. Можа, таму мне і паступіла прапанова ўдзельнічаць у доследнай праверцы вучэбнага дапаможніка. Не без сумненняў, але я пагадзілася на год змяніць статус проста настаўніка на настаўніка-эксперта. Тым больш мая актыўнасць падтрымлівалася адміністрацыяй школы. Трэба сказаць, што супрацоўніцтва з НІА на ніве экспертызы працягнулася і ў наступныя гады. Дарэчы, самы аб’ёмны экспертны аналіз быў менавіта па падручніку 5 класа. Адных толькі прыватных заўваг было старонак на пятнаццаць. Цяпер нават няёмка за такую ўедлівасць.

Асноўныя заўвагі тычыліся структуры тэксту, якасці ілюстрацыйнага матэрыялу, недастатковай колькасці твораў нацыянальнай мастацкай школы. Хацелася больш развітога і разнастайнага метадычнага апарату. Практычна ўсе эксперты выступалі за асобныя параграфы, адведзеныя для тэматычнага кантролю, тым больш што тэсты ў любым выглядзе мала прымальныя пры засваенні мастацкага вобраза. Аўтарскі калектыў магчымасці вучэбнага дапаможніка пашырыў электронным дадаткам на дыску, але карыстацца ім як на ўроку, так і дома было складана, бо вучні актыўна карысталіся смартфонамі. Гэтую істотную заўвагу агучыў кожны настаўнік-эксперт на нарадзе пасля заканчэння доследнай праверкі.

Сучасны падручнік па мастацтве павінен захоўваць раўнавагу паміж мастацкай традыцыяй і сістэмай маральных каардынат, з аднаго боку, а з другога — садзейнічаць развіццю фантазіі, актыўнасці, творчасці. Аднаго хочацца абавязкова: каб кожнае ўзаемадзеянне з падручнікам для дзіцяці было і падзеяй, і адкрыццём.

У выніку практычна ўсе заўвагі былі ўлічаны. Вучэбны матэрыял набыў аптымальную структуру, былі распрацаваны творчыя ўрокі. Іх змест стымулюе творчую дзейнасць дзяцей, а настаўніку аблягчае выбар форм работы. Напрыклад, урок “У свеце фантазіі і ўяўлення” вучыць школьнікаў складаць казкі і прапануе некалькі схем іх стварэння.

Адметнасцю вучэбнага дапаможніка з’яўляюцца кароткія, вельмі вобразныя і тонкія інтэрпрэтацыі мастацкіх вобразаў. Немалаважнае значэнне мае і электронны дадатак да падручніка, які даступны па QR-кодзе з кожнага смартфона. Мастацкія творы, змешчаныя ў ім, разнастайныя па відах і жанрах. Яны як сусветнага ўзроўню, так і менш папулярныя, але зразумелыя дзецям, бо абапіраюцца на іх эмацыянальны вопыт. Кожны з твораў здольны раскрыць юнаму рэцыпіенту новыя грані быцця.

— Пасля вы былі рэцэнзентам, а потым увайшлі ў склад аўтарскага калектыву. Наколькі гэты від дзейнасці змяніў вашы ўяўленні аб падручніку?

— Як бы дзіўна гэта ні гучала, змяніць стаўленне да стварэння падручніка дапамог не столькі вопыт рэцэнзента, колькі ­ўдзел у стварэнні планаў-канспектаў урокаў для 7—9 класаў. Работа над рэцэнзіяй дапамагае зразумець логіку стварэння дапаможніка, яго шматузроўневую і шматвектарную структуру, вучыць трымаць у полі зроку захаванне ўсіх падыходаў і прынцыпаў прадмета. Педагагічная ж творчасць саткана з іншых матэрый. Вось тут ты і разумееш, што прыказка пра адрэзаныя матчыны пальцы — не фігура мовы! Калі кожнае слова, радок з верша, маляўнічы твор прадуманы, ужыўлены ў сістэму, а табе настойліва прапануюць яго прыбраць. У некаторыя моманты адчуваеш сябе забойцам.

Уявіце, пяць гадоў ты працуеш з падручнікам, знайшоў месца і значэнне кожнага ўрока ў сістэме педагагічных каардынат, ты загадзя прагназуеш вынік прымянення таго ці іншага прыёму, і табе ж трэба вырашыць, чаго ў гэтай стройнай сістэме не будзе, што возьме на сябе дадатковую сэнсавую нагрузку. Так, раздзелы, прысвечаныя тэмам прыроды, казкам і жывёльнаму свету, “падарылі” гадзіны творчым урокам. Прыйшлося кампанаваць матэрыял так, каб не былі страчаны разуменне ролі выяўленчых сродкаў жывапісу ў стварэнні пейзажу-настрою, зварот да эмацыянальнага вопыту пяцікласніка і развіццё чуласці да братоў нашых меншых.

Як настаўнік-практык я шмат увагі ­ўдзяліла сістэме рознаўзроўневых заданняў. Яна прадумана так, што іх выкананне ўздзейнічае на эмоцыі юнай душы, узбагачае запас ведаў, стымулюе да пошукавай дзейнасці. Ёсць шмат заданняў, якія прадугледжваюць удзел бацькоў. Асобна выдзелены практыкаванні “творчай майстэрні”. Яны знаёмяць навучэнцаў з рознымі формамі і спосабамі мастацкай дзейнасці, ствараюць сітуацыі поспеху, бо юнаму таленту вельмі важна адчуваць сябе не толькі таленавітым слухачом ці гледачом, але і геніяльным творцам. Часта ў практыкаваннях аб’ектам адлюстравання выступае тое, што ў штодзённым жыцці мы проста не заўважаем. Выканаць такія заданні будзе цікава і дарослым.

— “Мастацтва” вылучаецца сярод іншых школьных прадметаў нацэленасцю на развіццё мастацкага густу, творчасці, вобразнага мыслення, эмацыянальнага інтэлекту. Наколькі пад­ручнік адлюстроўвае асноўныя пасылы прадмета?

— Вы маеце рацыю, у вучэбнага прадмета “Мастацтва” не толькі асаблівае месца, але і асаблівая місія. Ён развівае такія якасці асобы, якія практычна не паддаюцца вымярэнню, але спрыяюць паспяховай сацыялізацыі дзіцяці, убудавання яго светапогляду ў сістэму агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей. Новы вучэбны дапаможнік улічвае гэты момант. Простай, даступнай мовай на прыкладзе ўзаемасувязі разнастайных форм эстэтычнага асваення рэчаіснасці праз сістэму заданняў і практыкаванняў дзецям раскрываецца існаванне адзінства і проціборства прыгожага — пачварнага, камічнага — трагічнага, узнёслага — нізіннага. Штодзённасць становіцца часткай мастацкага асяроддзя, а творчасць — неад’емным элементам кожнай справы. Вектары ўзаемадзеяння навучэнец — твор мастацтва, навучэнец — аўтар, навучэнка — навучэнец (немалаважна знайсці сябе ў гэтай сістэме) дапамагаюць прадумаць настаўніку драматургію ўрока.

Асабліва хочацца звярнуць увагу на невычэрпны выхаваўчы патэнцыял падручніка. Самыя важныя складнікі жыцця дзіцяці: малая радзіма, сям’я, сябры, інтарэсы і захапленні — адлюстраваны на яго старонках. Маральныя пытанні раскрыты мякка, па ўзросце.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.