Вучэбны атэль гасціннасці

- 16:09Рознае, Суразмоўца
Развіццю турызму як аднаго з сектараў эканомікі ў нашай краіне нададзены статус прыярытэтнага, асабліва ў гэты год, аб’яўлены Годам гасціннасці і з улікам правядзення ў Беларусі значнай падзеі — чэмпіянату свету па хакеі. Для падрыхтоўкі кадраў для турызму была задзейнічана Праграма TEMPUS Еўрапейскага саюза. Два папярэднія яе этапы ахоплівалі навучанне будучых спецыялістаў на ўзроўні вышэйшай школы. А гэты год стане завяршальным у працэсе падрыхтоўкі спецыялістаў сферы турызму з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Аб акалічнасцях і асаблівасцях гэтага працэсу нашай газеце расказала А.Л.КАСЬЯНІК, прарэктар па вучэбнай рабоце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт.

— Алена Леанідаўна, трэба нагадаць, што Праграма TEMPUS добра вядомая ў айчыннай сістэме адукацыі і накіравана на садзейнічанне развіццю краін-партнёраў Еўрапейскага саюза і іншых краін, у тым ліку і Беларусі.
— Сапраўды, гэтая еўрапейская праграма ўжо даўно прыжылася ў нашай краіне, і за гэты ўжо дастаткова працяглы перыяд супрацоўніцтва ў нас было рэалізавана больш за 100 праектаў, у якіх былі задзейнічаны больш за 30 універсітэтаў. Прызваная падтрымліваць працэсы мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў краінах-партнёрах з Еўропы і Азіі, яна прыйшла ў Беларусь больш за 20 гадоў назад і да гэтай пары спрыяе развіццю сістэмы адукацыі нашай краіны, пашырэнню супрацоўніцтва ў галіне вышэйшай адукацыі з іншымі краінамі, устанаўленню і развіццю кантактаў непасрэдна паміж навучальнымі ўстановамі. Праграма ахоплівала падрыхтоўку кадраў для розных галін нашай эканомікі і сацыяльнай сферы. А вось апошнія гады гэтая дзейнасць прысвечана развіццю турызму ў Беларусі, і на сённяшні дзень Беларусь — адзіная краіна, дзе рэалізуецца ўжо чацвёрты праект TEMPUS у сферы турызму.

— Раскажыце больш падрабязна пра турыстычны праект. Хто задзейнічаны ў ім?
— У кансорцыум праекта ўваходзяць Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый, Нацыянальнае агенцтва па турызме, беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”, універсітэты сталіцы і рэгіёнаў. З улікам таго, што на ўзроўні вышэйшай школы iшла падрыхтоўка выключна менеджараў, а непасрэдных выканаўцаў у сферы турызму адчуваецца дэфіцыт, то было мэтазгодным распачаць праграму падрыхтоўкі кадраў для турыстычнай галіны на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З гэтай мэтай да праекта TEMPUS былі падключаны 6 устаноў прафесійнай адукацыі, сярод якіх Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа, Пінскі педагагічны каледж Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, Гуманітарны каледж і Ваўкавыскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Індустрыяльна-педагагічны каледж Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. З боку Еўрапейскага саюза ў праекце ўдзельнічаюць партнёры з Германіі, Чэхіі, Славакіі, Італіі і з іншых краін. У іх ліку Універсітэт Падэборна, Еўрапейская акадэмія ў італьянскім горадзе Боцэне, эканамічны ўніверсітэт у Празе, а таксама Славацка-швейцарская асацыяцыя развіцця турызму і Аб’яднанне гасцініц і рэстаранаў Славацкай Рэспублікі.
Турыстычны праект па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі выкладчыкаў дысцыплін па турызме ў Беларусі разлічаны на тры гады і прадугледжвае ўнясенне змяненняў у падрыхтоўку выкладчыкаў турыстычных дысцыплін сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Мэтай праекта з’яўляецца наладжванне кантактаў паміж УВА і сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі для трансферу ведаў і напрацовак у сферы падрыхтоўкі кадраў для турызму, узаемадзеянне з адпаведнымі міністэрствамі, прадпрыемствамі і аб’яднаннямі турыстычнай галіны Рэспублікі Беларусь і краін ЕС для развіцця і ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў дысцыплін па турызме ў нашай краіне. Акрамя таго, гэты праект прадугледжвае павышэнне методыка-дыдактычнай, моўнай і прафесійнай кваліфікацыі беларускіх выкладчыкаў, распрацоўку і ўкараненне вучэбных (магістарскіх) праграм для падрыхтоўкі выкладчыкаў па турызме ў адукацыйных установах усіх узроўняў і з улікам гэтага адкрыццё (у БДЭУ і РІПА) адукацыйных курсаў павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў дысцыплін па турызме. Напрыклад, у БДЭУ ў Iнстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі эканамічных кадраў будзе праходзіць цэлы шэраг курсаў па асобных кірунках для выкладчыкаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі — па пытаннях методыкі выкладання турыстычных дысцыплін. Цяпер на ўзроўні магістарскай праграмы навучання ў вышэйшых навучальных установах уведзена дысцыпліна пад назвай “Методыка выкладання турыстычных дысцыплін”, дзе каля 100 гадзін прысвечаны гэтай тэматыцы з улікам педагагічнага кампанента для падрыхтоўкі выкладчыкаў ССНУ.
Таксама арганізаваны стажыроўкі нашых педагогаў ва ўніверсітэтах краін-партнёраў, каб засвоіць новыя адукацыйныя тэхналогіі і ў далейшым укараніць іх у нашых установах пры выкладанні турыстычных дысцыплін. Так, напрыклад, выкладчыкі сярэдніх спецыяльных устаноў, дзе распачата падрыхтоўка кадраў для турызму, ужо прайшлі стажыроўку ў Германіі, Славакіі, Чэхіі. Навучэнцы нашых устаноў таксама могуць стажыравацца за мяжой, дзе на прадпрыемствах турыстычнай галіны ім прадастаўлены ўсе ўмовы для засваення практычных навыкаў.

— Менавіта для фарміравання новых вучэбных праграм было неабходна правесці даследаванні, якія б паказалі, чаго не хапае сёння нашым выкладчыкам?
— Так, сапраўды, на самым першым этапе праекта, для таго каб зразумець, што нам трэба змяніць, мы правялі маніторынгавыя даследаванні, якія тычацца вывучэння задаволенасці зацікаўленых арганізацый і патрэбнасці ў павышэнні кваліфікацыі выкладчыкаў і падрыхтоўкі кадраў у турыстычнай сферы. У праведзеным даследаванні прайшлі апытанне па задаволенасці падрыхтоўкай кадраў прадстаўнікі турыстычных фірм, рэстаранаў і атэляў. У сваю чаргу былі апытаны выкладчыкі УВА і ССНУ, ці задаволены яны працэсам навучання. У апытанні выкладчыкі ўказвалі, што пры фарміраванні прафесійных кампетэнцый прымяняліся больш традыцыйныя формы навучання — лекцыі і практычныя заняткі, якія праводзіліся па стандартнай схеме і не вельмі абуджалі актыўнасць навучэнцаў.
У работадаўцаў мы высвятлялі, наколькі задавальняюць іх прафесійныя і асобасныя кампетэнцыі выпускнікоў, якія прыходзяць да іх на працу. У ходзе маніторынгу было выяўлена, што работадаўцы не заўсёды задаволены якасцю падрыхтоўкі маладых кадраў. Але не гэта праблема была для іх галоўнай. На першае месца сярод асобасных кампетэнцый работадаўцы ставілі матывацыю выпускнікоў вучыцца далей. Так, у прыватнасці, 80 працэнтаў апытаных былі задаволены якасцю падрыхтоўкі кадраў, але лічылі, што атрыманыя ва ўстановах веды з’яўляюцца толькі асновай кампетэнтнасці маладых спецыялістаў, якую трэба фарміраваць у далейшым, абнаўляць і ўдасканальваць.
Зыходзячы з вынікаў апытання, як педагогаў, так і работадаўцаў, была пабудавана сістэма далейшага навучання і падрыхтоўкі спецыялістаў і выкладчыкаў.

— Якія змяненні і дапаўненні ўвайшлі ў змест вучэбных праграм?
— Нельга сказаць, што ў вучэбную праграму па гэтай спецыяльнасці былі ўведзены новыя прадметы. У асноўным былі ўнесены змяненні ва ўжо існуючы змест навучання, непасрэдна ў змест самога прадмета. Згодна з гэтым у вучэбную праграму па падрыхтоўцы кадраў для турыстычнай галіны былі дададзены заняткі на ўзроўні факультатываў па тэме экатурызму, музейнага і спартыўнага турызму.
Калі гаварыць аб самім навучанні, то яно прадугледжвае ўкараненне новых тэхналогій, прапанаваных еўрапейскімі партнёрамі. Перш-наперш гэта так званае актыўнае навучанне, якое дазваляе сфарміраваць адну з галоўных кампетэнцый — здольнасць вучыцца самастойна, самаразвівацца, асабліва ў прафесійным кірунку. Метады і формы актыўнага навучання, якія выкладчыкі выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе, дазваляюць істотна актывізаваць навучэнцаў.
Акрамя гэтага, на курсах, арганізаваных у БДЭУ і РІПА, выкладчыкі прайшлі павышэнне кваліфікацыі па методыцы навучання, пабудаванай на тэхналогіі Case study, якая вядома ў нашых навучальных установах, але не зусім актыўна выкарыстоўваецца. Гаворачы коратка, Case study — гэта метад аналізу канкрэтных сітуацый, які дазваляе развіваць навыкі крытычнага мыслення, актуалізуе пэўны комплекс ведаў для засваення той ці іншай тэмы. Метад дазваляе стварыць рэальную жыццёвую сітуацыю з канкрэтнай праблемай, якая не павінна мець адназначнага рашэння. Case study прадугледжвае абавязковую інтрыгу, якая павышае цікавасць да сітуацыі. Пры выкарыстанні гэтага метаду патрэбны абавязковае “пагружэнне” навучэнца ў пэўныя абставіны, уласнае разуменне сітуацыі, вызначэнне праблемы і яе сутнасці. Case study інтэгруе тэхналогіі развіццёвага навучання, аб’ядноўвае індывідуальнае, групавое і калектыўнае развіццё, фарміруючы пры гэтым асобасныя якасці навучэнцаў. Прадстаўленыя нашымі партнёрамі з замежжа Case study па турыстычнай дзейнасці з’яўляюцца добрай падмогай нашым выкладчыкам у навучанні будучых кадраў.
Хачу ўдакладніць, што тэхналогія Case study выкарыстоўвалася ў айчыннай сістэме адукацыі ў асноўным у рамках аднаго прадмета. У гэтым выпадку замежныя партнёры прадэманстравалі тэхналогію Case study ва ўзаемадзеянні розных прадметаў, накіраваную на вырашэнне якой-небудзь канкрэтнай сітуацыі альбо агульнай праблемы.
Заслугоўвае ўвагі метад партфоліа. Калі чытаеш аб’явы па працаўладкаванні, што патрэбны спецыялісты на тую ці іншую працу, то абавязкова работадаўца выказвае пажаданне прад’явіць вопыт работы. Але, як правіла, у выпускніка той ці іншай установы такога вопыту, натуральна, не існуе. Таму метад партфоліа дазваляе сфарміраваць пэўную прэзентацыю спецыяліста, пры якім чалавек з першага курса пачынае фарміраваць свае ўменні і навыкі, свае прафесійныя кампетэнцыі і да таго часу, калі ён скончыць навучальную ўстанову, зможа паказаць работадаўцу не толькі дыплом, але і сваё партфоліа з інфармацыяй аб сваіх кампетэнцыях.
Прадстаўляе цікавасць і актыўны метад работы з тэкстам, пры якім улічваецца, што ты яго прачытаў, пераказаў, а таксама, калі трэба, акумуляваў атрыманую інфармацыю, развіў крытычнае мысленне, выкарыстаў гэты тэкст у далейшым.
Акрамя гэтага, замежнымі партнёрамі была прапанавана новая мадэль ацэньвання эфектыўнасці адукацыйных праграм, якая дазваляе вызначыць ацэнку задаволенасці не толькі таго, каго вучаць, але і работадаўцаў. Сёння кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый пры прыёме супрацоўніка на працу цікавяцца як прафесійнымі кампетэнцыямі, так і ўлічваюць эканамічную выгаду, гэта значыць дадатковы прыбытак для сваёй арганізацыі, які яна атрымае ад прыёму на працу гэтага супрацоўніка.
Такім чынам, у навучанні ажыццяўляецца пераход на модульныя тэхналогіі, накіраваныя на фарміраванне той ці іншай кампетэнцыі будучых спецыялістаў. Пры гэтым навучанне па новых метадах праходзіла як у краінах Еўрапейскага саюза, так і на нашых пляцоўках, і працягваецца да гэтага часу.

— Ці праводзілі даследаванні непасрэдна работадаўцы? Магчыма, у іх ёсць свае патрабаванні да падрыхтоўкі кадраў?
— Так, напрыклад, Беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы” праводзіла асабістае даследаванне патрэбнасці ў кадрах і выявіла, што сёння ні УВА, ні ССНУ не рыхтуюць кадры з неабходнай спецыфікай. Па іх запыце мяркуецца адкрыць новую спецыялізацыю, звязаную з экалагічным турызмам, і рыхтаваць кадры для гэтага кірунку. Ужо пададзены прапановы ў Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму. Каб задаволіць запатрабаванні работадаўцаў у сферы турызму, мяркуецца на базе адной з устаноў прафесійнай адукацыі Мінска адкрыць рэсурсны цэнтр для падрыхтоўкі кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй для атэляў, рэстаранаў, турыстычных фірм, а таксама для павышэння кваліфікацыі педагогаў навучальных устаноў таго ж профілю і перападрыхтоўкі дарослага насельніцтва. Як бачна, запланаваны рэсурсны цэнтр будзе мець такія ж функцыі, як ужо створаныя. Але ўсё ж у ім будзе шмат адрозненняў. Напрыклад, практычнае навучанне будзе праходзіць у спецыяльна створаным вучэбным атэлі і вучэбным рэстаране. У цэлым прафесійная падрыхтоўка ў цэнтры будзе ажыццяўляцца па дуальнай сістэме, якая прадугледжвае 50х50 таго часу, які адведзены на тэорыю і практыку.

— На якім узроўні знаходзіцца навукова-метадычнае забеспячэнне падрыхтоўкі кадраў для турыстычнай галіны?
— У рамках праекта актыўна вядзецца работа па распрацоўцы навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйных праграм па падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы турызму на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Аўтарамі метадычных дапаможнікаў з’яўляюцца не толькі вядучыя спецыялісты вышэйшай школы і турыстычных арганізацый, але і выкладчыкі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сёння распрацоўваецца каля 40 метадычных дапаможнікаў для гэтай сферы. Нашаму боку належыць аўтарства дапаможнай літаратуры, а калегам з Еўрапейскага саюза — яе экспертыза. Змест дапаможнай літаратуры прадстаўляе формы і метады тэхналогіі актыўнага навучання. Аўтарамі дапаможнікаў выступаюць прадстаўнікі розных навучальных устаноў. Напрыклад, А.В.Жывіца, Т.Г.Палушкіна, С.А.Барчук, А.В.Жураўлёва рыхтуюць дапаможнік “Арганізацыя дадатковай адукацыі ў турызме (краязнаўства, музеязнаўства, спартыўны турызм)”. Выкладчыкамі англійскай і нямецкай моў каледжаў рыхтуецца актуальны дапаможнік “Методыка выкладання замежных моў. Прафесійная лексіка”. Спецыялістамі РІПА і БДЭУ падрыхтаваны дапаможнік “Формы і метады выкладання спецыяльных дысцыплін”.
Выданне большасці дапаможнай літаратуры ажыццяўляе РІПА, які забяспечвае педагагічны складнік падрыхтоўкі кадраў. У сваю чаргу выкладчыкі БДЭУ рыхтуюць дапаможнікі па прафесійным складніку, у тым ліку па тэме кіравання і менеджменту ў турыстычнай арганізацыі. У саміх навучальных установах ствараецца дапаможная літаратура па выкладанні замежнай мовы, па музейнай педагогіцы і шэрагу іншых кірункаў падрыхтоўкі кадраў.
У верасні гэтага года на базе РІПА плануецца правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай павышэнню кваліфікацыі і падрыхтоўкі спецыялістаў для турызму.

 

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.