Вучэбныя праграмы: змены станоўчыя

Пра вынікі аналізу вучэбных праграм па вучэбных прадметах гаварылі на рэспубліканскім семінары-нарадзе, які прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў апошняй дэкадзе лютага. Семінар стаў пляцоўкай для абмеркавання вынікаў аналізу абноўленых вучэбных праграм па вучэбных прадметах для 7—8 класаў. У яго рабоце прыняла ўдзел намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

Як адзначыла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Валянціна Гінчук, абнаўленне вучэбных праграм па вучэбных прадметах для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пачалося ў 2015/2016 навучальным годзе. “Новыя праграмы ўкараняюцца ў адукацыйны працэс паэтапна: у 2015/2016 навучальным го­дзе — у 1, 5 класах, у 2016/2017 — 2, 6 класах, у 2017/2018 — у 3, 7 класах, у 2018/2019 — у 4, 8 класах. У 2019/2020 навучальным годзе ў адукацыйным працэсе будуць выкарыстоўвацца новыя вучэбныя праграмы для 9 класа. Такім чынам, абнаўленне зместу адукацыі на I і II ступенях агульнай сярэдняй адукацыі завершыцца”, — паведаміла Валянціна Васільеўна.

Асноўнымі напрамкамі абнаўлення зместу агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляюцца забеспячэнне адноснай завершанасці зместу адукацыі на II ступені сярэдняй адукацыі, практыкаарыентаванасці зместу агульнай сярэдняй адукацыі, узмацненне міжпрадметных сувязей, забеспячэнне даступнасці вучэбнага матэрыялу.

У выніку, каб забяспечыць даступнасць зместу агульнай сярэдняй адукацыі, вучэбны матэрыял быў пераразмеркаваны паміж класамі з улікам узроставых пазнавальных магчымасцей навучэнцаў, выключаны найбольш складаныя тэарэтычныя пытанні, скарочаны пералік абавязковых для засваення паняццяў, асобныя пытанні перанесены для вывучэння на ўзроўні фарміравання ўяўленняў, дакладна вызначаны патрабаванні да вынікаў засваення зместу адукацыі па кожным раздзеле вучэбнай праграмы.

“У распрацоўцы абноўленых вучэбных праграм па вучэбных прадметах і іх экспертызе прымалі ўдзел у тым ліку настаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У рабочыя групы, якія аналізавалі праграмы ў 2017 го­дзе з мэтай зніжэння вучэбнай нагрузкі на вучняў, на парытэтных пачатках увайшлі навукоўцы, метадысты ўстаноў дадатковай адукацыі педагагічных работнікаў, настаўнікі сярэдніх школ. Абноўленыя вучэбныя праграмы прайшлі абмеркаванне і экспертызу ў творчых групах настаўнікаў на базе АПА, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі”, — адзначыла Ірына Каржова.

Каб вывучыць меркаванні настаўнікаў пра змест новых вучэбных праграм, на Нацыянальным адукацыйным партале быў створаны раздзел “Новыя вучэбныя праграмы: вывучаем, абмяркоўваем”. З моманту стварэння раздзела (студзень 2017 года) было зафіксавана больш за 135 000 праглядаў яго зместу. Як адзначыла Валянціна Васільеўна, паступілі прапановы і заўвагі (усяго 31), якія тычацца ў асноўным змены колькасці гадзін на вывучэнне асобных тэм вучэбнай праграмы.

У снежні 2018 —  студзені 2019 года было праведзена ананімнае анлайн-анкетаванне настаўнікаў, якія выказалі свае меркаванні наконт новых вучэбных праграм для 7—8 класаў. Па словах Валянціны Васільеўны, анкеты былі распрацаваны для кожнага вучэбнага прадмета, у іх былі ўключаны ўсе змены, што адбыліся ў вучэбных праграмах. Педагогам прапаноўвалася выка­заць сваё стаўленне да гэтых змен. У анкетаванні прынялі ўдзел больш за 31 000 педагогаў.

Па выніках анкетавання большасць апытаных педагогаў станоўча ацаніла змены. Ад 62 да 96% удзельнікаў адказалі, што новыя вучэбныя праграмы адпавядаюць узроставым пазнавальным магчымасцям навучэнцаў 7, 8 класаў, абноўленыя вучэбныя праграмы па вучэбным прадмеце дазваляюць рэалізоўваць міжпрадметныя сувязі з іншымі прадметамі. Амаль 90% педагогаў выказаліся супраць далейшага спрашчэння зместу адукацыі па вучэбным прадмеце.

“Ва ўдзельнікаў анкетавання была магчымасць выказаць свае прапановы па далейшым удасканаленні вучэбных праграм. Сярод найбольш тыповых адказаў на пытанне “Што б вы змянілі ў змесце і структуры вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце?”:

- змяніў(ла) паслядоўнасць вывучэння тэм;

- змяніў(ла) размеркаванне гадзін на вывучэнне асобных тэм.

Пры гэтым варта адзначыць, што настаўнік можа пераразмяркоўваць у межах 2—3 гадзін колькасць часу паміж асобнымі тэмамі (часткамі) вучэбнай праграмы. Аднак скарысталіся гэтым правам, як паказала анкетаванне, у сярэднім 12% педагогаў.

У ходзе анкетавання выказваліся прапановы па карэкціроўцы асобных фармулёвак пытанняў і тэм у вучэбных праграмах. Некаторыя прапановы мелі ўзаемавыключальны характар, напрыклад, выключыць тэму “Культура” ці, наадварот, павялічыць колькасць гадзін на тэму “Культура” (сусветная гісторыя).

Усе канкрэтныя прапановы, выказаныя ўдзельнікамі анкетавання, разгледжаны на пасяджэннях творчых груп настаўнікаў у АПА, на прадметных секцыях навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі. Да пачатку навучальнага года ў шэраг вучэбных праграм пры неабходнасці будуць унесены змены

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.