Вучэнні “Захад-2017” атрымалі свой сайт

- 10:19Інфармацыйная гадзіна

Міністэрства абароны Беларусі запусціла спецыяльны сайт “Вучэнне “Захад-2017” — http://exercise.mil.by, паведамляе БелТА.

Сайт ствараецца на час правядзення вучэння. Тут штодзень будуць размяшчацца прэс-рэлізы, інфармацыйныя матэрыялы пра вучэнне, фотавідэаінфармацыя. Усю актуальную інфармацыю, якая датычыцца “Захаду-2017”, можна будзе знайсці таксама на інтэрнэт-партале Міністэрства абароны (http://mil.by), на сайце тэлекампаніі “ВаенТБ”.

Вучэнне “Захад-2017” будзе шырока асвятляцца ў СМІ. Журналісты ў перыяд яго актыўнай фазы — 17—19 верасня — змогуць выехаць на палігоны, дзе будуць праводзіцца розыгрышы ваенных дзеянняў: Ружанскі, Асіповіцкі і Даманава. Акрамя таго, з 14 верасня запланаваны штодзённы брыфінг для акрэдытаваных журналістаў афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства абароны аб задачах, якія вырашаюцца ў ходзе вучэння, па выніках кожнага дня.

Паводле даных МЗС, паступіла беспрэцэдэнтная колькасць зваротаў ад замежных СМІ з просьбай аб акрэдытацыі на вучэнне — амаль 270. Заяўкі атрыманы ад інфармагенцтваў, выданняў і тэлеканалаў з усіх суседніх краін, а таксама Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Канады, Нідэрландаў, Нарвегіі, ЗША, Турцыі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі. Вучэнні будуць асвятляць і журналісты з Катара, Рэспублікі Карэя, Японіі.

На вучэнне “Захад-2017” запрошана таксама вялікая колькасць наглядальнікаў. Запрашэнні накіраваны прадстаўнікам міжнародных арганізацый — ААН, АБСЕ, НАТА, СНД, АДКБ, МКЧК, — а таксама ваенна-дыпламатычнага корпуса краін, акрэдытаваных пры пасольствах краін у Беларусі. Чакаецца, што на вучэнні прыедуць і ваенныя наглядальнікі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі. Усяго запрошана больш за 80 чалавек. “Захад-2017” пройдзе 14—20 верасня на тэрыторыі Беларусі і трох палігонах Расіі (Лужскі, Стругі Чырвоныя і Праўдзінскі).