“Вучням нельга забараняць кранаць экспанаты”

Калі шмат гадоў вывучаеш родны край, аднойчы абавязкова ўзнікне жаданне стварыць музей, расказаць іншым людзям пра вынікі сваёй працы ў архівах, пра незабыўныя сустрэчы са старажыламі, пра краязнаўчыя паходы і экспедыцыі, якія дазволілі сабраць сотні яркіх уражанняў і такую ж вялікую колькасць прадметаў даўніны. Нехта з настаўнікаў стварыў адзін музей, нехта — два, тры ці нават чатыры. Сённяшні герой рубрыкі “Педагогі ў краязнаўстве” стварыў аж пяць музеяў. Ды якіх музеяў! Пра арыгінальныя падыходы да музейнай справы пагутарым з педагогам дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 2 Нароўлі Васілём Васільевічам ЧАЙКАМ.

“Ды якіх музеяў!” — сказана невыпадкова. Мяркуйце самі: гістарычны (гэтая тэматыка даволі распаўсюджаная, аднак гістарычны музей у Нароўлі — гэта больш, чым проста месца захавання прадметаў мінулых эпох), музей промыслаў і рамёстваў (тут вы абавязкова даведаецеся, што такое квок, шклюд. Цікава? Канечне!), музей дзяцінст­ва (яго наведванне будзе захапляльным не толькі для прадстаўнікоў пакалення Z, але і для тых, чыё бесклапотнае дзяцінства прайшло ўдалечыні ад смартфонаў і камп’ютараў). Далей — цікавей. Думаю, не памылюся, калі скажу, што музей “Сельмаг” і музей сельскай пошты адзіныя ва ўстановах адукацыі Беларусі. І гэта не ўсё! Васіль Васільевіч плануе стварыць музей “Сельскі клуб” і музей рыбалоўст­ва. Тэматыка музеяў невыпадкова звязана з вясковым жыццём. Яно для Васіля Васільевіча — аснова асноў краязнаўчай дзейнасці. Усе задумкі педагога ў музейнай справе так ці інакш тычацца таго, што ён бачыў у дзяцінстве, у сваёй роднай вёсцы Цешкаў.

Нараўляншчына — самая што ні ёсць глыбінка Палесся, з шырокай матухнай Прыпяццю, з яе бясконцай поймай і такімі ж бясконцымі лясамі і балотамі. Аднак “глыбінкай музейнай” гэты край ніяк не назавеш. Па колькасці музеяў і гасцей, якія кожны год наведваюцца ў сярэднія школы № 2 і № 3 Нароўлі, гэты невялікі райцэнтр можа справядліва называцца музейнай сталіцай Палесся. Арыгінальная тэматыка, арыгінальныя экспанаты плюс не менш арыгінальны аповед экскурсаводаў — вось як мінімум тры прычыны, чаму школьныя музеі Нараўляншчыны вядомы ва ўсёй Беларусі. Чацвёртая, самая галоўная — гэта непасрэдна асоба Васіля Васільевіча. Некалькі хвілін экскурсіі — і ты разумееш, што толькі такі апантаны, неабыякавы, з сотнямі крэатыўных задум чалавек мог стварыць аж пяць музеяў (і гэта яшчэ не канчатковая лічба). Педагог не проста захапляльна расказвае пра экспанаты, ён, як акцёр тэатра пантамімы, то прысядзе, то падскочыць, то ўсміхнецца, то так задуменна паглядзіць на цябе…

“Прадметы мінулых эпох не толькі выклікаюць у чалавека настальгію, але і прымушаюць яшчэ раз пераацаніць каштоўнасці свайго жыцця. А гэта адна з галоўных задач любога музея”.

“Першы музей пачаўся са жменькі экспанатаў, якія не­абход­на было аформіць для захавання. Даручылі гэтую справу мне. Хоць па адукацыі я настаўнік рускай мовы і літаратуры, аднак ціка­васць да гісторыі ў мяне была заўсёды. Для афармлення экспазіцыі вы­дзелілі невялікае памяшканне ў рэкрэацыі школы. Яно было хутка запоўнена. Пачаліся краязнаў­чыя экспе­дыцыі, — расказвае Ва­сіль Васільевіч. — Калі мы прыязджалі ў вёскі, то рэчы былі ў такім шырокім доступе, такой колькасці, што мы ледзь паспявалі грузіць іх на веласіпеды. Мясцовыя жыхары аддавалі іх ад усяго сэрца, шчыра дзяліліся. Адзін дзядуля так і сказаў: “Прыязд­жалі чужакі, я ім не даў, а вы, хлопцы, забірайце гэтую саху!” Людзей здзіўляла, што менавіта дзеці захоплены краязнаўствам, ездзяць з настаўнікам на веласіпедах і збіраюць колішнія прылады працы і побыту. Так з’явіўся першы музей, потым далі памяшканне большае, яго таксама хутка запоўнілі. Для гэтага давялося зрабіць прыкладна з дзясятак веласіпедных рэйдаў. Адзін веласіпед звычайна раўняўся мяшку экспанатаў. Нешта яшчэ вешалася на руль, нешта мацавалася да багажніка. Мы ездзілі нібыта ў грыбы. А яно так і ёсць: займацца пошукам экспанатаў гэтак жа захапляльна, як і займацца ціхім паляваннем”.

Звычайна колькасць экспанатаў вызначаецца лічбамі: дзесяць, сто, тысяча і г.д. А тут — мяшкамі. Вы чулі такое? “Я назбіраў мяшок экспанатаў”, “А я — два мяшкі”, “А мне пашчасціла нават тры”, — выхваляліся выхаванцы Васіля Ва­сільевіча. Але гэта было ў 90-я. Сёння прадметы даўніны папаўняюць экспазіцыі не так маштабна. Кожны збан, глечык, кожная біклага, знойдзеная ў старых вясковых дамах, — на вагу золата. Прычын некалькі. Цяпер стала модным афармляць на лецішчах этнаграфічныя куткі. Ды і што ўтойваць: людзі сталі больш практычнымі, і за кожны прадмет, які мог бы заняць пачэснае месца ў школьным музеі, яго гаспадары просяць фінансавае заахвочванне. Аднак, хто шукае, той заўсёды знаходзіць, нягледзячы на розныя акалічнасці.

На аснове матэрыялаў першага музея, краязнаўчага, Васілём Васільевічам быў створаны музей гістарычны. “Школьныя гістарычныя музеі дзейнічалі ў многіх установах адукацыі. А мне хацелася стварыць нешта арыгінальнае. У любым музеі павінна быць дамінанта — экспанат або раздзел экспазіцыі, вакол якога можна будаваць экскурсію. Прычым гэтыя дамінанты могуць мяняцца. Спачатку такой дамінантай быў макет бліндажа перыяду Вялікай Айчыннай вайны, вакол якога і разгортвалася экспазіцыя. Напрыклад, для музея “Сельмаг” важна было знайсці вагі “Цюмень”. Гэта цяпер дастаць іх не праблема, бо састарэ­лы тавар спісваецца, а яшчэ гадоў 10 назад яны надзейна служылі ў вясковых магазінах. З вагаў “Цюмень” і пачаўся музей “Сельмаг”, — адзначыў педагог, а потым з цеплынёй пачаў узгад­ваць сваю маладосць. — Я памятаю той, савецкі магазін, тую металічную бочку з алеем, той вялізны мяшок, з якога чэрпалі цукар, той куб сметанковага масла, памятаю тых прадаўшчыц, якія працавалі многія гады. Таму і вырашыў аднавіць атмасферу тыповага сельмага — і, лічу, гэта атрымалася”.

“Музей нельга пера­твараць у памяшканне, куды вучні зайшлі, потым ім нешта паказалі, пра нешта расказалі, і яны выйшлі. Абавязкова павінен прысутнічаць інтэр­актыў”.

Сапраўды, атрымалася. Ды яш­чэ як! Паглядзіце на фота­здымкі.
Цукеркі, крупы, макарона, абутак, адзенне… Усе гэтыя тавары — з той далёкай эпохі, пра якую часта з настальгіяй узгадвае старэйшае пакаленне. У музеі, як і ў са­праўдным савецкім сельскім магазіне, некалькі аддзелаў. “Кароўка”, “ірыска”, мармелад, зефір захоўваюцца ў харчовым аддзеле. Гэтыя прысмакі добра запі­ваць грузінскім чаем № 36. А лепш за ўсё індыйскім, на пачку якога намаляваны слонік. Памятаеце? Наогул, у музеі, створаным Васілём Васіль­евічам, не адчуваецца дэфіцыту тавараў. Тут удосталь і прысмакаў, і макароны. Дарэчы, па ўпакоўцы можна было даведацца, якога макарона гатунку. Калі была чырвоная лінія, то, значыць, вышэйшага, сіняя — першага. Кожная ўпакоўка як твор мастацтва. У прамысловым аддзеле — кеды, “румынкі” (пра іх марыла кожная модніца), адэкалоны “Чырвоная Масква”, “Шыпр”, радыёпрыёмнік “Акіян” і нават металічны ліхтарык, з якім калісьці моладзь гуляла па цёмных вясковых вуліцах.

Дамінантай і першым экспанатам музея сельскай пошты з’яўляецца сіняя шыльда з надпі­сам “Міністэрства сувязі БССР. Аддзяленне сувязі”, знойдзеная Васілём Васільевічам у адной з выселеных пасля аварыі на ЧАЭС вёсак Нараўляншчыны (дарэчы, кожны экспанат перад тым, як трапіць у музей, дасканальна апрацоўваецца і ўжо не тоіць радыяцыйную небяспеку). “Падштурхнуў да стварэння музея і такі факт: першая паштовая станцыя на тэрыторыі Беларусі, як мне ўдалося высветліць, знаходзілася ў нашай вёсцы Дзямідаў і ўзгадваецца ў XVI стагоддзі. І ўсё ж большая частка музейных прадметаў адносіцца да савецкага часу, бо тады пошта адыгрывала важную ролю ў жыцці людзей, была цэнтрам прыцягнення, своеасаблівым “парталам навін”. Пры стварэнні музея ўлічваліся ўсе напрамкі работы савецкай пошты. Гэта не толькі дастаўка лістоў і пасылак, арганізацыя падпіскі на газеты і часопісы, але і выдача пенсій, радыёвузел, тэлефонная сувязь і нават ашчадкасы, а таксама месца, дзе правяраліся латарэйныя білеты і аблігацыі”, — падзяліўся настаўнік.

Цікавыя ўспаміны запісаў Ва­сіль Васільевіч ад былога паштальёна вёскі Галоўчыцкая Буда (дарэчы, побач, у Галоўчынскай сярэдняй школе, і дзейнічае музей сельскай пошты) Рыгора Сівака. На 142 вясковыя двары выпісвалася 720 экзэмпляраў газет і часопісаў. А колькасць віншавальных паштовак, якія прыходзілі і адпраўляліся на 7 лістапада, Новы год, 8 Сакавіка або майскія святы, наогул не паддаецца падліку. Праца паштальёна заўсёды паважалася, пра яе нават складалі вершы і песні. Таму вобраз савецкага паштальёна займае важнае месца ў апове­дзе юных экскурсаводаў.

“Час бяжыць так хутка, што мы нярэдка не заўважаем, як звыклыя калісьці для нас рэчы страчваюць сваю актуальнасць, знікаюць. Але ж яны былі некалі часткай нашага жыцця, дапамагалі жыць, радавалі, абслугоўвалі, неслі на сабе адбітак эпохі, у якую былі створаны. Яны шмат што могуць расказаць. Мне часта даводзілася чуць ад вяскоўцаў такія словы: “І чаму нельга было захаваць?” Прадметы мінулых эпох не толькі выклікаюць у чалавека настальгію, але і прымушаюць яшчэ раз пераацаніць каштоўнасці свайго жыцця. А гэта адна з галоўных задач любога музея, — падзяліўся Васіль Васільевіч. — А вось задача любога школьнага музея — не толькі пазнаёміць вучняў з мінулым роднага краю, але і сфарміраваць павагу да гэтага мінулага. Музей нельга ператвараць у памяшканне, куды вучні зайшлі, потым ім нешта паказалі, пра нешта расказалі, і яны выйшлі. Абавязкова павінен прысутнічаць інтэр­актыў, вучням нельга забараняць кранаць экспанаты, акрамя, канечне, найбольш каштоўных рэчаў, напрыклад, гістарычных дакументаў, узнагарод, рэшткаў зброі, прадметаў з археалагічных раскопак”.

З нашым сённяшнім героем мне пашчасціла гутарыць некалькі разоў. Гэта адбывалася і на края­знаўчых чытаннях, і на музейных форумах і выставах педагагічнага вопыту. Пашчасціла нават наведацца ў Нароўлю і завітаць у незвычайныя музеі. Падчас кожнай такой сустрэчы не перастаеш здзіўляцца апантанасці Васіля Васільевіча. Нягле­дзячы на розныя цяжкасці (а іх у дзейнасці педагогаў-краязнаўцаў хапае), ён кожны год далучае да дзівоснага свету краязнаўства і музейнай педагогікі дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак. “Цяжкасці? Дык гэта ж цудоўна! Будзе што ўспомніць у старасці!” — з усмешкай адзначыў педагог.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.