Вучоба на практыцы

- 10:00Сацыяльны ракурс

Будучыя педагогі прыйдуць праз пэўны час у школы, да сваіх першых вучняў, тым больш падрыхтаванымі, чым больш практычных навыкаў назапасяць падчас навучання ва ўніверсітэтах і каледжах. Адна з такіх важных магчымасцей — работа ў студэнцкіх педагагічных атрадах. Атрад “Данка-2” факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка частку апошняга летняга месяца праводзіць у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Палачанка” Валожынскага раёна Мінскай вобласці.

Камандзір Яна Хаткевіч у гэтым атрадзе працуе не першы год, а вось у якасці камандзіра прыехала ўпершыню. Летась за добрую працу дзяўчына была прызнана лепшым байцом педатрада, атрымала грамату з рук рэктара БДПУ А.І.Жука. Атрымаў узнагароду і ўвесь педатрад, а таксама яго асобныя байцы. Сёлета ў “Данка-2” 16 чалавек, як вопытных байцоў, так і навічкоў. Дзяўчаты працуюць выхавальнікамі і, як гаворыць Яна, імкнуцца зрабіць так, каб іх атрады ў лагеры былі адной дружнай сям’ёй, наладжваюць пазітыўную псіхалагічную атмасферу.

“Данка-2” праводзіць у летніку 18-дзённую змену, якая скончыцца 30 жніўня. На пачатку лета, дарэчы, студэнты педуніверсітэта праходзілі ў гэтым лагеры практыку.

— Работа ў атрадзе, як і практыка, — гэта бясцэнны вопыт, — гаворыць Яна. — Дзеці розныя, да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход, а навучыцца гэтаму можна толькі на практыцы. Я і ў наступным годзе планую працаваць у атрадзе, ды і ўсе нашы байцы хочуц­ь гэтага. Наогул, жадаючых працаваць у студэнцкіх атрадах заўсёды вельмі многа.

Сваіх студэнтаў да работы ў летніку рыхтавала выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі Ірына Іванаўна Забаўская, бо сярод студэнтаў ёсць дзяўчаты, якія скончылі толькі першы курс. Студэнткі абдумвалі, як і якія атрадныя мерапрыемствы будуц­ь праводзіць, абмяркоўвалі розныя пытанні будучай работы.

Прынамсі, атрад “Данка-2” дзейнічае не толькі летам, дзяўчаты працуюць і падчас навучальнага года. Так, Яна Хаткевіч з іншымі студэнтамі арганізоўвала святкаванне Новага года для выхаванцаў адной са школ-інтэрнатаў Мінска для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Дзейнічалі яны і ў Бараўлянах, дапамагаючы дабрачыннаму таварыству “Карытас”, якое працуе з хворымі дзецьмі і іх бацькамі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.