Знаёмцеся — настаўніца фізікі гімназіі № 1 Свіслачы Ала Аляксандраўна Сініца. Натхнёны, творчы, ініцыятыўны педагог, які не прывык сядзець склаўшы рукі. Тым, як захапіць дзяцей фізікай, як падрыхтаваць урок, каб ён прыносіў задавальненне і вучню, і настаўніку, а таксама рэцэптам ад самавыгарання Ала Аляксандраўна падзялілася з нашымі чытачамі.
— Ала Аляксандраўна, чаму вы выбралі педагагічную прафесію? Чым яна прываблівае вас?
— З дзяцінства марыла быць настаўніцай пачатковых класаў. Пазней настаўніца матэматыкі Надзея Фёдараўна Ражкевіч захапіла мяне сваім прадметам. Я любіла пісаць сачыненні, чытаць кнігі, але рашаць цяжкія задачкі мне падабалася больш за ўсё. Пасля 9 класаў паступіла ў фізіка-матэматычны абласны клас сярэдняй школы № 1 Гродна. Навучанне там з высокаматываванымі дзецьмі адрознівалася ад вучобы ў раённай школе. Інфарматыка тады толькі набірала абароты. Мы вывучалі мову праграмавання Basik. Я марыла пайсці вучыцца ў Гродзенскі ўніверсітэт на настаўніка матэматыкі і інфарматыкі, але мама прывезла накіраванне на матэматычны факультэт па кірунку “Фізіка”. Тады я крыху засмуцілася. На інфарматыку быў вельмі вялікі конкурс, я не рызыкнула паступаць без накіравання. Але жыццё склалася так, як склалася.
У школе працую з 1999 года. 16 гадоў выкладала толькі інфарматыку, стварыла некалькі электронных падручнікаў, дапамагала навучэнцам выконваць даследчыя творчыя работы, а калегам-педагогам спасцігаць інфармацыйныя тэхналогіі. З 2009 года пачала выкладаць фізіку.
Чаму я стала настаўніцай? Цяпер ужо не магу адказаць дакладна, але нічога мяняць не хачу. Люблю сваю работу, мне падабаецца дзяліцца сваімі ўменнямі і навыкамі з навучэнцамі. І я шчаслівая, калі мае вучні падымаюцца на ўзровень вышэй за мой.
— Якімі прынцыпамі вы кіруецеся ў сваёй рабоце?
— Мне вельмі імпануюць словы Коліна Цернера: “Навучыўшыся аддаваць нешта іншым, вы, магчыма, атрымаеце самую вялікую ўзнагароду ў жыцці, нават калі пачняце з таго, што будзеце дарыць людзям сваю ўсмешку”.
Галоўны прынцып маёй работы — вучыць дзяцей вучыцца. Нельга навучыць вучня ўсяму, а вось дапамагчы яму раскрыцца, паказаць, як далёка ён можа пайсці, як высока падняцца, — магчыма.
Асноўнае, чаму хачу навучыць сваіх вучняў, — гэта быць дастойнымі грамадзянамі сваёй Радзімы. Фізіцы можна і не навучыць, а вось спраўляцца з цяжкасцямі, дапамагаць блізкім і тым, хто адчувае ў гэтым патрэбу, дзяліцца радасцю, быць чулымі і спагадлівымі — гэта важна. Часта на ўроках прыводжу прыклады з жыцця, стаўлю ў прыклад сваіх выпускнікоў, ганаруся і расказваю навучэнцам аб высокіх выніках на цэнтралізаваным тэсціраванні па фізіцы.
— Фізіка — складаны прадмет. Як зацікаўліваеце вучняў?
— Пераход ад выкладання інфарматыкі да выкладання фізікі збянтэжыў мяне тым, што вучні не былі зацікаўлены ў вывучэнні фізікі. Тады я стала шукаць новыя метады работы. Першае, што прымяніла на практыцы, — гэта інфармацыйныя тэхналогіі. Прэзентацыі, навучальныя і тэставыя праграмы, канструктары і многае іншае мянялі стаўленне дзяцей да прадмета. Фізіка — самы важны прадмет, таму што ён усюды: на вуліцы ў дождж і ў снег, на кухні ў гаспадыні, у гаражы ў механіка, на агародзе і г.д. Але на ўроку, акрамя прыгажосці і тлумачэння з’яў, якія адбываюцца вакол, трэба рашаць задачы. На ЦТ навучэнцы рашаюць задачы, а не ставяць доследы. Для навучання рашэнню задач па фізіцы прымяняю модульна-дыферэнцыраваны падыход. Вядома, гэты метад патрабуе вялікай падрыхтоўкі ад настаўніка, але, гледзячы на канчатковы вынік, разумею, што гэта таго варта.
Модульна-дыферэнцыраваны падыход прадугледжвае распрацоўку модуляў некалькіх узроўняў. Ацэньванне вучняў у школе прадугледжвае пяць узроўняў. Я ж распрацоўваю для сваіх урокаў па тры ўзроўні: першы — 1—6 балаў, другі — 7—8, трэці — 9—10. Для вучняў першага ўзроўню пішу падрабязныя інструкцыі з прыкладамі рашэння задач, для другога ўзроўню даю падказкі, рэкамендацыі па рашэнні задач, для трэцяга — складаю план вывучэння тэмы, задачы для самастойнага рашэння. Калі вучні атрымліваюць розныя заданні, усе пачынаюць дружна працаваць. Натуральна вітаецца кансультацыйная дапамога як навучэнцаў адно аднаму, так і педагога.
Пазакласная работа па фізіцы — добры спосаб зацікаўлівання, таму я арганізоўваю дэкады па фізіцы, інтэрнэт-алімпіяды, прапаную дзецям творчыя заданні. Падчас дэкад праходзіць шэраг мерапрыемстваў, у якіх могуць удзельнічаць навучэнцы. Інтэрнэт-алімпіяды праводжу з дапамогай сэрвісу Moodle, які ўстаноўлены на хостынгу http://moodle.grodno.by/. Я, дарэчы, з’яўляюся адміністратарам гэтага сайта. Напрыклад, з 1 па 30 лістапада праходзіў цыкл алімпіяд па розных прадметах.
Вітаю творчасць на ўроках. Напрыканцы вывучэння кожнага раздзела, перад кантрольнай работай прапаную вучням падрыхтаваць крыжаванкі або рэбусы па тэме. Свае работы дзеці, як правіла, прыносяць у электронным варыянце. Заўсёды дэманструю творчасць навучэнцаў іх равеснікам, рэдагую і кансультую. Творчыя работы размяшчаю ў віртуальных кабінетах фізікі і матэматыкі.
Ала Сініца — аўтар электронных дапаможнікаў і сайтаў па фізіцы: “Віртуальны кабінет фізікі”, “Фізіка для ўсіх”, “Інтэрнэт з карысцю”, “Алімпіяды і навучанне анлайн” (http://moodle.grodno.by/), “Рэбусы па фізіцы”, рэдактар газеты “Фізікус” (http://www.physics.grodno.by/index.php), у якой яна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі. Некалькі гадоў назад настаўніца прыняла ўдзел у конкурсе “Настаўнік года” і дайшла да абласнога этапу. Выхаванцы Алы Аляксандраўны паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях і займаюць прызавыя месцы.
— Якім павінен быць урок, каб ён прыносіў задавальненне і настаўніку, і вучню?
— Галоўная мэта ўрока — навучыць дзяцей пэўным ведам ці ўменням. Таму, калі вучні падчас рэфлексіі ў канцы ўрока кажуць, што яны даведаліся, чаму яблык падае на зямлю, або што пры плаўленні рэчыва тэмпература застаецца пастаяннай, я шчаслівая. Мяне радуе ўсё, пра што яны гавораць, бо тады можна зразумець, чым яны жывуць.
На ўроках ствараю сітуацыі, калі вучні могуць смяяцца, задаваць пытанні настаўніку або аднакласнікам. Атрымліваю задавальненне ад урока тады, калі дзеці задаволеныя пакідаюць кабінет, азадачаныя і вясёлыя.
— Вы патрабавальны педагог? Чаго ніколі не дапусціце на ўроку або пасля яго ў зносінах з дзецьмі?
— Мне здаецца, што я патрабавальны педагог. Але ў той жа час не стаўлю двоек, не дазваляю сабе павышаць голас. Крычаць на дзяцей шкодна для галасавых звязак настаўніка і для барабанных перапонак вучняў. Крык не прынясе патрэбных вынікаў у адукацыйным працэсе. Заўсёды імкнуся размаўляць з дзецьмі. Ніколі не дазваляю сабе абзываць вучняў. Я прыйшла ў школу вучыць, вось гэтым і стараюся займацца.
— На ваш погляд, перашкаджаюць або спрыяюць рабоце на ўроку мабільныя тэлефоны і іншыя гаджэты?
— Думаю, перашкаджаюць або спрыяюць рабоце мабільныя тэлефоны, залежыць ад настаўніка. Я вітаю выкарыстанне мабільных тэлефонаў на ўроку. Вельмі зручна прапанаваць навучэнцам выканаць тэст у сэрвісе Мoodle, а затым адразу прадэманстраваць вынікі, правесці работу над памылкамі.
— Вы з’яўляецеся аўтарам віртуальнага метадычнага кабінета. Для чаго ён ствараўся? Якую інфармацыю ў ім можна адшукаць?
— Віртуальны кабінет фізікі — гэта маё партфоліа (http://www.svgimnazia1.grodno.by/index.php?do=cat&category=virt-physics). Ён створаны для сістэматызацыі і захоўвання інфармацыі, абмену вопытам з педагогамі і навучэнцамі. У віртуальным кабінеце размяшчаецца матэрыял, які распрацоўваецца мной і маімі навучэнцамі, а таксама карысныя спасылкі. Для педагогаў будуць цікавыя кантрольна-вымяральныя матэрыялы, рабочыя сшыткі, прэзентацыі, электронныя дапаможнікі. Навучэнцы могуць азнаёміцца з творчасцю сваіх аднагодкаў: крыжаванкамі, рэфератамі, рэбусамі, прэзентацыямі і інш. Віртуальны кабінет утрымлівае стужку навін, дзе можна азнаёміцца з мерапрыемствамі і ўрокамі, якія ўтрымліваюць фотаздымкі і апісанні да іх. Распрацаваны таксама віртуальны кабінет настаўнікаў фізікі раёна (http://www.physics.grodno.by/).
— Як удаецца пазбегнуць самавыгарання? Што можа вас натхніць на творчасць?
— Ад самавыгарання дапамагае абараніцца любімае хобі. А калі іх некалькі, то гэта яшчэ лепш. Я люблю вырошчваць кветкі, асабліва мне падабаюцца фіялкі. Зусім нядаўна ў мяне з’явілася новае хобі — карціны па нумарах. Я малюю кветкі і ўпрыгожваю імі сваю кухню.
— Які самы ўдалы праект у вашым жыцці?
— Калі гаварыць пра жыццё, то самы ўдалы праект — гэта мае дзеці. Старэйшыя сыны ўжо самастойныя, дарослыя, яны праграмісты. Дачушка марыць быць лінгвістам. А калі гаворка пра праект у працоўнай дзейнасці, то гэта стварэнне рэбусаў. У 2012 годзе з работай “Рэбусы па інфарматыцы” мы з маім вучнем атрымалі рэспубліканскі дыплом і дыплом міжнароднай канферэнцыі “Матэматыка і праграмаванне”, які праходзіў у Маскве. Сайты “Рэбусы па інфарматыцы” і “Рэбусы па фізіцы” (http://www.znatok.grodno.by/rebusy/) дзейнічаюць і карыстаюцца папулярнасцю.
— Якія прафесійныя планы на найбліжэйшую будучыню?
— Планы, планы… Мару напісаць вучэбны дапаможнік “Модульна-дыферэнцыраваны падыход пры навучанні фізіцы”. Пачатак пакладзены ўжо, але часу не хапае, каб закончыць работу.
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.