Вучоба — з задавальненнем, адпачынак — з карысцю

- 15:08Планёрка ў рэгіёне, Рознае

Хутка ў школах краіны прагучыць апошні званок, у вучняў пачнуцца доўгачаканыя канікулы. Падвесці папярэднія вынікі навучальнага года, падзяліцца поспехамі і дасягненнямі, акрэсліць задачы, над якімі яшчэ давядзецца працаваць, мы папрасілі госця нашай сённяшняй суботняй планёркі — начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага райвыканкама Брэсцкай вобласці Ігара Мікалаевіча КУІСА.

— Ігар Мікалаевіч, набліжаецца да завяршэння навучальны год. Чым ён быў адметны?

— Асноўнай мэтай работы аддзела і падведамасных устаноў з’яўляецца забеспячэнне якасці адукацыі. На працягу ўсяго года вялася мэтанакіраваная работа па павышэнні кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў. Павысілася эфектыўнасць удзелу педагогаў у абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях, выставах педагагічнага перадавога вопыту. Так, напрыклад, сёлета ў Рэспубліканскім інтэрнэт-праекце “ІТ-рашэнні для адукацыі будучыні” ў намінацыі “ІТ-магчымасці ў выхаваўчай рабоце” дыпломамі І ступені ўзнагароджаны педагогі Косаўскай сярэдняй школы — настаўніца пачатковых класаў А.Ф.Ляховіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры А.А.Левашэня, у намінацыі “ІТ-педагог” дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Івацэвіч Г.А.Стаскевіч.

Прасочваецца станоўчая дынаміка асноўных якасных паказчыкаў агульнай сярэдняй адукацыі. З 47% да 54% павялічылася колькасць навучэнцаў, якія закончылі навучальны год на 6—10 балаў. Узрасла колькасць навучэнцаў, якія закончылі навучальны год на 9—10 балаў. Летась 17 выпускнікоў узнагароджаны медалямі (на 2 медалі больш, чым у папярэднія два гады).

Мэтанакіравана праводзіцца работа па развіцці здольнасцей таленавітых дзяцей. Створаны рэсурсныя цэнтры па рабоце з таленавітымі навучэнцамі. Яны аснашчаны сучаснымі сродкамі навучання. Сёлета ў ліцэі і ў 7 сярэдніх школах раёна ажыццяўляецца выкладанне прадметаў на павышаным узроўні. Раён штогод займае лідзіруючыя пазіцыі сярод сельскіх раёнаў па колькасці пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. Навучэнец 11 класа Велікагацкай сярэдняй школы Максім Гурко стаў прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні (дыплом ІІІ ступені). Навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 4 Івацэвіч Яўген Ляшкевіч заняў 2-е месца ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па факультатыўным курсе “Асновы бяспекі жыццядзейнасці”.

У раёне створаны ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. З выхаванцаў СДЮШАР Івацэвіч у спіс спартсменаў-кандыдатаў на ўдзел у ХХХI Летніх Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра ўключаны 2 спартсмены, якія прадстаўляюць лёгкую атлетыку: Юлія Юрэня (эстафета 4х400 м) і Міхаіл Абрамчук (штурханне ядра).

— Раскажыце, калі ласка, пра цікавыя праекты, якія рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна. Якія інавацыйныя пляцоўкі дзейнічаюць?

— Інавацыйная дзейнасць з’яўляецца адным з прыярытэтаў у рабоце аддзела адукацыі і навучальных устаноў. Асноўныя яе напрамкі — інфарматызацыя адукацыйнай установы як аснова яе сістэмнага развіцця і праекты асваення новых тэхналогій навучання і выхавання. Практычна ва ўсіх установах адукацыі ідзе актыўны працэс па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій. Вядзецца работа па выкарыстанні АСК “Менеджмент сістэмы адукацыі”.

У гэтым навучальным годзе была арганізавана эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць на базе ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі на рэспубліканскім узроўні. Эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі педагагічнага суправаджэння гульнявой дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту” з 1 верасня 2014 года ўкараняецца ў яслях-садах №№ 4, 5, 6 Івацэвіч. Сёлета ў Косаўскай сярэдняй школе пачалася інавацыйная дзейнасць па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. Таксама дзейнічаюць пляцоўкі ў сярэдняй школе № 1 Івацэвіч (праект “Укараненне мадэлі фарміравання праектных уменняў навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі набору “ЛЕГА”), сярэдняй школе № 4 Івацэвіч, ліцэі Івацэвіцкага раёна (праект “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”).

— Як арганізавана профільнае навучанне ва ўстановах адукацыі раёна? Якія напрамкі карыстаюцца папулярнасцю ў дзяцей і бацькоў?

— Профільныя класы (групы) у бягучым навучальным годзе адкрыты ў 8 установах адукацыі раёна. Вучэбныя прадметы на павышаным узроўні вывучаюць каля 194 навучэнцаў 10-х класаў (42%). Адукацыйны працэс у іх забяспечваюць 42 настаўнікі. Дарэчы, пры рэалізацыі профільнага навучання намі былі выкарыстаны розныя мадэлі фарміравання 10-х класаў. Выбар прадметаў, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, у першую чаргу вызначаны прадметамі, якія навучэнцы ў далейшым будуць здаваць на ЦТ. Найбольш запатрабаванымі прадметамі з’яўляюцца замежная мова, руская мова, матэматыка. З’явіліся новыя спалучэнні прадметаў, якія навучэнцы пажадалі вывучаць на павышаным узроўні: матэматыка і замежная мова, грамадазнаўства і замежная мова, руская мова і матэматыка. Галоўная асаблівасць профільнага навучання — яго прафесійна-арыентаваная накіраванасць. У сувязі з гэтым у межах профільнага навучання ва ўстановах дзейнічаюць класы (групы) прафесійнай накіраванасці для арыентацыі на атрыманне пэўных спецыяльнасцей: педагагічныя (ліцэй), прававыя (сярэдняя школа № 3 Івацэвіч), мастацкія (сярэдняя школа № 3 Івацэвіч, Косаўская сярэдняя школа).

— Ігар Мікалаевіч, літаральна праз тыдзень у дзяцей пачнуцца канікулы. Як плануеце арганізаваць іх вольны час летам?

— Мы імкнёмся максімальна ахапіць непаўналетніх арганізаванымі формамі вольнага часу. Навучэнцы будуць праходзіць аздараўленне ў дзіцячым летніку “Дубравушка”, аздараўленчых летніках з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У 2016 годзе плануецца аздаравіць 2020 дзяцей, з іх 1000 — у кругласутачных лагерах, 1020 — у лагерах з дзённым знаходжаннем. Будуць таксама арганізаваны профільныя лагеры “Прававы”, “Адораныя дзеці”, “Выдатнік”, “Лідар”, валанцёрскі лагер “Пошук”, турыстычны лагер “Ветразь”, спартыўны “Алімпіец” і інш., у якіх нашы вучні змогуць не толькі аздаравіцца, але і знайсці заняткі па інтарэсах. Для летняга адпачынку дзяцей будзе арганізавана работа гурткоў на базе ўстаноў дадатковай адукацыі, у перыяд канікул будуць працаваць камп’ютарныя класы, спартыўныя залы. Адным словам, зробім усё магчымае, каб адпачынак нашых дзяцей стаў запамінальным і карысным.

— На сёння адным з важных пытанняў з’яўляецца пытанне аптымізацыі сеткі навучальных устаноў. Што ў вас у раёне робіцца ў гэтым напрамку?

— За апошнія пяць гадоў на падставе дэталёвага аналізу, сумеснай работы з грамадскасцю і бацькамі актыўна праводзілася аптымізацыя адукацыйнай сеткі: закрыта 9 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, аптымізаваны шляхам змянення віду 5 устаноў. Атрыманыя ад аптымізацыі сродкі накіраваны на павышэнне заработнай платы асобным катэгорыям работнікаў, умацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. З 1 верасня 2015 года рэарганізаваны Целяханскі міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафарыентацыі навучэнцаў. У сувязі з памяншэннем колькасці навучэнцаў з 1 верасня 2016 года плануецца рэарганізацыя трох устаноў адукацыі раёна.

— Якія задачы стаяць перад кіраўніцтвам на найбліжэйшую будучыню?

— У цяперашні час на тэрыторыі раёна створаны аптымальныя ўмовы для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу і выхавання ўсебакова развітой асобы. Аднак няма межаў дасканаласці, таму перад намі стаяць задачы па далейшым умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, павышэнні кваліфікацыйнага ўзроўню педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, адаптацыі маладых спецыялістаў і іх замацаванне ў калектывах, актывізацыя выхаваўчага патэнцыялу сем’яў навучэнцаў.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.