Вучуся і вучу

- 9:10Людзі адукацыі, Рознае

Рыхтуючыся да заняткаў, Кацярына Аляксандраўна кожны раз задае сабе пытанне “Якім павінен быць настаўнік-выхавальнік?”. І сама ж на яго адказвае: “Сябар дзяцей, іх дарадчык і саюзнік, добразычлівы і чулы, памочнік пры раскрыцці дзіцячага патэнцыялу, усебакова развітая і адукаваная асоба”. Высокая планка, але настаўніца трымае яе на працягу многіх гадоў.

Кацярына Аляксандраўна Галахава працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі № 24 Мінска. Працуе даўно, з 1999 года. Педагог мае высокую тэарэтычную і метадычную падрыхтоўку. Кацярына Аляксандраўна з кагорты тых, хто ўвесь час працуе над сабой.

Шматгадовая плённая праца настаўніцы адзначана шматлікімі ўзнагародамі, а зусім нядаўна яна атрымала Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Прыемна і пачэсна, але Кацярына Аляксандраўна працуе не дзеля ўзнагарод.

“Кожны дзень на працягу дваццаці двух гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці сутыкаюся з сотнямі вучняў і ўношу свой уклад у іх жыццё, вучу іх. Я назіраю, як маленькія дзеці вырастаюць, ператвараюцца ў сур’ёзных дарослых маладых людзей, якія выбіраюць свой далейшы жыццёвы шлях.

Я пастаянна знаходжуся сярод сваіх калег — мудрых, вопытных выкладчыкаў, а таксама маладых, у чымсьці няўпэўненых спецыялістаў. Я пераймаю вопыт у людзей, якія мяне акружаюць, і надзяляю іх сваім. Вучуся і вучу. Вучу свабодзе думкі, адчуваць сваю родную мову, пазнаваць яе. У гэтых сценах я навучылася зносінам з дзецьмі, тут я атрымліваю свой вопыт, незаменны ў жыцці кожнага чалавека.

Увесь час пераконваюся ў тым, што мастацтва, творчасць, дзеці — крыніца духоўнага развіцця грамадства, а супрацоўніцтва і сутворчасць абавязкова прывядуць да поспеху”, — адзначыла Кацярына Аляксандраўна.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы вучні гімназіі неаднаразова станавіліся пераможцамі трэцяга і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

На працягу трох навучальных гадоў (з 2013/2014 па 2015/2016) дзевяць яе вучняў атрымалі дыпломы па выніках другога этапу рэспубліканскай алімпіяды, два вучні — дыпломы на трэцім этапе, а двое былі ўзнагароджаны дыпломамі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Двое гімназістаў сталі ўладальнікамі дыпломаў пераможцаў Мінскага гарадскога фестывалю мастацкай і інтэлектуальнай творчасці “Паклонімся вялікім тым гадам” у намінацыі “Мастацкае слова” (конкурс чытальнікаў твораў беларускай літаратуры на тэму Вялікай Айчыннай вайны). Акрамя таго, вучні Кацярыны Аляксандраўны адзначаны дыпломамі І—ІІІ ступені гарадской інтэрнэт-алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”.

Кацярына Аляксандраўна ўзначальвала метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры гімназіі. Шмат увагі ўдзяляе самаадукацыі, павышэнню прафесійнай кваліфікацыі. Заўсёды аказвае дапамогу пачынаючым калегам, дзеліцца назапашаным вопытам. Педагог актыўна ўдзельнічае ў метадычнай дзейнасці гімназіі, устаноў адукацыі Цэнтральнага раёна Мінска.

Неаднаразова выступала на семінарах і круглых сталах для слухачоў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Пастаянна ўдзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях настаўнікаў.

У 2013 годзе яе навуковая работа па сістэме выхаваўчай работы ў аспекце грамадзянскага і патрыятычнага выхавання вучняў была прадстаўлена на XV Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту ў рамках акцыі “Я — грамадзянiн Беларусi”.

Кацярына Аляксандраўна з’яўляецца ўладальніцай гранта Мінгарвыканкама за распрацоўку адукацыйнага праекта “Духоўна-маральнае, патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне асобы сродкамі беларускай мовы і літаратуры ў рамках праекта “Мы адной табе належым, Беларусь мая!”.

Узаемаадносіны педагога з вучнямі і іх бацькамі характарызуюцца ўзаемаразуменнем, павагай і высокім прафесіяналізмам. Сама ж Кацярына Аляксандраўна ўвесь час імкнецца да творчага пошуку, пашырэння асабістага метадычнага кругагляду. Гэта неабходна, каб заставацца цікавай для дзяцей і адчуваць сябе ў рэаліях часу запатрабаванай.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.