Вучуся ў сталіцы, жыву ў інтэрнаце

- 11:07Сацыяльны ракурс

Зусім хутка такія словы змогуць сказаць многія маладыя людзі, якія паступілі ў розныя навучальныя ўстановы Мінска, дзе больш, чым ў любым іншым горадзе Беларусі, устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі. Таму і іншагародніх, а таксама замежных студэнтаў і навучэнцаў у сталіцы больш, чым дзе. Сустракаць гэтую навучэнскую армію, гатовую грызці граніт навукі, рыхтуюцца як вучэбныя карпусы, аўдыторыі, кабінеты, так і інтэрнаты. Мы зрабілі невялікія экскурсіі па інтэрнатах трох навучальных устаноў Мінска (УВА, каледжа і ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі), каб на свае вочы ўбачыць, як яны падрыхтавны да новага навучальнага года.

Зялёная зона для душы і адпачынку

Менавіта прыгожая, добраўпарадкаваная тэрыторыя ўражвае на падыходзе да інтэрнатаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, што на вуліцы Артылерыстаў. Гэтыя некалькі будынкаў — толькі частка студэнцкага гарадка педуніверсітэта. Усяго ўстанова вышэйшай адукацыі мае восем інтэрнатаў прыкладна на 3500 месцаў у трох раёнах горада. Капітальны рамонт аднаго з гэтых будынкаў — інтэрната № 5 — быў закончаны ў мінулым годзе, а сёлета, як і штогод, праведзены бягучыя рамонты ў кожным інтэрнаце УВА.— Інтэрнаты ў нас розныя і па ўмовах пражывання, і па часе ўзвядзення, — расказвае намеснік начальніка студгарадка БДПУ Алена Сяргееўна Салодкая. — Ёсць інтэрнаты калідорнага тыпу, блочнага тыпу, а інтэрнат № 8 у студэнцкай вёсцы на вуліцы Чурлёніса кватэрнага тыпу. У ім створаны блокі павышанай камфортнасці, дзе студэнты жывуць па 2—3 чалавекі ў пакоі, у кожным блоку ёсць душавы пакой і туалет, а таксама кухня з неабходным абсталяваннем. У эксплуатацыю гэты інтэрнат здадзены ў 2011 годзе, разлічаны на 1020 месцаў. Хаця і інтэрнат № 5 (на 600 месцаў) 1980 года пабудовы пасля капрамонту выглядае як новенькі. Там усё адрамантавалі дасканала, таму сёлета рабілі самы мінімальны касметычны рамонт.
— Прынамсі, месячная плата за пражыванне ў інтэрнаце залежыць ад яго камфортнасці, але ў любым выпадку грошы гэта невялікія. У інтэрнатах калідорнага тыпу аплата складае 70 тысяч рублёў, у інтэрнатах блочнага тыпу — 140 тысяч, у інтэрнаце кватэрнага тыпу — прыкладна 220 тысяч рублёў. Дарэчы, у гэтым інтэрнаце абсталяваны чатыры пакоі для маламабільных грамадзян. Тут створаны пандусы, паркоўкі, пашыраны дзвярныя праёмы, зроблены парэнчы. Ёсць абсталяваны пакой і ў інтэрнаце № 5.
Па словах Алены Сяргееўны, больш за ўсё часу і сродкаў сёлета патрабавалі дзве спартыўныя залы, размешчаныя паміж інтэрнатамі на вуліцы Артылерыстаў. Тут быў зроблены капітальны рамонт, у хуткім часе будуць устаноўлены трэнажоры.
На рамонце сваіх інтэрнатаў і вучэбных карпусоў сёлета, як, зрэшты, і кожны год, працавалі студэнты-валанцёры — 25 чалавек у ліпені і столькі ж у жніўні, так што некаторыя студэнты завіхаюцца на гэтай рабоце і зараз, наводзячы канчатковы бляск у сваім часовым жыллі і каля яго. Пытанне з засяленнем у інтэрнат для валанцёраў вырашаецца прасцей.
Зараз інтэрнаты БДПУ імя Максіма Танка чакаюць не толькі сваіх старых і новых насельнікаў, але і падвядзення вынікаў раённых конкурсаў на лепшы інтэрнат. Летась інтэрнат № 5 педагагічнага ўніверсітэта быў прызнаны лепшым у Кастрычнцкім раёне Мінска. Немалую ролю ў такіх перамогах адыгравае азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторыі, якое сваімі рукамі зрабілі і робяць студэнты і супрацоўнікі інтэрнатаў, выступаючы ў якасці ландшафтных дызайнераў.

На першым месцы — сацыяльная падтрымка

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы вучыцца паўтары тысячы чалавек, пры гэтым меншая частка з іх — мінчане (30—40%). Астатнім навучэнцам, зразумела, неабходна жыллё. А вучыцца ў каледж прыязджаюць маладыя людзі з усіх рэгіёнаў краіны. Многія даведваюцца пра яго не толькі з інтэрнэту і даведнікаў, але і дзякуючы выязным мерапрыемствам, якія супрацоўнікі навучальнай установы ладзяць у цесным кантакце са школамі. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе такія сустрэчы адбыліся, акрамя Мінска (было ахоплена 168 школ), у сярэдніх школах Пухавіцкага і Стаўбцоўскага раёнаў, Бабруйска і Баранавіч. Да таго ж у каледжы вучацца іншаземцы — дзяўчаты і хлопцы з Туркменістана, Грузіі, ёсць навучэнка з адной з афрыканскіх краін. Для гэтых маладых людзей наяўнасць месца ў інтэрнаце прадугледжана ўмовамі кантракта. Размешчаны інтэрнат БДМК на праспекце Дзяржынскага побач з інтэрнатамі іншых навучальных устаноў.
— Інтэрнат разлічаны на 600 месцаў, але не ўсе яны прызначаны для навучэнцаў, бо ў каледжы ажыццяўляецца перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі медыцынскіх работнікаў, якія таксама жывуць у нашым інтэрнаце. Што да навучэнцаў, то перш за ўсё месцы атрымліваюць дзеці-сіроты, жыхары чарнобыльскай зоны, дзеці з мнагадзетных сем’яў, тыя, хто належыць да іншых ільготных катэгорый, — расказвае дырэктар каледжа Уладзімір Аляксандравіч Крупенчанкаў. — Будынак узведзены напрыканцы 80-х, і пакуль у ім капітальны рамонт не праводзіўся, але ж бягучыя рамонты — наш пастаянны клопат.
— Так, сёлета выканалі поўны рамонт часткі жылых блокаў, здалі іх пад ключ, — працягвае мой суразмовец. — У кожным блоку інтэрната па два пакоі: адзін (плошчай 20 кв.м) разлічаны на тры чалавекі, другі (плошчай 12 кв.м) — на два чалавекі. Прадугледжаны раздзельныя душ і туалет. Адрамантавалі ўсё: сцены, столь, падлогу, замянілі сантэхніку. Кухні ў інтэрнаце агульныя — па тры на кожным паверсе. У хуткім часе правядзём тэндар па закупцы новых электрапліт для часткі з іх. Набыць і ўстанавіць гэтае абсталяванне плануем да канца бягучага года.
Акрамя таго, па словах дырэктара каледжа, сёлета ў інтэрнаце заменена пакрыццё падлогі ў калідорах з дзявятага па шосты паверх, на двух паверхах калідоры адрамантавалі цалкам: замянілі вокны, пафарбавалі сцены, пабялілі столь, замянілі калідорныя дзверы. Дзверы мянялі і на іншых паверхах.
— У цэлым на рамонт інтэрната выдаткавана каля двух мільярдаў рублёў, — заўважае Уладзімір Аляксандравіч. — Гэта сродкі гарадскога бюджэту, выдзеленыя з падтрымкай камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Яшчэ 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай выдзелена на рамонт галоўнага вучэбнага корпуса, пэўную суму на гэта мы патрацілі з пазабюджэтных сродкаў. Грошы пайшлі на частковы рамонт даху, спартыўнай залы, ямачны рамонт прылеглай тэрыторыі, замену часткі вокнаў і некаторыя іншыя віды работ. Сёлета мы, праўда, не набывалі абсталяванне, але зрабілі гэта летась: купілі пяць інтэрактыўных дошак, дзесяць праектараў, больш за трыццаць ноўтбукаў і камп’ютараў, фантомы-муляжы для адпрацоўкі медыцынскіх маніпуляцый. Стараемся, каб нашы навучэнцы (а на некаторыя спецыяльнасці да нас паступаюць выпускнікі школ з сярэднім балам атэстата вышэй за 9), атрымлівалі прафесію з дапамогай самых сучасных сродкаў.
Дарэчы, і ў рамонце інтэрната, і ў рамонце вучэбнага корпуса ўдзельнічаў валанцёрскі атрад навучэнцаў каледжа. У асноўным дзяўчаты і хлопцы займаліся афарбоўкай дзвярэй, налічнікаў і г.д., больш складаныя работы выконвалі спецыялісты. У верасні прэміяльная камісія разгледзіць пытанне аб матэрыяльным заахвочванні будатра-даўцаў.

Прыгажосць сваімі рукамі

Трынаццаціпавярховы інтэрнат Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Мікалая Кедышкі ўражвае сваімі плошчамі.
— Так, у інтэрнаце месца хапае не толькі ўсім нашым навучэнцам, але і частцы хлопцаў і дзяўчат, якія вучацца ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы будаўнікоў імя В.Г.Камінскага, — гаворыць дырэктар каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ганна Уладзіміраўна Бойка. — Таксама ў інтэрнаце жывуць выкладчыкі нашай навучальнай установы. Будынак, праўда, даволі стары — 1975 года пабудовы, таму рыхтуем каштарысную дакументацыю на яго капітальны рамонт, а бягучыя рамонты выконваем самі, за сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці і рукамі нашых навучэнцаў ды майстроў. Балазе на адным з аддзяленняў у нас вучацца будучыя будаўнікі — маляры-тынкоўшчыкі, абліцоўшчыкі-плітачнікі, муляры-мастаўшчыкі, сталяры-цесляры-станочнікі. Ды і навучэнцам аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва работа знаходзіцца. Яны, напрыклад, малюць прыгожыя карціны на сценах, дзяўчаты вырашылі ўпрыгожыць уваходы ў свае пакоі малюнкамі кветак.
Хлопцы і дзяўчаты, члены валанцёрскага атрада — больш за 20 чалавек — рамантавалі сваё часовае жыллё ў чэрвені — ліпені, змаглі і папрактыкавацца, і якія-ніякія грошы зарабіць, няхай і невялікія, але асабліва важныя тым, што зароблены самастойна.
Сапраўды, гледзячы як на знешні, так і на ўнутраны стан інтэрната, ніколі не здагадаешся, што будынку ўжо сорак гадоў. Сёлета тут адрамантавалі пэўную колькасці санблокаў (адзін такі блок разлічаны на чатыры пакоі па чатыры чалавекі ў кожным), замянілі частку сантэхнічнага абсталявання, зрабілі касметычны рамонт кухань, якія ёсць на кожным паверсе, памянялі шкло ў вокнах.
Немалых грошай каштаваў такі від рамонту, зроблены сёлета, як замена сістэмы дымавыдалення. На гэтую справу выдаткавалі 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў. Адпаведныя работы выкананы па ўсім інтэрнаце, так што за пажарную бяспеку яго жыхароў можна быць спакойным.

Марына ЛАЗУКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.