Вучыцца нельга актыўнічаць

- 12:06Выбар прафесіі

У гэтым выказванні не могуць знайсці залатую сярэдзіну многія абітурыенты і іх бацькі. Адны перакананы, што ва ўніверсітэце можна толькі вучыцца, бо на іншае часу не застаецца, іншыя ж лічаць, што ў вялізнай установе знайсці нешта для сябе проста нерэальна. Змяніць падобныя думкі на супрацьлеглыя дапамогуць гісторыі студэнтаў, для якіх захапленне стала больш чым хобі менавіта ва ўніверсітэце.

Карцінка пра Кацю

Чацвёртакурсніца Кацярына Касцевіч мае шмат захапленняў, сярод якіх краязнаўства і збіранне гісторый пра асобныя мясціны — няхай гэта вялікая вёска ці забытая людзьмі канава. З цягам часу яны выліліся ў літаратурныя пошукі: яшчэ школьніцай пачала пісаць казкі і страшылкі, звязаныя з лесам (накшталт “Чырвонай Шапачкі”, у ролі якой была сама), якія прывялі дзяўчыну на факультэт журналістыкі БДУ.

Чалавек, які шукае сябе, павінен сам зрабіць выбар. Галоўнае — не займацца тым, што не выклікае радасці. Што да нашай каманды, то, калі прыходзяць навабранцы, мы іх стараемся падтрымаць, накіраваць. Паказваем, тлумачым некалькі разоў запар, што такое “рэй” (каманда, пасля якой каратысты робяць паклон настаўніку-сэнсэю ў пачатку і напрыканцы трэніроўкі, а таксама адно аднаму ў пачатку і ў канцы паядынку, чым выказваюць узаемную павагу. — Заўвага аўтара.) і даём зразумець: “Гэта важна, куды ж ты пайшоў?!” Калі навічок вытрымлівае некалькі трэніровак і не ўцякае — значыць, застаецца надоўга.

“Краязнаўства, прырода, бабкі-дзедкі, іх байкі пра жыццё плюс дзея­слоў “пісаць” — і будзе карцінка пра Кацю”, — смяецца дзяўчына.

Менавіта пасля паступлення яна пазнаёмілася з каратэ, якое ўжо доўгі час не адпускае студэнтку. Гэты дзень Каця памятае, быццам тое было ўчора, і расказвае пра яго з гумарам:

“Аднойчы, калі сядзела ў інтэрнаце, мне захацелася есці. Але я не змагла прыдумаць нічога больш разумнага, чым з “Пятроўшчыны” паехаць па прадукты на “Маладзёжную” (адлегласць паміж двума пунктамі — 7 станцый метро. — Заўвага аўтара.). Там я сустрэла аднагрупніцу, якая ішла на трэніроўку. Яна расказала мне, што збіраецца рабіць, і паклікала з сабой. Сама, канечне, не змагла б рашыцца: характар не той. Трэніроўку адпрацавала ў адзенні, у якім прыйшла (сыграў добрую службу мой спартыўна-паўсядзённы стыль). І, дарэчы, ела ў той вечар, як звер”, — расказвае будучы журналіст.

Новая дзейнасць не адразу паланіла дзяўчыну. Аднак імгненна захапілі характар і прафесійнае майстэрства трэнера — Сяргея Снегірова. Пасля першых тыдняў трэніровак першакурсніца пачала адчуваць упэўненасць. Тады яна яшчэ не ведала, што новае захапленне ўзмоцніць характар і пераверне жыццё да лепшага.

“Мяне цягнула на трэніроўкі, бо там я магла расслабіць нервы. Першая сесія, як вядома, траўма для “скрупулёзненькіх” студэнтаў. Напэўна, калі я атрымала жоўты пояс, пачала вывучаць хеяны (група з пяці ката. — Заўвага аўтара.), тады толькі мяне зацягнула само каратэ. Я чытала спецыяльную літаратуру і трэніравалася як магла. Пасля сама не заўважыла, як пачала варыцца ў гэтым: пояс за поясам, новыя сябры, іх падтрымка і спаборніцтвы, на якіх мы, студэнты, не толькі спартсмены, але і суддзі. Як тут спынішся?” — дзеліцца Кацярына. — Без трэніровак, канечне, жыць можна, але… Чакаеш, пакуль вада на пліце закіпіць, — зробіш ката (комплекс баявых дзеянняў, якія ствараюць тэхніку атакі ці абароны супраць уяўных праціўнікаў. Заўвага аўтара.) ці падтрымліваеш агульны ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, каб не забыць нічога. Цяпер нават калі едзеш у метро, у галаве пракручваецца чарговае вывучанае ката. Магу пачаць дзень з мысленнага крыку: “Кіай!” Увогуле, без трэніровак цяпер складана. Але ведаю, што кожны з нас трэніруецца дома без ляноты — гэта выхоўвае дух.

АБЕКТЫЎнае мастацтва

Арыян Яздані-Чэраці вучыцца на трэцім курсе прыборабудаўнічага факультэта БНТУ. Як гаворыць хлопец сам пра сябе, у розны час ён розны, але незалежна ад сітуацый з ім яго сябар — фотаапарат. Многія ўжо маглі пазнаёміцца з яго творчасцю: студэнту належаць фотаздымкі с серыі #Яінжынер, якія доўгі час упрыгожвалі агароджы ўніверсітэта.

Таму, хто пачне шукаць сябе ва ўніверсітэце, важна не баяцца паказаць сябе. Тут знойдуць прымяненне чалавеку, які хоча нешта рабіць. Калі хочаш зды­маць — падкажуць падзеі, калі ёсць задаткі арганізатара — знойдуць мерапрыемствы, калі хочаш пісаць — накіруюць. Лепш не даць параду, але заняць чалавека справай — гэта і будзе рэальная дапамога.

Першая тэхніка з’явілася ў хлопца ў 10 класе, але справай, якой аддаецца большая частка вольнага часу, фата­графія стала на пачатку студэнцкай пары.

“Цікавасць пачала праяўляцца ў школе. Тады ў аднакласнікаў з’яўляліся фотаапараты, і яны, умеючы імі карыстацца, называлі сябе фатографамі. Зразумела, што гэта было толькі на словах. Мне хацелася большага, і я пачаў прасіць у бацькоў асаблівы падарунак на дзень нараджэння. І калі мне падарылі фотаапарат, ён, яшчэ не будучы цэнтрам майго сусвету, стаў для мяне сродкам сацыялізацыі. Дзякуючы яму, я пачаў больш камуніка­ваць з людзьмі, — дзеліцца Арыян. — Так склалася, што мая работа — гэта хобі, і наадварот. Магу яшчэ корпацца ў машынах, чытаць літаратуру па псіхалогіі, але ўсё па дробязі. Увесь час так ці інакш ідзе на тое, каб удасканальвацца як фатографу”.

Захапленне юнака пацвярджае, што ў яго жыцці ўсё выпадковае невыпадкова. Спачатку ён збіраўся паступіць на факультэт радыёфізікі БДУ. Аднак у апошні дзень прыёму дакументаў планы кардынальна змяніліся, і будучую спецыяльнасць ён выбраў за паўгадзіны. І хоць выбар рабіў “на слых”, аказалася, не прагадаў. Паступаючы ў БНТУ, Арыян запоўніў анкету, дзе ў графе пра хобі паставіў птушачку пад пунктам “Фатаграфія” і зрабіў невялікі каментарый. І ўжо на першым буйным мерапрыемстве — “Бітве факультэтаў” — да хлопца звярнуліся студэнты з прафкама. Арыян пагадзіўся, і яго работы прыйшліся даспадобы: так ён пачаў здымаць кожнае мерапрыемства. А ў пачатку другога курса стаў штатным універсітэцкім фатографам.

“Мастацтва складаецца з таго, што фатограф бачыць вакол сябе: “Інстаграма”, фотаздымкаў, сюжэтаў. І толькі прапускаючы ўсё праз сябе, выпрацоўваеш уласны стыль. Шмат у чым развіць яго мне дапамаглі ва ўніверсітэце. Асабліва начальнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Андрэй Пратасевіч, які пастаянна падказваў тэхнічныя моманты, накіроўваў, рабіў заўвагі, без чаго не склалася б маё асабістае бачанне”.

Без фотаапарата хлопец можа вытрымаць толькі паўтара тыдня. Гэта ўдалося праверыць на практыцы: быў момант, калі юнаку нельга было выходзіць з дому 14 дзён. На пачатку другога тыдня ён не мог больш трываць і пачаў здымаць сябе, а пасля лавіў праз аб’ектыў іншых. Як заўважае сам Арыян, часаліся рукі.

“Цяжка рабіць такія заявы ў 20 гадоў, але зараз тое, што раблю, — сэнс майго жыцця. Спадзяюся, так будзе заўсёды. Зараз думаю, а што б стала, калі б я сюды не паступіў. Хутчэй за ўсё, фатаграфіяй сур’ёзна б не заняўся. Добра, што ў БНТУ мяне знайшлі”, — дзеліцца хлопец.

Творчасць калі па любві

Яркая, эмацыянальная і танцавальная Настасся Рудзкая з журфака БДУ таксама шукае сябе: займаецца SMM (прасоўванне чаго-небудзь праз сацыяльныя сеткі. — Заўвага аўтара.), спрабуе сілы ў тэлежурналістыцы. Але самымі даўнімі яе захапленнямі з’яўляюцца танцы і вядзенне мера­прыемстваў.

Універсальнай парады няма, бо нехта любіць папулярнасць і яму патрэбна нешта актыўнае, а нехта любіць спакой, і яму больш па душы правесці час у бібліятэцы і напісаць артыкул. Таму слухайце сябе і пачынайце рабіць тое, пра што даўно марылі. Універсітэт — гэта тыя дзверы да мары, якія адчыняюцца заўсёды. Варта толькі пастукаць.

На танцавальнай пляцоўцы Насця апынулася ў пяцігадовым узросце: сюды яе прывяла матуля. На першых занятках малая гублялася, адчувала сябе некамфортна. Не адступала думка: “Вунь іншыя як хораша танцуюць, а я простага асіліць не магу”.

“Быў момант, калі я ўвогуле не хацела займацца і сказала свайму трэнеру, што ў мяне баліць пятка. Так яна ў мяне “балела” 2 тыдні, пакуль матуля не вырашыла даведацца пра мае поспехі. Уявіце яе здзіўленне, калі на пытанне “Як Насцечка займаецца?” яна пачула: “Разумееце, Наталля Аляксандраўна, вы ж самі сказалі ёй пасядзець, бо баліць пятачка”. Зразумела, пасля гэтага ў мяне больш ніколі нічога не балела, — смяецца трэцякурсніца. — А з цягам часу, пасля чаргі няўдач, усё атрымалася: я пачала стаяць у першых лініях, выкон­ваць сольныя партыі. Танцы — гэта ўпэўненасць у сабе: калі танцуеш, праяўляеш свае эмоцыі, уласнае “Я” праз рухі. І калі нешта атрымліваецца, страхі адсту­паюць”.

Першы раз Настасся стала вядучай у 8 класе, калі запаліла сваёй актыўнасцю школьную залу. Паступіўшы ў БДУ, дзяўчына натхнілася ідэяй стаць вядучай буйнога мерапрыемства для першакурснікаў “Віват, студэнт”. І ўжо праз год мара, да якой Насця ішла дробнымі крокамі, ажыццявілася, пасля чаго яе сталі запрашаць на розныя ўніверсітэцкія пляцоўкі. Дзякуючы сваім захапленням, у мінулым годзе дзяўчына стала “Чалавекам года” факультэта журналістыкі, набыла вопыт і даведалася шмат цікавага.

“Універсітэт даказаў, што мае захапленні ствараюць мяне. Сёння я займаюся і танцамі, і вядзеннем мерапрыемстваў, бо люблю ўсё гэта. Танцы — частка мяне, а не я частка іх (танцую ўсюды). Дзейнасць вядучай таксама тое, без чаго не ўяўляю жыцця. У нас з імі ўсё па любві. Матуля гаворыць, што, калі сабраць паралелі ўсяго таго, што мне цікава, атрымаецца адно слова — твор­часць, — падагульняе Насця.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з асабістага архіва герояў.