Вучыліся айрыс фолдзінгу

Раённыя метадычныя аб’яднанні павышаюць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў, актывізуюць новыя веды і навыкі, пашыраюць кругагляд.

Работа раённага метадычнага аб’яднання выхавальнікаў малодшых і сярэдніх груп будуецца з улікам узроўню прафесійных ведаў, стажу працы і пажаданняў педагогаў. Выкарыстоўваюцца разнастайныя формы пасяджэнняў: круглы стол, дыскусія, семінары-практыкумы. Разам з традыцыйнымі метадамі навучання практыкуюцца інтэрактыўныя: стварэнне добразычлівай атмасферы для камунікацыі (“Прагноз надвор’я”, “Алітэрацыя імя” , “Камплімент”); абмен дзейнасцю (“Акварыум”, “Метаплан”); мыследзейнасць (“Чатыры вуглы”, “Тузін пытанняў”), рэфлексія (“Ключавое слово”, “Ланцужок пажаданняў). Інтэрактыўныя метады навучання ствараюць аптымальныя ўмовы для самаразвіцця педагогаў, дапамагаюць педагогам навучыцца ўзаемадзеянню ў мікрагрупах, сродкам камунікацыі.

Вельмі запатрабаваная форма пасяджэнняў педагогаў — майстар-класы. Так, адбыліся майстар-класы настаўніка-дэфектолага М.С.Сяргеевай “Артыкуляцыйная гімнастыка”, выхавальніка Д.С.Лобач “Праектная дзейнасць у дашкольнай установе”.

Нядаўна прайшоў майстар-клас выхавальніка І.А.Паўтарак “Тэхніка складвання паперы “айрыс фолдзінг” (радужнае складванне), які вельмі зацікавіў удзельнікаў аб’яднання. У гэтай тэхніцы папера складваецца пад вуглом у выглядзе спіралі, якая закручваецца. Работы часта падобныя на дыяфрагму фотакамеры або на радужную абалонку вока, таму і пайшла такая назва. Гэтую тэхніку можна выкарыстоўваць для ўпрыгожвання паштовак, кніг, фотаальбомаў. Работы выглядаюць вельмі незвычайна і прыгожа. У гэтай тэхніцы ўдзельнікі стварылі святочныя паштоўкі.

Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.