Вучыліся энергаэфектыўнасці

Педагогі Ашмянскага раёна сталі ўдельнікамі семінара па пытаннях энергаэфектыўнага ладу жыцця, які ў анлайн-рэжыме прайшоў у рамках Еўрапейскага тыдня ўстойлівай энергіі.

Выхаванцы дашкольных устаноў Ашмян актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па энергазберажэнні.

У Ашмянскім раёне назапашаны добры вопыт дзеянняў устаноў адукацыі па пытаннях энергаэфектыўнасці. У 2016—2017 гадах у рамках праекта “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні”, які фінансаваўся Еўрапейскім саюзам, у яслях-садзе № 6 Ашмян была праведзена мадэрнізацыя будынка, вядзецца вялікая работа па выхаванні энергаадказных паводзін, праводзіцца шмат энергаэфектыўных мерапрыемстваў з уключэннем у іх выхаванцаў, бацькоў, соцыуму. Загадчыца ясляў-сада Вольга Шыдлоўская падзялілася з удзельнікамі семінара вопытам па рэалізацыі праекта, паказала, што ўкаранялася ў дзіцячым садзе. Намеснік загадчыцы Марына Яркевіч расказала аб вопыце дашкольнай установы па далучэнні выхаванцаў, бацькоў і насельніцтва горада да мерапрыемстваў па энергазберажэнні.

Зараз яшчэ адна дашкольная ўстанова горада — яслі-сад № 3 —  далучылася да рэалізацыі энергаэфектыўнага праекта “Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці для ўстойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у рамках праграмы “Пагадненне Мэраў — дэманстрацыйныя праекты”. Аб энергаэфектыўных тэхналогіях удзельнікам семінара расказаў кіраўнік праекта Сяргей Нікіцін.

Да размовы на важную тэму далучыліся прадстаўнікі навучальных устаноў. Так, рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ігар Войтаў прадставіў інфармацыю аб факультэтах, навуковых даследаваннях і праектах, што рэалізуюцца ў БДТУ ў розных сферах, аб падрыхтоўцы спецыялістаў, у тым ліку і па спецыяльнасці “Энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент”. Аб падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне “зялёнай” энергетыкі расказалі выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Раіса Дзявенская і Эдуард Дзявенскі.

Атрымалі інфармацыю ўдзель­нікі семінара і аб ідэях экалагічнай ініцыятывы “Павышэнне энергаэфектыўнасці і экалагічнасці сістэмы вулічнага асвятлення Ашмян”, якая рэалізуецца ў рамках праекта “Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Удзел у семінары не толькі дазволіў настаўнікам атрымаць важную інфармацыю, але і ўзбагаціў іх новымі ідэямі па далейшай рабоце з навучэнцамі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.