Вучыліся маладыя настаўнікі

Прадстаўленне матэрыялаў на тэму “Мой педагагічны лайфхак”, інтэлектуальная гульня, педагагічны квест “Маленькія сакрэты вялікіх адкрыццяў” — такія мерапрыемствы праводзіліся падчас ІХ фестывалю педагагічных ідэй “Прызванне — педагог”, які арганізаваў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі.

Каманда настаўнікаў з Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.

— У фестывалі прынялі ўдзел звыш 200 маладых настаўнікаў з Беларусі і Расіі, — расказвае прарэктар па навукова-метадычнай рабоце ГрАІРА Таццяна Даўгун. — У гэтым годзе фестываль праходзіў дыстанцыйна, але гэта не ўскладніла зносіны маладых педагогаў. Такая цікавасць да фестывалю паказвае, што за дзевяць гадоў існавання ён зарэкамендаваў сябе як дыскусійная пляцоўка абмену педагагічным вопытам, меркаванняў аб прафесіі настаўніка. Так, больш за 150 матэрыялаў у выглядзе відэаролікаў, прэзентацый, мультыплікацыйных фільмаў даслалі ўдзельнікі на конкурс “Мой педагагічны лайфхак”.

Галасаваннем былі вызначаны пераможцы. Лепшы вынік (амаль палова ад усіх, хто прагаласаваў, — 8705 галасоў) аказаўся ў работы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Пархімаўскага ясляў-сада — базавай школы Бераставіцкага раёна Гро­дзенскай вобласці Святланы Войшаль. Таксама былі адзначаны работы выхавальніцы Бараўлянскага ясляў-сада № 1 Мінскага раёна Кацярыны Кавалевіч і настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Скідзеля Гродзенскага раёна Ганны Шчукі.

Пазнаёміліся ўдзельнікі фестывалю з распрацоўкамі ўрокаў лепшых настаўнікаў краіны, пераможцаў конкурсу “Настаўнік года”, членаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” і Гродзенскага абласнога клуба “Крыштальны жураўлік”, “Дыямант-студыі”, створанай у ГрАІРА. Маладыя педагогі азнаёміліся з сайтамі і блогамі, пабывалі на майстар-класах, убачылі відэаўрокі вопытных настаўнікаў і атрымалі дамашняе заданне — у ім трэба было прааналізаваць атрыманую інфармацыю ў фармаце інтэрнэт-ролікаў “Максімум для мяне”. Лепшыя работы, а іх паступіла каля ста, размешчаны на сайце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Але не толькі складаныя прафесійныя заданні выконвалі маладыя педагогі. Праявілі крэатыўнасць і знаходлівасць яны падчас інтэлектуальнай гульні “На злом галавы”, пераможцай якой стала каманда са Слоніма.

— Вынікам фестывалю можа стаць і стварэнне адукацыйных прадуктаў для дыстанцыйнага навучання, — гаворыць Таццяна Янаўна Даўгун. — Тут можна аб’яднаць багатыя метадычныя напрацоўкі вопытных педагогаў і добрае валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі нашых маладых настаўнікаў. А працягнецца работа з маладымі настаўнікамі летам, калі ў інстытуце будзе арганізавана школа маладых педагогаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.