Вучыліся перамагаць

- 16:09Рознае, Спартыўныя падзеі

Мінулы тыдзень, які завяршаў першы месяц восені, прайшоў у Магілёве пад знакам спорту. У горадзе на Дняпры 23—28 верасня праходзіла спартакіяда навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Алімп”. 

Спартакіяда сабрала разам трыццаць каманд: пятнаццаць беларускіх з усіх абласцей і Мінска і пятнаццаць расійскіх — прадстаўнікоў Бранскай, Пензенскай, Разанскай, Смаленскай, Тамбоўскай, Варонежскай і Арэнбургскай абласцей, Масквы, Дагестана і Татарстана. Усяго ў спартыўных навыках у Магілёве спаборнічала больш за 220 беларускіх і расійскіх хлопчыкаў і дзяўчынак.
Спартакіяда для дзяцей і юнацтва Саюзнай дзяржавы, арганізатарамі якой з’яўляюцца Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Міністэрства спорту Расіі, набыла ўжо традыцыйны характар. Яна праводзіцца з 2003 года. За гэты час яе мерапрыемствы прайшлі больш чым у 20 гарадах Беларусі і Расіі.
Цяперашняя, адзінаццатая, спартакіяда, як і папярэднія, праходзіць у чатыры этапы: спартакіяда дзяцей і падлеткаў — іх прымаў у красавіку расійскі Пскоў, спартакіяда студэнцкай моладзі, якая змагалася ў беларускім Пінску, спартакіяда навучэнцаў “Алімп”, што праходзіла ў Магілёве, а таксама спартакіяда вучнёўскай моладзі — яна адбудзецца ў кастрычніку ў Анапе.
Праграма спартакіяды навучэнцаў “Алімп” уключала ў сябе спаборніцтвы па трох відах спорту. Гэта вулічны баскетбол, валейбол і настольны тэніс. Урачыстае адкрыццё спартакіяды было яркім і прынесла прысутным шмат станоўчых эмоцый. Што тычыцца юных спартсменаў, то ім, несумненна, запомнілася кароткае выступленне-пажаданне намесніка дзяржаўнага сакратара члена Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Івана Бамбізы. Ён падкрэсліў, што на Магілёўшчыне створаны выдатныя ўмовы для развіцця фізкультуры і прафесійнага спорту. Гэта дазваляе правесці спартакіяду для навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Алімп” на самым высокім узроўні. Адзначыў Іван Міхайлавіч і той факт, што правядзенне такога маштабнага мерапрыемства, як спартакіяда для дзяцей і юнацтва, безумоўна, спрыяе рэалізацыі асноўных мэт Саюзнай дзяржавы ў галіне сацыяльнай палітыкі, у тым ліку па развіцці маладзёжнага фізкультурна-спартыўнага руху і грамадзянска-патрыятычнага выхавання маладога пакалення.
— Як у Расіі, так і ў Беларусі развіццю спорту і масавага фізкультурнага руху ўдзяляецца вялікая ўвага: ствараюцца спрыяльныя ўмовы, удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база. Менавіта такое стаўленне дазваляе выхоўваць моладзь, якая будзе фарміраваць спартыўныя дасягненні Саюзнай дзяржавы на сусветнай арэне. Але я хацеў бы пажадаць вам, каб удзел у спартакіядзе стаў не толькі шансам праявіць свае спартыўныя навыкі, але і магчымасцю набыць новых сяброў, — сказаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў, Іван Бамбіза.
Асобна варта сказаць аб культурным складніку цырымоніі адкрыцця. Гледачы былі ў захапленні ад усіх нумароў праграмы, якімі іх парадавалі творчыя калектывы Магілёва. Пасля яркага адкрыцця спартакіяды натуральна было чакаць, што і спартыўныя выступленні ўдзельнікаў будуць відовішчнымі і захапляльнымі. Гэтыя чаканні апраўдаліся. Барацьба за лідарства і прызавыя месцы ў спартыўным комплексе “Алімпіец” разгортвалася сур’ёзная па кожным з заяўленых у праграме відзе спорту. Школьнікі, якія прыехалі ў Магілёў, сапраўды вучыліся перамагаць і былі нацэлены толькі на перамогу. Выявіць наймацнейшую каманду аказалася справай няпростай.
Трэба адзначыць, што сумаваць у вольны ад матчаў і выступленняў час камандам-удзельніцам не даводзілася, бо да прыёму гасцей магіляўчане падрыхтаваліся на высокім арганізацыйным узроўні. Юным спартсменам быў прапанаваны насычаны і цікавы вольны час: маладзёжная дыскатэка, масавае катанне на каньках, пазнавальныя экскурсіі. У ходзе такога сумеснага правядзення часу яны мелі магчымасць і адпачыць, і пагутарыць са сваімі аднагодкамі з іншых рэгіёнаў, што, несумненна, спрыяла ўмацаванню сяброўскіх сувязей паміж моладдзю Беларусі і Расіі.
Непрыкметна праляцелі дні спаборніцтваў спартакіяды. Не паспелі ўдзельнікі азірнуцца, а іх ужо чакае цырымонія закрыцця і ўзнагароджання. Многія навучэнцы паказалі сябе ў Магілёве з лепшага боку, праявіўшы нядрэнныя спартыўныя якасці. Святкаваць перамогу ў валейболе сярод юнакоў давялося камандзе Рэспублікі Дагестан. Лепшай у гэтым відзе спорту сярод дзяўчат стала каманда Пензенскай вобласці. У спаборніцтвах па вулічным баскетболе сярод юнакоў не было роўных камандзе Рэспублікі Татарстан, а сярод дзяўчат — камандзе Магілёўскай вобласці. А вось у настольным тэнісе бясспрэчны лідар — каманда Варонежскай вобласці. Прычым прадстаўнікі каманды сталі першымі не толькі ў камандным першынстве сярод юнакоў і дзяўчат, а і ў асабістым заліку. Судзейскім складам былі таксама адзначаны лепшыя гульцы каманд па вулічным баскетболе і настольным тэнісе. Усе пераможцы спартакіяды атрымалі кубкі, медалі, дыпломы і каштоўныя прызы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.