Вучым бацькоў быць шчаслівымі

Дваццацігадовы вопыт работы Салігорскага раённага ЦКРНіР паказаў, што большасць бацькоў, якія маюць дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату, адчуваюць недахоп інфармацыі аб прычынах узнікнення, сутнасці і структуры дэфекту, аб асаблівасцях псіхафізічнага развіцця дзіцяці, тэрмінах пачатку і працягласці карэкцыйнай работы. Уплыў, які блізкія аказваюць на дзіця, у многім вызначаецца іх уласнымі поглядамі і ўяўленнямі аб патрэбах дзіцяці, аб мэтах і сродках выхавання. Распрацоўка шляхоў уключэння бацькоў у раннюю карэкцыйна-развіццёвую работу з’яўляецца важным і перспектыўным напрамкам у раскрыцці патэнцыяльных магчымасцей дзіцяці, папярэджанні другасных адхіленняў.

Пры адкрыцці ў Салігорскім раённым ЦКРНіР у 2017/2018 навучальным годзе дашкольнай групы “Зорачка” (8 выхаванцаў) для дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця, з іх бацькамі папярэдне былі праведзены бацькоўскія сходы, трэнінгі, святы. Вынікам гэтых мерапрыемстваў стала аб’яднанне і супрацоўніцтва законных прадстаўнікоў падчас рэалізацыі навучання дзяцей з цяжкімі множнымі парушэннямі развіцця з 3 гадоў.

Такая работа павінна абапірацца на глыбокае разуменне важнасці пашырэння межаў соцыуму для маленькіх дзяцей. Сям’я рыхтуе дзіця да жыцця і адыгрывае вядучую ролю ў яго сацыялізацыі. На жаль, часта бацькі не валодаюць у дастатковай ступені ведамі пра ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці развіцця дзіцяці, часам выхаванне носіць інтуітыўны характар, што не дае пазітыўных вынікаў. Роля бацькоў у адукацыйным працэсе ўзрастае. Задача педагогаў: расказаць кожнаму з бацькоў пра неабходнасць выканання важнай умовы — гэта безумоўная любоў да сваіх дзяцей. Педагог-псіхолаг праз сістэму кансультацый, індывідуальных гутарак, настаўнік-дэфектолаг праз правядзенне вучэбных адкрытых заняткаў матывуюць бацькоў пазнаваць сваіх дзяцей з улікам іх індывідуальных асаблівасцей.

Бацькам даецца магчымасць напоўніць кожны момант зносін з дзецьмі сэнсавым зместам. Педагогі нашага цэнтра выкарыстоўваюць розныя віды працы: індывідуальныя кансультацыі, бацькоўскія трэнінгі, канферэнцыі, дні адкрытых дзвярэй, інтэрактыўныя формы правядзення бацькоўскіх сходаў. Такім чынам, псіхолага-педагагічная дапамога сям’і носіць мэтанакіраваны характар.

Не менш эфектыўным з’яўляецца правядзенне кандуктыўнай тэрапіі з дзецьмі з ДЦП ва ўмовах цэнтра. Яе метады накіраваны на ўсебаковае развіццё дзіцяці з мэтай яго максімальнай адаптацыі да навакольнага свету і раскрыцця ўсіх даступных маторных і інтэлектуальных магчымасцей.

У спецыяльнай групе для дзяцей ад 3 гадоў мы стварылі вакол кожнага дзіцяці развіццёвае асяроддзе. Падабралі спецыяльныя прыстасаванні для сну, правядзення гігіенічных працэдур, прыёму ежы, адпачынку, гульні, навучання. Былі набыты столікі з борцікамі для прыёму ежы і для арганізацыі развіццёвых гульняў, крэслы для надання правільнай позы, усталяваны поручні на сценах для самастойнага руху дзяцей, педагогі вырабілі спецыяльныя валікія і мяккія модулі для надання дзіцяці правільнага становішча ў сне.

Бацькі забяспечылі сваіх дзяцей спецыяльнымі лыжкамі і паільнікамі. У працэсе штодзённых заняткаў пад кіраўніцтвам настаўніка-дэфектолага або па яго рэкамендацыі бацькі вучацца асноўным прынцыпам кандуктыўнай тэрапіі, актуальным для ўсіх напрамкаў комплекснай рэабілітацыйнай работы. Кандуктыўная тэрапія павінна стаць ладам жыцця сям’і, якая выхоўвае дзіця з АПФР. Растлумачваем бацькам наступныя правілы, якія дапамогуць арганізаваць узаемадзеянне з дзіцем школьнага ўзросту і зрабіць заняткі з ім карыснымі і цікавымі:

1. Пастаянна падтрымліваць актыўнасць і самастойнасць дзіцяці.

2. Трэніроўка павінна быць штодзённай, ніводнага перапынку. Кожны прыпынак — гэта рух назад да бездапаможнасці.

3. Ліквідаваць свядомую бездапаможнасць бацькоў. Калі вы зрабілі нешта за дзіця — вы аднялі ў яго шанс навучыцца нечаму новаму!

Пры сучасным развіцці тэхналогій дзецям з ДЦП можна дапамагчы справіцца з захворваннем і зрабіць іх жыццё больш яркім і паўнавартасным.

Спецыялісты цэнтра распрацоўваюць для кожнага дзіцяці індывідуальную праграму рэабілітацыі, якая ўключае ў сябе сацыяльна-эмацыянальнае і сэнсаматорнае развіццё, фарміраванне прадметна-гульнявой дзейнасці і навыкаў самаабслугоўвання, а таксама развіццё маўленчай дзейнасці. Вызначае асаблівасці дзіцяці каманда ўрачоў: неўролаг, артапед, урач лячэбнай фізкультуры, фізіятэрапеўт, лагапед, а таксама педагог-псіхолаг. Мы рыхтуем бацькоў да таго, што пасля аднаго курса лячэння дзіця не ўстане і не пойдзе, у яго толькі з’явяцца некаторыя, ледзь прыкметныя для навакольных, але вельмі важныя для дзіцяці змены: павялічыцца сіла мышцаў, матывацыя або нават з’явіцца новы навык, напрыклад, поўзанне. Важна разумець, што падтрымліваць дзіця падчас лячэння павінна ўся сям’я.

Перыяд уключэння бацькоў у сістэму рэабілітацыйных мерапрыемстваў, іх паводзіны і ўзровень адаптацыі да змен, звязаных з хваробай дзіцяці, непасрэдна ўплывае на ход і вынікі ўсяго педагагічнага суправаджэння. Толькі своечасовае ўключэнне бацькоў у карэкцыйную работу з дзіцем дазваляе нейтралізаваць іх перажыванні, мяняе іх пазіцыю ў адносінах да выхавання дзіцяці, а таксама фарміруе адэкватныя спосабы ўзаемадзення з ім.

Марына КОБЕР,
дырэктар Салігорскага раённага ЦКРНіР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *