Вучым бяспецы ў інтэрнэце

У Масалянскім яслях-садзе — пачатковай школе Бераставіцкага раёна тэма медыяадукацыі разглядаецца рознабакова і сістэматычна: у бягучым навучальным годзе бацькі і педагогі ў рамках бацькоўскага ўсенавуча разам разгледзелі актуальную тэму “Асцярожна: мультфільм!”, азнаёміліся з меркаваннем псіхолагаў, педыятраў.

Кожны выказваў сваё меркаванне аб праглядзе мультфільмаў дзецьмі, знаходзілі станоўчае і адмоўнае ва ўплыве мультыплікацыйных фільмаў на развіццё і псіхічны стан дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. У завяршэнне сустрэчы мамы і таты атрымалі памяткі “Добрыя мультфільмы, якія дапамагаюць выхоўваць”, у якіх дзясятак рэкамендаваных “чароўных” мільтыплікацыйных фільмаў могуць дапамагчы бацькам у выхаванні.

З дапамогай праведзенага анкетавання сярод навучэнцаў і бацькоў было выяўлена, што навучэнцы, пачынаючы з пачатковай школы, актыўна карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі: падтрымліваюць сувязь адзін з адным, абменьваюцца думкамі з розных нагод, збіраюцца ў супольнасці, знаходзяць сяброў, а таксама заяртаюцца да розных каналаў і сэрвісаў. Тут варта разумець, што, далучаючыся да інтэрнэту, дзіця трапляе пад цэлы шэраг пагроз, аб якіх можа нават і не падазраваць. З мэтай павышэння медыядасведчанасці навучэнцаў педагогі нашай школы арганізавалі і правялі акцыю “Мы хотим, чтоб интернет был вам другом много лет!”. Навучэнцы падрыхтавалі і прэзентавалі міні-праекты, малюнкі, буклеты “Я ў інтэрнэце”, расказалі сябрам аб карысці і магчымых рызыках інтэрнэт-прасторы.

Настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі рознаўзроставай групы Масалянскага ясляў-сада — пачатковай школы распрацавалі практычныя рэкамендацыі для бацькоў, кіруючыся якімі дарослыя могуць папярэдзіць пагрозы і зрабіць знаходжанне дзяцей у інтэрнэце карысным, бяспечным і цікавым.

Галіна КОЗЕЛ,
дырэктар Масалянскага ясляў-сада — пачатковай школы Бераставіцкага раёна.