Вучым эканоміць са школы

- 11:38Навіны рэгіёнаў

Эканамічнае выхаванне школьнікаў — адна з актуальных задач сучаснай адукацыі. Фінансавую дысцыпліну, беражлівасць і многія іншыя важныя якасці неабходна фарміраваць ужо з пачатковых класаў.

Галоўная мэта эканамічнага выхавання — раскрыць дзецям навакольны свет матэрыяльных каштоўнасцей і навучыць адпаведнай форме паводзін, якая дапамагае захаваць ці набыць іх. Вынікі гэтага выхавання праяўляюцца ў правільных адносінах дзяцей да працы і разумным расходаванні пэўных рэсурсаў: грошай, вады, электраэнергіі, харчавання, часу і інш. Дзякуючы эканамічнаму выхаванню, школьнікі ўсведамляюць залежнасць дабрабыту ад якасці працы, вучацца размяркоўваць работу па часе, правільна вымяраць і траціць яго, арганізоўваць рабочае месца. Акрамя таго, дзеці атрымліваюць правільныя ўяўленні пра ўласнасць, кішэнныя грошы і іх рацыянальнае расходаванне, даходы і расходы сям’і, кошт маёмасці і г.д.

Усе вучні так ці інакш з’яўляюцца ўдзельнікамі эканамічных працэсаў: разам з бацькамі ходзяць па магазінах, робяць самастойныя пакупкі. Гэта першасны эканамічны вопыт дзяцей. Задача педагогаў заключаецца не толькі ў тым, каб даць пэўны аб’ём эканамічных ведаў, але і каб вучні правільна прымянялі гэтыя веды. Вельмі важна, каб у эканамічным выхаванні дзяцей, акрамя школы, удзельнічалі і бацькі. Змест сямейнага эканамічнага выхавання ўключае рацыянальную арганізацыю гаспадарча-бытавой дзейнасці, беражлівыя адносіны да прадуктаў харчавання, рэчаў і часу, удзел у размеркаванні грашовых сродкаў і інш.

Эканамічнае выхаванне рэалізоўваецца праз розныя формы яго арганізацыі, якія дазваляюць зрабіць працэс пазнання эканомікі цікавым і даступным. Галоўнае — гаварыць школьнікам пра складаны свет эканомікі на зразумелай ім мове.

Даведацца пра эканоміку дапамагаюць сюжэтна-ролевыя гульні, сутнасць якіх заключаецца ў штучным паглыбленні дзяцей ва ўмовы, магчымыя ў рэальным жыцці. Пры правядзенні гэтых гульняў вельмі важна даць вучням магчымасць праявіць ініцыятыву, паказаць сваю мадэль сацыяльных адносін. Малодшыя школьнікі ўжо маюць уяўленні пра тое, як паводзяць сябе дарослыя ў падобных сітуацыях, таму ў большасці выпадкаў, нягледзячы на свабоду дзеянняў, вучні імкнуцца капіраваць паводзіны бацькоў. Задача педагога — падштурхнуць дзяцей да пошуку ўласных варыянтаў паводзін, нестандартных рашэнняў. Так, гуляючы ў сюжэтна-ролевыя гульні “Прафесіі”, “Пункт абмену валюты”, “Пакой перамоў” і “Супермаркет”, хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігаюць сэнс працы, аднаўляюць працоўную дзейнасць дарослых і адначасова вучацца эканоміцы.

Вялікую ролю ў эканамічным выхаванні адыгрываюць дыдактычныя гульні, дзе мадэлююцца рэальныя жыццёвыя сітуацыі: аперацыі куплі-продажу, вытворчасці і збыту гатовай прадукцыі і інш. Праз гульні “Кім быць?”, “Абмен”, “Сямейны бюджэт”, “Маленькія пакупкі” і “Што ляжыць у чорнай скрыні” ўдакладняюцца і замацоўваюцца ўяўленні дзяцей пра свет эканамічных з’яў і тэрміны, набываюцца новыя эканамічныя веды, уменні і навыкі. Дзякуючы вялікай колькасці розных дзеянняў, школьнікі вучацца рэалізоўваць іх у пэўных умовах і з рознымі аб’ектамі, што павышае трываласць і засвойванне ведаў.

Асаблівую цікавасць у дзяцей выклікаюць інтэлектуальныя гульні-забавы, конкурсы, віктарыны і практыкумы: “Што? Дзе? За які кошт?”, “Хто ў свеце больш разумны і моцны ў эканоміцы?”, “Бізнес-клуб”, “Аўкцыён”, “Эканоміка вакол нас”, “Эканамічнае лато” і інш. Станоўчы эмацыянальны фон падчас забаўляльнай дзейнасці актывізуе мысліцельную дзейнасць, развівае кемлівасць і творчыя здольнасці. Інтэлектуальныя гульні дазваляюць у спаборніцкай форме абагульніць і сістэматызаваць набытыя веды.

Цікава і захапляльна пазнаёміцца з новым матэрыялам дапамагаюць гульні-падарожжы “Музей грошай”, “Падарожжа ў мінулае прадметаў”, “Падарожжа ў краіну эканомікі”, “Манетны двор” і інш.

Асаблівае месца належыць тэматычным гутаркам, падчас якіх дзеці даведваюцца шмат новага і цікавага ў свеце эканомікі (“Што такое грошы”, “Набыў рэч — навучыся ёй карыстацца”, “Адкуль бяруцца грошы”).

Вучні любяць разыгрываць эканамічныя сітуацыі з казак, якія дазваляюць па-новаму зірнуць на вядомыя сюжэты. Напрыклад: “Бураціна зарабіў 100 залатых. Атрымаўшы грошы, ён задумаўся над тым, як іх лепш выкарыстаць. “Закапай у зямлю”, — параіў кот Базіліа. “Купі аўтамабіль”, — прапанавала ліса Аліса. “Схавай грошы дома”, — сказаў сабака Артэмон. “А я думаю, што лепш за ўсё пакласці грошы ў банк”, — параіла Мальвіна. Чыю прапанову варта прыняць і чаму?”

Зрабіць эканоміку зразумелай дапамагае чытанне мастацкай літаратуры. Казка — літаратурны жанр з вялікімі дыдактычнымі магчымасцямі. Эканамічныя пытанні ў народных і аўтарскіх казках узнімаюцца ў выглядзе праблемных сітуацый. Вырашаючы іх, дзеці вучацца думаць, арыентавацца ў эканамічнай рэчаіснасці, праяўляць ініцыятыву, выказваць уласныя і прымаць чужыя меркаванні, рэалізоўваць творчы патэнцыял. Вельмі добра для гэтага падыходзяць творы А.С.Пушкіна “Казка пра рыбака і рыбку” і К.І.Чукоўскага “Тэлефон”, казкі “Сквапная старая”, “Іван-царэвіч і шэры воўк”, “Церам-церамок”, “Хаўрошачка”, “Марозка”).

Адной з цікавых форм эканамічнага выхавання з’яўляецца выяўленчая дзейнасць. Маляванне — адзін з самых важных сродкаў пазнання і развіцця ведаў малодшых школьнікаў, бо яно звязана з самастойнай практычнай творчай работай. Падчас малявання ў дзяцей удасканальваюцца назіральнасць, эстэтычная ўспрымальнасць і мастацкі густ, развіваюцца творчыя здольнасці. Для малявання можна прапанаваць тэмы “Адкуль бяруцца грошы”, “Магія грошай”, “На чым можна сэканоміць?” і “Што такое эканоміка?”.

Эканамічныя настольныя гульні — выдатны спосаб развіцця дзіцячай логікі. Гуляючы, вучні рашаюць лагічныя задачы, выбудоўваюць ланцужок прычынна-выніковых сувязей, выбіраюць правільную стратэгію для атрымання максімальнага выніку. Эканамічная гульня — добры трэнажор для развіцця прадпрымальніцкіх здольнасцей. Дзеці аналізуюць сітуацыю, шукаюць эфектыўныя магчымасці заробку, кантралююць расходы і г.д. Сярод найбольш папулярных гульняў — “Фермер”, “Манаполія”, “Як стаць мільянерам” і “Грашовы паток”.

Эканамічнае выхаванне немагчыма без працоўнага, бо яно фарміруе правільныя адносіны да працы. На дапамогу прыходзяць гульні “Майстэрня гульняў” і “Лечым кніжкі”. Дзецям падабаюцца экскурсіі на прадпрыемствы, сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій.

Надзея КУНІЦКАЯ,
выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.